Беларуская АЭС — падарунак для Расіі?
«Выгаду атрымлівае той, хто непасрэдна будуе АЭС, пастаўляе абсталяванне. І мы чуем, што «Расатам» гатовы пабудаваць у Беларусі і другую станцыю. Праблема ў тым, што пасля здачы аб'екта той, хто яго эксплуатуе, ужо не зарабляе», — гавораць эксперты на «Deutsche Welle».
Ва ўрадзе Беларусі заклапочаны тым, як павысіць спажыванне электраэнергіі ў краіне. У ліпені 2023 года быў запушчаны другі энергаблок БелАЭС у Астраўцы, але ніхто з суседзяў, уключаючы Расію, не спяшаецца заключаць кантракты з Мінскам на куплю электраэнергіі. Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што Беларусі патрэбна яшчэ адна атамная станцыя.
Абяцалі танную электраэнергію. А што на справе?
Спецыяліст аддзела энергетычнай бяспекі міжнароднай ініцыятывы «iSANS» Яўген Макарчук адзначае, што нават улады не гавораць пра эканамічны поспех Беларускай АЭС — «і гэта першы паказчык, што не ўсё ў парадку».
Для будаўніцтва гэтай АЭС Беларусь узяла ў Расіі крэдыт на сумуі10 млрд долараў. Паводле афіцыйных звестак, агульная сума выкарыстаных сродкаў склала 5,36 млрд долараў. Выдаткі на будаўніцтва пакрываюцца крэдытам на 90%, яшчэ 10% аплачвалі з бюджэту — гэта 536 млн, адзначаюць у «iSANS». Акрамя таго, для функцыянавання электрастанцыі спатрэбілася стварэнне дадатковай інфраструктуры: пікава-рэзервовыя крыніцы на выпадак аварыйнага спынення (515 млн долараў), электракатлы на выпадак перавытворчасці энергіі (190 млн долараў), лініі электраперадач і падстанцыі (237,3 млн долараў). У выніку кошт АЭС даходзіць амаль да 7 млрд долараў, і гэта без выдаткаў на будаўніцтва аўтамабільнай дарогі і чыгункі да станцыі.
Спецыялісты Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Акадэміі навук Беларусі лічаць, што акупнасць БелАЭС — прыкладна 15-20 гадоў, кіраўніцтва АЭС называла тэрмін у 19 гадоў. Незалежныя эксперты грамадскага аб'яднання «Экадом» адзначаюць, што станцыя акупіцца на працягу 60 гадоў пры ўмове адначасова высокіх цэн на ўранавае і газавае паліва. 60 гадоў — гэта праектны тэрмін эксплуатацыі АЭС.
У «iSANS» падлічылі, што вытворчасць электраэнергіі на АЭС каштуе па 6 цэнтаў за кілават-гадзіну, у той час калі на іншых станцыях можна вырабляць яе па 3,8. «Адпаведна, эканамічнай мэтазгоднасці станцыі няма, — тлумачыць у каментары «DW» Яўген Макарчук. — Выгаду атрымлівае той, хто непасрэдна будуе АЭС, пастаўляе абсталяванне. І мы чуем, што «Расатам» гатовы пабудаваць у Беларусі і другую станцыю. Праблема ў тым, што пасля здачы аб'екта той, хто яго эксплуатуе, ужо не зарабляе».
Эксперты папярэджвалі пра гэта ўлады яшчэ да будаўніцтва, заўважае расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, які ўдзельнічаў у антыядзернай кампаніі ў Беларусі. «Краіна добра сябе адчувае і без гэтай атамнай электрастанцыі, увод такога вялізнага аб'екта для невялікай эканомікі неабгрунтаваны. Гэта проста эканамічная авантура. Трэба было адмовіцца ад будаўніцтва, як у свой час Расія адмовілася ад АЭС у Калінінградскай вобласці, калі стала зразумела, што гэта проста нявыгадна», — адзначыў Ажароўскі.
Дырэктар даследчага цэнтра «BEROC» Леў Львоўскі мяркуе, што Беларусь і далей будзе спрабаваць прыцягваць расійскія крэдыты, у тым ліку для будаўніцтва другой АЭС. Дарэчы, тэрмін выплаты па ўжо дзеючым крэдыце двойчы падаўжаўся, апошні раз — на красавік 2024-га.
Што прапануюць улады?
Урад у Мінску прымае меры, каб павялічыць спажыванне электраэнергіі ў краіне. Паводле звестак Мінэнерга, агульны аб'ём у 2023 годзе дасягнуў 41 млрд кілават-гадзін, і хоць за год рост склаў 6,29%, ён усё ж не дацягнуў да чаканняў улад — 43,219 млрд кілават-гадзін. Праектная магутнасць БелАЭС — 18 млрд кілават-гадзін электраэнергіі ў год, гэта значыць больш за 40% спажывання краіны. Аднак пакуль за час сваёй эксплуатацыі станцыя выпрацавала ўсяго 20,7 млрд кілават-гадзін. Гэта звязана з працяглымі спыненнямі першага рэактара і запускам другога ў ліпені 2023-га.
Паводле прагнозаў Мінэнерга, да 2030 года Беларусь павінна выйсці на 47 млрд кілават-гадзін. Якія меры прапануюць улады? Па-першае, мадэрнізацыя электрасетак у больш чым 1500 населеных пунктах, дзе можна будзе перайсці на выкарыстанне электрычнасці для падагрэву вады і ацяплення. Па-другое, стварыць умовы для майнінгавых цэнтраў. Па-трэцяе, больш электрычнага транспарту.
Эксперт «iSANS» лічыць, што ўлады думаюць у правільным кірунку: пераход на электрычны транспарт — сусветная тэндэнцыя, якая скарачае выкіды парніковых газаў, паляпшае якасць паветра. «Аднак электрамабілямі будзе цяжка выраўнаваць сітуацыю. У Беларусі праблема з балансам энергіі не ў цэлым, а ўначы, у гэты час кіроўцы неахвотна ставяць свае машыны на зарадку, — тлумачыць Яўген Макарчук. — Акрамя таго, электробусы і электрамабілі значна даражэйшыя за звычайныя аўто, асабліва ў сегменце б/у. Таму планы ўлад павінны быць звязаны з павышэннем узроўню даходу насельніцтва, чаго пакуль не назіраецца».
Пачаўшы будаўніцтва АЭС, улады разлічвалі на экспарт электраэнергіі, перш за ўсё, у краіны Балтыі. Аднак у 2020 годзе Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся не купляць беларускую электраэнергію. Украіна таксама не разглядае супрацоўніцтва з Мінскам.
Улады РБ разлічвалі на Расію — і такія абяцанні ад Дзярждумы гучалі, аднак у кастрычніку мінулага года намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Снікарс іх зняпраўдзіў. Паводле слоў чыноўніка, Расія не мае намеру спыняць свае атамныя станцыі ў цэнтральнай частцы краіны, каб спажываць электраэнергію з Беларускай АЭС. Тым больш расійская электраэнергія каштуе танней.