БелАЭС мае шмат праблем

І вырашаць іх, гледзячы па ўсім, улады не збіраюцца, піша «Настоящее время».

aes_12_logo_1_logo.jpg.webp

Улады Беларусі абавязалі прадпрыемствы павялічыць спажыванне электрычнасці ў сувязі з запускам Беларускай АЭС. У пастанове гаворыцца, што шэраг кампаній, у тым ліку прыватных, каб спажываць больш энергіі, павінны пабудаваць новыя аб'екты інфраструктуры або асвоіць новыя тэхналогіі вытворчасці. Так беларускія ўлады спрабуюць забяспечыць працу аднаго з самых дарагіх і маштабных праектаў Аляксандра Лукашэнкі.

На беларускай АЭС вясной 2023 года запусцілі другі энергаблок, нягледзячы на пратэсты суседняй Літвы. Станцыя знаходзіцца ўсяго за дваццаць кіламетраў ад мяжы і за пяцьдзясят кіламетраў ад Вільні. Атамную электрастанцыю ў Астраўцы будаваў «Расатам» на крэдытныя грошы, якія дала Беларусі Расія. У СМІ неаднаразова з'яўляліся паведамленні пра розныя інцыдэнты на АЭС як падчас будаўніцтва, так і пасля яе запуску. У снежні «Bloomberg» пісаў, што ў 2022 годзе запуск другога энергаблока быў адкладзены «Расатамам» праз «загадкавую і надзвычай рэдкую праблему». Паводле звестак амерыканскага інфармацыйнага агенцтва, у першы контур другога энергаблока трапіла іонаабменная смала, што магло прывесці да аварыі на станцыі.


Глядзіце таксама

«Траплянне іншых хімічных рэчываў, акрамя вады, у першы контур — гэта даволі сур'ёзнае парушэнне. Гэта не выкід у навакольнае асяроддзе, вядома, не, але гэта падзея — папярэднік. Я мяркую, што яны з гэтай праблемай разабраліся, але паверце, у іх мноства іншых праблем», — кажа фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Праблемы, пра якія напісалі журналісты «Bloomberg», на думку Андрэя Ажароўскага, хутчэй за ўсё, сталі прычынай пераносу запуску другога энергаблока Астравецкай АЭС. І гэта не першы раз, калі на станцыі адбываюцца пазаштатныя сітуацыі. Так, у ліпені 2016 года з чатырохметровай вышыні ўпаў корпус рэактара: з Расіі давялося везці новы, але і яго ў снежні таго ж года пашкодзілі пры транспарціроўцы. «Да пытання аб якасці будаўніцтва расатамаўскіх энергаблокаў астравецкі блок дае добрую ілюстрацыю. Няма там якасці! Там ёсць разгільдзяйства ў велізарнай колькасці. Пакуль не прывяло да катастрофы, але ходзяць на мяжы», — кажа Ажароўскі.

Беларускую атамную станцыю ў Гродзенскай вобласці ў 2011 годзе пачала будаваць кампанія «Расатам». Грошы на будоўлю бралі ў крэдыт у Масквы. АЭС знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Вільні, яе нават відаць з тэлевежы літоўскай сталіцы. Да Мінска ад АЭС — 125 кіламетраў. Праз шматлікія парушэнні і нядопуск незалежных назіральнікаў на беларускую атамную станцыю Літва неаднаразова выступала супраць будаўніцтва. Вільня папярэджвала, што не будзе купляць энергію ў беларусаў. Калі на станцыі паведамілі пра пачатак прамысловай эксплуатацыі другога энергаблока, улады Літвы выступілі з пратэстам:

«Беларусь працягвае ігнараваць просьбы міжнароднай супольнасці вырашыць у гэтым небяспечным ядзерным праекце ў першую чаргу пытанні бяспекі. БелАЭС у Астраўцы ўяўляе вялікую пагрозу для ўсёй Еўропы. Літва настойвае на спыненні працы першага і другога энергаблокаў Беларускай АЭС да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні бяспекі».


Глядзіце таксама

У Мінску не раз заяўлялі, што пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю маюць намер забяспечваць таннай энергіяй не толькі ўнутраны рынак, але і прадаваць яе за мяжу. На думку эканамічнай аглядальніцы Вольгі Лойка, у Мінску першапачаткова памыліліся ў ацэнцы рынкаў збыту: «Узнікаюць вялікія пытанні, куды мы гэта будзем дзяваць? Тым больш што ёсць санкцыі ў дачыненні да нашых энергаёмістых галін. Дапусцім, калі б наш Беларускі металургічны завод быў на ўздыме, калі б наша хімічная прамысловасць, вытворчасць угнаенняў былі б на ўздыме, заваленыя замовамі, то чаму не? Але ўсяго гэтага не здарылася».

Пакуль жа беларускія ўлады працягваюць гаварыць пра эфектыўнасць БелАЭС для краіны. А крытычныя заўвагі называюць «наўмыснымі правакацыямі». На сустрэчы з дзяржаўнымі карэспандэнтамі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч расказаў, што цяпер разглядаюцца «розныя пытанні» аб будаўніцтве другой атамнай станцыі ці трэцяга энергаблока на АЭС у Астраўцы.