Родныя, але розныя. Сястра прапагандысткі Эльвіры Мірсалімавай: Яна пайшла іншай сцежкай

Учора фонд салідарнасці «BYSOL» паведаміў, што эвакуяваў з Беларусі сястру вядомай віцебскай прапагандысткі Крысціну Мірсалімаву. Аказалася, што ўжо шмат гадоў яны жывуць па розныя бакі лініі фронту: Эльвіра — за «рускі свет», «Крымнаш» і Лукашэнку, Крысціна — супраць.

Крысціна Мірсалімава каля амфітэатра, Віцебск, жнівень 2020 года. Фота: «Віцебскі кур'ер»

Крысціна Мірсалімава каля амфітэатра, Віцебск, жнівень 2020 года. Фота: «Віцебскі кур'ер»

Сястра вядомай прыхільніцы «рускага свету» з Віцебска Эльвіры МірсалімавайКрысціна ў 2020-м падтрымала пратэсты. Выходзіла на маршы, пісала палітвязням, насіла перадачы ў СІЗА. Тое, што тры з паловай гады яна працягвала знаходзіцца ў краіне і пасля выбараў, беларуска лічыць сваім дасягненнем. Але 23 студзеня гэтага года і ў яе дзверы патэлефанавалі сілавікі, а пазней завялі крымінальную справу. Нядаўна жанчыну тэрмінова эвакуявалі з краіны. Цяпер яна знаходзіцца ў сваякоў у Германіі і спрабуе зразумець, што далей. Як выйшла, што родныя сёстры кардынальна разышліся ў поглядах і якія цяпер у іх адносіны, Крысціна расказала «Зеркалу».

Крысціне 36 гадоў. У 2019-м, калі не стала таты, яна жыла ў Віцебску, дапамагала маме і выхоўвала сабаку Куртыка. Чалавек яна, здаецца, вельмі пазітыўны. На днях жанчына прыехала да сваякоў у Германію. Кажа, ёй крыху прасцей, чым многім з тых, хто быў вымушаны бегчы з Беларусі праз палітыку.

— Я падстрахаваная ў тым плане, што, пакуль не ўладкую жыццё — знайду працу, легалізуюся, — мне ёсць дзе жыць, што есці, — кажа яна.

Рэчаў і грошай яна з сабой узяла мінімум, таму жартуе, што ў +27°С давялося хадзіць у зімовых ботах. Аднак беларуска ўпэўненая: галоўнае — каб было ў парадку фізічнае і псіхалагічнае здароўе, астатнія праблемы вырашальныя.

«Крымінальная справа звязаная з дапамогай, якую я аказвала палітвязням»

— Мяне затрымалі 23 студзеня. Прыйшлі дадому, забралі тэлефон і адразу павезлі да сябе — у КДБ Віцебска, — распказвае Крысціна. — У машыне я сядзела ззаду, супрацоўнікі — спераду. Па дарозе яны спецыяльна на ўсю моц ўключалі песню пра «вагнераўцаў». Нешта: «Вагнера, вагнера». А калі я прыціскалася, каб абстрагавацца ад стрэсу, яны рэзка прытармажвалі або ехалі зігзагам, парушаючы ўсе правілы дарожнага руху. Гэта іх забаўляла. Так было і на шляху ў КДБ, і потым, калі праз некалькі гадзін вярталіся на ператрусы ў кватэры, дзе я прапісаная і жыву.

— У кабінеце, куды вас прывялі, вісела Z-сімволіка?

— Не, толькі дзяржаўная. У маім тэлефоне яны знайшлі «экстрэмісцкія» матэрыялы, якія я даслала ў прыватны чат, і я трапіла ў ІЧУ на 15 сутак. Пакуль там сядзела, мяне наведала адвакатка і паведаміла, што на мяне завялі крымінальную справу паводле арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пазней мяне выклікалі з камеры ізалятара, прывялі ў кабінет, дзе чакалі адвакатка і следчы. Пачаўся допыт, я праходзіла як падазраваная. Крымінальная справа была звязаная з дапамогай, якую я аказвала палітвязням. Перш за ўсё — невялікія грашовыя пераводы. А яшчэ я бачыла ў іх паперы, якія пацвярджалі, што я насіла перадачы ў СІЗА Віцебска.


Глядзіце таксама

Пашанцавала, што пасля сутак мяне выпусцілі з ІЧУ, але крымінальная справа ўсё ж вялася. На другім допыце далі падпіску аб нявыездзе. Яны бачылі мае банкаўскія рахункі, але там нічога падазронага не знайшлі. Прынамсі, яны гэтага не агучвалі. Пыталіся, што за грошы на пераводы, адкуль яны ў мяне. Я праўдзіва адказвала: «Мае, сама зарабіла». Пераводзіла я па дзесяць, дваццаць рублёў. Рабіла гэта, хутчэй, каб маральна падтрымаць, а не матэрыяльна. Некалькі гадоў я пісала палітвязням, але ў нейкі момант зразумела, што я быццам бы ў «чорным спісе». Ведала, што перапіску палітвязняў абмяжоўваюць роднымі і сваякамі, але час ад часу да іх прарываліся лісты ад сяброў і знаёмых. На жаль, не ад мяне. Таму выбрала шлях грашовых пераводаў.

— Ці тлумачылі вам, што дрэннага ў пераводах?

— Калі мы з адвакатам пра гэта спыталі, следчы адказаў: «Мы пакуль правяраем. Раптам усё будзе добра, Здымем з вас падазрэнні». Але, калі шчыра, мае пераводы — дробязь у параўнанні з тым, колькі перадач я насіла за свае ж грошы. Разумела, што калі дойдзем да гэтага пытання, то ціск можа стаць мацней.

Акрамя таго, у дзень затрымання ў мяне прайшло два ператрусы. Канфіскавалі тэхніку — два камп'ютары і тэлефон. Да трэцяга допыту экспертыза ўжо была гатовая, але следчы не паспеў яе паглядзець. Я думала, што нават калі не пайду па 361-м артыкуле, то, маючы мае паролі, раптам яны знойдуць нешта, што можа сапсаваць мне жыццё, — здымак, скрыншоцік. Тады ж убачыла памер сваёй тэчкі. Яна была настолькі вялікая, што, ведаючы пра «справу "Е-дастаўкі"» (тады да палітвязняў і іх родных прыходзілі праз прадукты, якія людзі атрымлівалі ад валанцёраў. Заўв. рэд.), перапытаў, ці па ўсіх людзях тэчка. У адказ пачула: «Гэта ўсё ваша».

Адчувала, што кола вакол мяне сціскаецца. Наперадзе 2025 год, таму маё затрыманне — гэта пытанне некалькіх месяцаў. Я магла рызыкнуць і застацца дома, побач з мамай і сабакам, але калі б апынулася ў турме, было б горш для ўсіх.

— Разумееце, чаму яны адпусцілі вас з ІЧУ, калі крымінальная справа ўжо была заведзеная?

— Для мяне гэта быў цуд. Чаму яны так зрабілі? Магу толькі тэарэтызаваць. Мабыць, гэта іх звычайная тактыка, каб выціскаць нас з краіны, бо пашпарт мне тады пакінулі, а падпіску аб нявыездзе далі праз тыдзень.

Дарэчы, у той момант адбылася страшная і адначасова смешная гісторыя. Літаральна за дзве гадзіны да заканчэння тэрміну на мяне надзелі кайданкі і з рэчамі вывелі з камеры. Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС Віцебска забралі мяне ў «апорку». Думала, усё, я тут надоўга, але аказалася, што яны пераблыталі мяне з сястрой. Высветлілася гэта ў кабінеце, калі спыталі: «Мірсалімава Эльвіра Эльдараўна?» Кажу: «Не». Паказваюць яе тэлеграм-канал: «Ваш?» Адказваю: «Не». Яны нічога не разумеюць, я таксама. Удакладняю: «Я Крысціна Эльдараўна, Эльвіра — мая сястра». Аказваецца, яны хацелі пагаварыць з ёй. Даведаліся, што чалавек з такім прозвішчам у ІЧУ, і зрабілі выклік, каб мяне прывезлі.

Міліцыянт патэлефанаваў маме, спытаў, ці побач Эльвіра Эльдараўна. Мама перадала сястры тэлефон. Папрасілі яе не сыходзіць, сказалі, пад'едуць. Мне таксама трэба было туды. Удакладніла, ці вызваляць мяне. Яны адказалі: «Так, а што нам застаецца». Кажу: «Тады, хлопцы, падкіньце дадому, раз туды едзеце». І мы паехалі да мамы. Мяне пакінулі, а сястру забралі.

— Як мама на гэта адрэагавала?

— У нас ва ўсіх тады быў шокавы стан.

— Ці паспелі вы з сястрой хоць нешта сказаць адна адной?

— Не, усё было даволі хутка. Магчыма, сястра не думала, што яе забяруць (Эльвіра правяла ў ІЧУ двое сутак. Заўв. рэд.). Але потым я зайшла да яе на суд. Працэс павінен быў пачацца пасля абеду, я прыйшла падчас перапынку. Эльвіра і іншыя людзі чакалі, міліцыянты былі побач. Я падышла, спытала, як яна, ці трэба нешта перадаць. Сястра адказала: «Усё добра». Выбачылася, што не змагу прысутнічаць, сказала, што мы патэлефануем і даведаемся вынік.


Глядзіце таксама

Не засталася, бо хвалявалася за сябе. Разумела, што гэта, напэўна, небяспечна — ісці ў суд Чыгуначнага раёна, майго раёна. Асабліва калі незразумела, што са мной. Пакуль сядзела ў ІЧУ, міліцыянты прыходзілі па мяне на мамін адрас. Гэта было перад 25-м чыслом (25 лютага 2024-га прайшоў адзіны дзень галасавання. Заўв. рэд.). Мяне, відаць, затрымліваў КДБ. Напэўна, гэтыя органы не вельмі кантактуюць, бо не ведалі, што я ў іх, і шукалі.

«Доўгі час мы неяк спрабавалі з гэтым жыць. У нас розныя пазіцыі, але мы можам сядзець за адным сталом»

— Ваша сястра — вядомая прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава, якая лічыць Сталіна «вялікім дзеячам гісторыі» і прапануе паставіць яму помнік, а БЧБ-сімволіку называе «нацысцкай». Вы ж былі сярод тых, хто накідваў на плечы бел-чырвона-белы сцяг. Улічваючы вашу розніцу ў поглядах, раскажыце пра сям'ю, у якой вы раслі.

— Мы не этнічныя беларусы. Мама — кубанская казачка, тата — напалову узбек, але выйшла так, што амаль усё жыццё непасрэдна нашай сям'і прайшло ў Віцебску. Нас тры сястры: старэйшая Ніна, сярэдняя Эльвіра і я. Мы не выхоўваліся ў беларускамоўным асяроддзі, але ў нас была павага да беларускай культуры, мовы. Мае бацькі былі больш сканцэнтраваныя на расійскай культуры, класіцы і рускай мове. Мне здавалася (і я ўпэўненая, што так і было), мы ўсе ў адным кірунку глядзім, напрыклад, на тое, што тычыцца савецкага рэжыму, сталінскага тэрору. З дзяцінства памятаю, у нас на паліцах стаяла серыя кніг Аляксандра Салжаніцына. Як бы да яго ні ставіліся за яго апошнія погляды, але як толькі дарасла да «Архіпелага ГУЛАГ», я прачытала гэтыя кнігі. І ўсе мы (гаворка пра сясцёр. Заўв. рэд.) прачыталі і былі згодныя: гэта жудасныя часы і ўсё, што там адбывалася, няправільна.

Напрыканцы 1990-х мама занялася актыўнай грамадскай дзейнасцю, развівала скаўтынг у Віцебску (у першай палове 2000-х яна была кіраўніцай YMCA Віцебска.Заўв. рэд.). Мы з сёстрамі знаёміліся з людзьмі з розных гарадоў і краін, сталі часткай YMCA. У нашым жыцці пачаліся паходы, беларускія песні, трэнінгі, нефармальная адукацыя. Гэта было вельмі незвычайна і цікава.

Палітыку ў сям'і мы не абмяркоўвалі, але ўсе ўсё разумелі. Ужо ў 2000-х у нас не было павагі да Лукашэнкі, не памятаю, каб мы за яго галасавалі. У 2006-м я ўпершыню ўдзельнічала ў выбарах. Тады сёстры ўжо з'ехалі з дому, і толькі я жыла з бацькамі. Памятаю, раніцай уключыла на ўвесь гук «Я нарадзіўся тут» (кампазіцыя Лявона Вольскага.Заўв. рэд.). Пад гэтую песню мы ўтрох сабраліся і паехалі на ўчастак. А ў 2011-м я ўдзельнічала ў маўклівых пратэстах.

Мы не адразу зразумелі, што ёсць праблема з Пуціным. Скажам так, я дакладна гэтага не разумела. Калі ён толькі прыйшоў да ўлады, то выглядаў вельмі рэспектабельна, у адрозненне ад папярэдняга прэзідэнта. А потым наступіў 2014 год, і нешта пайшло не так. Эльвіра і бацька падтрымалі далучэнне Крыма, а мы са старэйшай сястрой былі на другім баку.


Глядзіце таксама

Мне здаецца, чалавек не адразу становіцца прыхільнікам пэўнай ідэі. Ёсць нейкая скрыжаванне, з якога ты пачынаеш паволі ісці ў пэўны бок. Мы са старэйшай сястрой заўсёды рабілі больш крокаў у беларускасць, у разуменне таго, што адбываецца з нашай краінай, у тым ліку ў прыналежнасці да Расіі. Эльвіра пайшла іншай сцежкай.

— Чым займаецца ваша старэйшая сястра?

— Яна анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Апантаная сваёй справай. Каб развівацца ў прафесіі, яна мэтанакіравана вывучала нямецкую мову і ў 2021-м з'ехала ў Германію. Цяпер я ў яе.

— Пасля 2014-га, калі стала зразумела, што вашы з Эльвірай погляды разыходзяцца, як складваліся вашы адносіны?

— Насамрэч я магу быць даволі талерантным чалавекам, слухаць аргументы іншых. Доўгі час мы неяк спрабавалі з гэтым жыць. Окей, пазіцыі розныя, але мы можам сядзець за адным сталом, быць сям'ёй, бачыцца адна з адной. Я пазбягала палітычных размоў, прапанавала не дакранацца гэтых тэм, не пераконваць мяне ў сваёй пазіцыі і не спрачацца. Але з іншага боку адчувала супраціў: «Давайце пагаворым». Мне здаецца, у 2015-м ці на пачатку 2016-га гэта стала для мяне невыносным. Памятаю, як даволі ўльтыматыўна сказала Эльвіры (я была ў яе ў гасцях): «Ці мы не гаворым пра палітыку, ці я больш не кантактую з вамі». Пазіцыя сястры — альбо ты прымаеш мяне з гэтым, альбо не. Я адказала: «Прабач». З тых часоў мы ўсё больш аддаляліся.

— А з татам?

— З татам стала складаней, але мы нармальна размаўлялі. Да 2015-га я яшчэ жыла ў бацькоўскай кватэры. Спрэчак, вядома, было больш. Мы пачыналі разыходзіцца па дробязных пытаннях, якія не датычыліся палітыкі. Я, напрыклад, з'ездзіла на стажыроўку ў Штаты, хацела расказаць, як я нечаму навучылася, убачыла вялікія гарады, а яму гэта было нецікава слухаць, яго тэма ЗША, дэмакратыі раздражняла. Было вельмі крыўдна, што не хочуць чуць аповед аб маім падарожжы (усміхаецца).

— Вы не спрабавалі іх з Эльвірай пераканаць у сваёй пазіцыі?

— Не (усміхаецца). Я не ведаю, што такога магу сказаць людзям, каб іх пераканаць. Адна справа, калі не хапае інфармацыі, але яна ёсць. А іншая — калі недастаткова аргументаў, але і яны ёсць, і іх чуюць. У мяне адчуванне, што гэта нейкі псіхалагічны выбар, які мацней за ўсё. Я не адчуваю ў сабе сіл нікога пераконваць, а тым больш блізкіх. Тут мне не хапае яшчэ і эмацыйнай стабільнасці, бо з роднымі ты выходзіш на вельмі эмацыйны ўзровень: «Ну як жа ты гэтага не разумееш? Як можаш падтрымліваць тое і тое?» Для мяне гэта mission impossible (невыканальная місія.Заўв. рэд.).

— Што адчуваеш, калі праз палітыку губляецца сувязь з сястрой? Па тым, як вы пра яе расказваеце, мне здалося, што да 2014-га ў вас былі добрыя адносіны.

— Так, добрыя, я і цяпер яе вельмі люблю. Шмат гадоў мы амаль не размаўлялі, быў час, калі зусім не бачылі і не чулі адна адну. У 2019-м, калі памёр тата, мы сустракаліся ў бальніцы і падчас пахавання. Неяк размаўлялі. Апошнім часам, пакуль я была ў ІЧУ, яна дапамагала маме, жыла з ёй і нават выгульвала майго сабаку. Я Эльвіры за гэта вельмі ўдзячная. Апошнім часам, як мне здаецца, мы пагаварылі больш, чым за некалькі астатніх гадоў.

Уся гэтая сітуацыя — вялікае гора на самой справе. З майго боку (не ведаю, як у яе) было праліта шмат слёз, таму што ты проста сумуеш па сястры. Зразумела, у дзяцінстве могуць быць сваркі, бойкі, але шмат часу мы правялі ў адной арганізацыі, хадзілі ў паходы, удзельнічалі ў фестывалях, праходзілі праз выпрабаванні. Нас звязваюць агульныя ўспаміны, для мяне яны вельмі цёплыя. Часам мне яе вельмі не хапае, я памятаю Эльвіру радасным чалавекам, з добрым пачуццём гумару. Здаецца, мяне захейцяць пасля гэтага артыкула, але як ёсць.

Цалкам вялікае інтэрв'ю з Крысцінай Мірсалімавайможна прачытаць тут.

Падтрымаць збор для актывісткі на BYSOL.