«Расатам» — не толькі пра атам: як атамная карпарацыя нясе «рускі мір»
Расейская дзяржкарпарацыя «Расатам», уключаючы яе даччыныя кампаніі — гэта далёка не звычайная бізнэс-структура. Яна ўбудаваная ў дзяржапарат Расеі. І менавіта таму «Расатам», абапіраючыся на пабудаваныя або мадэрнізаваныя ім па-за межамі Расеі атамныя электрастанцыі займаецца пашырэньнем уплыву Расеі і распаўсюдам агрэсіўнае сутнасьці «русского міра». У тым ліку — ў Беларусі.
Прыкметнай датай у працэсе такога арганізаванага распаўсюду можна лічыць чэрвень 2016 года, калі на выставе «Атомэкспо-2016» у Маскве быў прадстаўлены сумесны праект кампаніі «Расатам» і агенцыі «Россотрудничество» па стварэньні адукацыйнае сеткі палілінгвальных школаў у краінах, дзе існуюць або плянуюцца АЭС.
Пазьней, у сьнежані 2016 года, прэс-служба «Расатама» заявіла, што «Расатам» і «Россотрудничество» выясьняюць магчымасьць стварэньня школаў з выкладаньнем расейскае мовы ў краінах, дзе будуць будавацца АЭС на падставе расейскіх тэхналёгіяў. Гэтая заява была зробленая ў сувязі з тым, што 20 сьнежаня 2016 года кампанія «Расатам» атрымала прэмію расейскага дзяржаўнага інстытута імя Пушкіна, якая даецца за ўнёсак у распаўсюд, выкладаньне або вывучэньне расейскае мовы ў сьвеце.
У згаданай заяве прэс-службы цытуюцца словы прэзідэнта адной з даччыных структураў «Расатама», кампаніі «Русатом — Международная сеть» Аляксандра Мертэна: «Росатам не просто строит АЭС или открывает центры ядерной науки и технологий. Мы закладываем основу для стратегического сотрудничества между Россией и странами-партнерами на десятилетия вперед. Долгосрочные проекты в атомной сфере дают отличную возможность для развития гуманитарных связей между странами, для популяризации русского языка, российской науки и культуры за рубежом».
А ў сакавіку 2017 года тыя ж «Расатам» і «Россотрудничество» ў гатэлі на Кіпры прэзентавалі праект міжнародных палілінгвальных лагераў. Як было сказана, такія лагеры будуць мець на мэце «далучэньне дзяцей да багатае расейскае навуковае і культурнае традыцыі».
Вось яшчэ цытата з прадстаўленьня праекта: «Особая роль в организации полилингвальных лагерей отводится изучению русского языка и знакомству с лучшими российскими образовательными практиками. Многогранная культура России и инновационные технологии призваны стать прочной основой налаживания межкультурной коммуникации детей из более чем 20 стран мира».
Для рэалізацыі праектаў «Расатама» ў Беларусі садзейнічаньня «Россотрудничества», як гэта назіралася ў іншых выпадках, не спатрэбілася — бо дамоўленасьці былі дасягнутыя напрамую з Астравецкім райвыканкамам. 12 верасьня 2019 года была падпісаная «Дарожная мапа супрацоўніцтва» паміж дзяржкарпарацыяй «Расатам» і Астравецкім райвыканкамам, у якую ўвайшлі праграмы «Школа Расатама» і «Тэрыторыя культуры Расатама».
А ўжо ў сьнежані 2019 года прадстаўнік «Расатама» ўручыў дірэктару астравецкае школы нумар 3 сэртыфікат на стварэньне так званага атамкласа ў рамках «Школы Расатама». Такія атамкласы да згаданага моманту існавалі толькі ў Расеі. Падчас урачыстага атрыманьня сэртыфіката дзецям, якія там прысутнічалі, раздалі сумкі і майкі з надпісам «Из России с любовью».
Увасьлед за Беларусьсю, у сакавіку 2021 года першы атамклас адчыніўся на акупаванай тэрыторыі Грузіі, у горадзе Сухумі. Там «Расатам» дамаўляўся з прадстаўнікамі марыянэтачнага «ўраду Абхазіі», а падчас адкрыцця прысутнічаў кіраўнік аддзяленьня «Россотрудничества» ў Абхазіі. Зараз такіх «атамкласаў» на акупаванай тэрыторыі Грузіі ўжо пяць. Так, там няма атамных электрастанцыяў, але ёсьць пансіянат «Літфонд» у горадзе Піцунда, які арэндуе адна з даччыных кампаніяў «Расатама» — канцэрн «Росэнергоатом», і ў якім адпачываюць супрацоўнікі «Расатама».
А пасьля акупацыі Расеяй часткі Запароскае вобласьці Ўкраіны, у тым ліку Запароскае АЭС і горада Энэргадара, праграмы «Расатама» і атамкласы зьявіліся і там. У красавіку 2023 года прадстаўнікі кампаніі «Расатам» і створанай акупантамі «ваенна-цывільнай адміністрацыі» заявілі аб стварэньні такога класа.
На прыкладзе Энэргадара бачна, што ўяўляе зь сябе іншая праграма дзяржкарпарацыі «Расатам» — «Тэрыторыя культуры Расатама». У рамках гэтае праграмы ў лістападзе 2023 года ў акупаваным Энэргадары выступала расейская рок-група «Зверобой», рэпертуар якой практычна поўнасьцю накіраваны на апраўданьне і падтрымку ўзброенае агрэсіі Расеі. Вось некаторыя назвы песьняў: «Едуць, едуць БТРы», «Гэтыя русскія», «Мой Марыюпаль», «Высакародны Дон». А саліст гэтае рок-групы занесены на старонку «Міратворац» за перапраўку амуніцыі расейскім баявікам.
Са ўсяго апісанага вышэй можна зрабіць выснову, што, паводле лёгікі расейскае дзяржаўнае карпарацыі «Расатам», Астравецкі райвыканкам стаіць у адным шэрагу з акупацыйнымі і марыянэтачнымі адміністрацыямі на захопленых Расеяй тэрыторыях.
Прарасійская прапаганда — па ўсім свеце
Даўнімі партнёрамі карпарацыі «Расатам» у распаўсюдзе «русского міра» ў Эўропе зьяўляюцца структуры «Россотрудничества», а таксама падпарадкаванага МЗС Расеі «Координационного совета российских соотечественников» («КСОРС») у Вугоршчыне. Як вядома, менавіта ў Вугоршчыне «Расатам» будуе АЭС «Пакш-2» і мадэрнізуе ўжо існуючую АЭС «Пакш».
У складзе Дырэкцыі з камунікацыяў АЭС «Пакш» працуе старшыня КСОРС і кіраўніца «Русского клуба» ў горадзе Пакш Таццяна Керн. У 2020 годзе яна была ўзнагароджаная ганаровым знакам расейскае Ўрадавае камісіі па справах суайчыньнікаў за мяжой.
Таццяна Керн таксама ўваходзіць у Экспертную раду расейскага фонда «Асацыяцыя тэрыторыяў разьмяшчэньня атамных электрастанцыяў» («АТР АЭС»), празь які зьдзяйсьняецца рэалізацыя праграмаў «Расатама». У згаданай экспертнай радзе ўвогуле 4 з 7 чальцоў прадстаўляюць Вугоршчыну. Апроч Таццяны Керн, гэта мэры вугорскіх гарадоў побач з АЭС. Дарэчы, адным з астатніх трох зьяўляецца старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін.
У іншых краінах, дзе «Расатам» будуе або мадэрнізуе АЭС, гэтая карпарацыя разам з «Россотрудничеством» таксама разгортвае сваю нібыта культурніцкую дзейнасьць, пашыраючы «русскій мір». Але пакуль не настолькі маштабна, як у апісаных вышэй выпадках. Напрыклад, у Арменіі, дзе паводле дамовы з кампаніяй «Расатам» мадэрнізуюць Мецаморскую АЭС, «Россотрудничество» арганізуе паездкі дзяцей у палілінгвальныя лагеры.
Існуе толькі адзін вядомы выпадак, калі краіна адмовілася ад сумесных праектаў з расейскай дзяржаўнай карпарацыяй «Расатам» і спыніла ўсе так званыя культурна-адукацыйныя праграмы. Гаворка ідзе пра Фінляндыю. Дамовы, што тычацца праектаваньня і будаўніцтва АЭС у Фінляндыі, былі заключаныя паміж даччынымі кампаніямі «Расатама» і фінскай кампаніяй Fennovoima ў 2013 годзе, а ў 2015 годзе была пададзеная заяўка аб будаўніцтве ў фінскі ўрад. Прадстаўнікі ўраду Фінляндыі разгледжвалі заяўку доўга, меркавана жадаючы зьменшыць або ўвогуле выключыць рызыкі гэтага праекту. А ў траўні 2022 года кампанія Fennovoima скасавала кантракты з «Расатамом» у сувязі з паўнамаштабнай агрэсіяй Расеі супроць Украіны.
«Расатам» і «Россотрудничество» стараліся далучыць прадстаўнікоў Фінляндыі да сваіх «культурна-адукацыйных» мерапрыемстваў яшчэ з 2016 года. Адзін з палілінгвальных лагераў, прадугледжаных праграмай «Школа Расатама», праводзіўся менавіта ў Фінляндыі. У плянах «Расатама» было таксама стварэньне расейскамоўнае школы ў горадзе Калайокі недалёка ад АЭС. Але пачынаючы з 2019 года якія-небудзь публічныя згадкі пра «культурна-адукацыйныя» праекты «Расатама» ў Фінляндыі адсутнічаюць.
І прапагандысцкія падручнікі
У красавіку 2022 года карпарацыя «Расатам» правяла семінар для прадстаўнікоў так званых атамных гарадоў, мэтай якога была заяўленая распрацоўка метадаў уплыву культуры і адукацыі на фармаваньне «нацыянальных культурных каштоўнасьцяў». Прыкладамі, на якія абапіраліся арганізатары семінара, былі ўжо згаданыя праграмы «Школа Расатама» і «Тэрыторыя культуры Расатама». І як раз тады, ў красавіку 2022-га, сьвет пабачыў наступствы праяваў гэтых «нацыянальных культурных каштоўнасьцяў» у звольненых ад акупантаў украінскіх мястэчках Буча, Ірпінь і Барадзянка.
А ў другой палове 2023 года «Расатам» падрыхтаваў зборнік мерапрыемстваў «патрыятычнае накіраванасьці», якія праводзяцца ў «атамных» гарадах. Зборнік мае назву «Гісторыя Расеі — гісторыя перамогаў». Вось некаторыя з тых мерапрыемстваў:
- «патрыятычны квест «На Берлін»« (горад Сароў Ніжагародскае вобласьці);
- рэгіянальны сьлёт «Юнарміі» (горад Трохгорны Чалябінскае вобласьці);
- анлайн-марафон «Расея — назаўсёды!» (горад Наваўральск Свердлоўскае вобласьці). Адна зь яго задачаў сфармуляваная так: «знайсьці і далучыць да супрацоўніцтва партнёраў, накіраваных на ўзмацненьне патрыятычнага духу расейцаў праз распаўсюд расейскіх культурных каштоўнасьцяў і верагоднай інфармацыі аб Расеі».
Імаверна, што гэты зборнік можа зьявіцца на сталах вучняў атамкласаў па-за межамі Расеі, ў тым ліку ў Астраўцы. Калі ўжо не зьявіўся.
Бачна, што такая расейская дзяржаўная карпарацыя, як «Расатам», якая грае значную ролю ў гібрыднае агрэсіі Расеі супроць іншых краінаў, а таксама непасрэдна ўдзельнічае ў акупацыі Расеяй тэрыторыяў суседніх краінаў, заслугоўвае ўвядзеньня санкцыяў.
У сярэдзіне сакавіка 2024 года ў Кангрэсе ЗША адбыліся слуханьні на тэму ўвядзеньня санкцыяў супроць «Расатама» і адмовы ад пакупкі расейскага ядзернага паліва. Факт такіх слуханьняў — ужо добры знак, які паказвае, што сьвет пачаў разумець рызыкі залежнасьці ад «Расатама», таксама, як раней усьведаміў рызыкі залежнасьці ад «Газпрома» і пасьпяхова пазбаўляецца яе. Пры тым, што залежнасьць ад «Расатама» нясе большую небясьпеку, чым нават ад «Газпрома», і больш магчымасьцяў для расейскага шантажу.