Падобна, касманаўтка Васілеўская — звычайная турыстка. Вось што пра гэта сведчыць

Беларуская Марына Васілевіч на 14 дзён злётала ў космас — наа расійскім караблі і за расійскі кошт. Лукашэнкаўская прапаганда ў сувязі з гэтым распачала актыўную кампанію, пераконваючы беларусаў, што «космас — наш» і што цудоўная ўлада пад кіраўніцтвам мудрага кіраўніка скарыла касмічную прастору. Але, як выявілася, усё не зусім так. Ці зусім не так.

p9v40t5n10u3g66jfbnrqutmmpeohvkc.jpg

«Наша Ніва» піша, што ў фільме «Цяжкі шлях у космас», які Белтэлерадыёкампанія прысвяціла палёту першай беларускі ў космас, агучваецца цікавы факт: звычайна на падрыхтоўку касманаўта трэба 5-7 гадоў, пры гэтым Марыну Васілеўскую падрыхтавалі ўсяго за 6 месяцаў. Як жа ж так атрымалася?

Калі дзяўчына без профільнай адукацыі сапраўды засвоіла праграму ў 10-14 разоў хутчэй, чым тыя, хто зараз на МКС, дык, можа, яе варта было пакінуць працаваць у касмічнай сферы?

Але, здаецца, усё тлумачыцца проста: Марыну рыхтавалі не як сапраўдную касманаўтку, а як касмічную турыстку. На сайце «Галоўкосмаса» (камерцыйны аператар «Раскосмаса») можна знайсці рэкламу камерцыйных палётаў на МКС.


Скрыншот сайту glavkosmos.com

Скрыншот сайту glavkosmos.com

Ёсць два варыянты праграмы: базавая і дадатковая. Базавая ўключае ў сябе медыцынскае абследаванне, курс падрыхтоўкі на аснове індывідуальна распрацаванай праграмы на базе «Цэнтра падрыхтоўкі касманатаў ім. Гагарына», палёт на МКС на борце касмічнага карабля «Саюз МС», знаходжанне на МКС (адзначана, што стандартны тэрмін знаходжання там 10 дзён, але ён можа быць павялічаны, калі заказчык захоча), прызямленне ў Карагандзе (праца пошукава-выратавальных службаў уключаная ў кошт) і пасляпалётная рэабілітацыя.

Каб касмічны турыст не засумаваў на МКС, спецыялісты загадзя распрацоўваюць для яго індывідуальную праграму. Рэклама абяцае, што турыст стане часткай каманды і зможа паўдзельнічаць у сапраўдных навуковых эксперыментах — а потым, відаць, расказваць па тэлебачанні, што дапамагаў ствараць кефір для касманаўтаў.

У якасці прыемных бонусаў згадана магчымасць займацца спортам у бязважкасці, а таксама рабіць прыгожыя фота і дзяліцца імі анлайн.


Скрыншот сайту glavkosmos.com

Скрыншот сайту glavkosmos.com

У дадатковую праграму ўваходзіць трэніроўка ва ўмовах бязважкасці перад палётам, распрацоўка «гасцявога набору» касмічнага харчавання, знаходжанне на МКС да 30 дзён, выхад у адкрыты космас, распрацоўка і ўкараненне навуковай праграмы для выканання на борце МКС.

Дарэчы, для касмічных турыстаў патрабаванні па здароўі значна ніжэйшыя, чым для касманаўтаў. Бо разлічваецца, што касманаўт павінен будзе адпрацаваць у космасе працяглы перыяд часу, плануецца да 6 палётаў. Турыст жа, хутчэй за ўсё, злятае ўсяго адзін раз, дый на невялікі прамежак часу. Хаця, напрыклад, кіраўнік і заснавальнік кампаніі Intentional Software Чарльз Сімоні двойчы злятаў у космас за свой кошт.


Глядзіце таксама

Дык колькі ж каштуе паўтарыць шлях Марыны Васілеўскай? На сайце «Галоўкосмаса» прэйскуранту няма. Але ў 2021 годзе расійскі сайт РБК прыводзіў словы Сяргея Касценкі, які на той момант быў кіраўніком прадстаўніцтва кампаніі Space Adventures у Расіі (спецыялізуецца на прыватных палётах у космас і супрацоўнічае з «Раскосмасам»): «Кошт такі ж, як усюды — у раёне 50 мільёнаў даляраў, плюс-мінус такі кошт».

Ён таксама адзначыў, што канкурэнцыя з кампаніяй Ілона Маска SpaceX ніяк не адбілася на колькасці ахвотных паляцець у космас на расійскіх караблях «Саюз»: «Маск аперыруе ў тых жа цэнавых дыяпазонах, таму прыкладна ўсё каштуе аднолькава і ў Маска, і ў нас».


Скрыншот сайту glavkosmos.com

Скрыншот сайту glavkosmos.com

Першым касмічным турыстам «Раскосмаса» стаў амерыканскі мультымільянер Дэніс Ціта. Ён здзейсніў палёт да МКС на расійскім «Саюзе», экспедыцыя доўжылася з 28 красавіка па 6 мая 2001 года. Падарожжа каштавала яму $20 мільёнаў. А Гі Лалібертэ, заснавальнік Cirque du Soleil, у 2009 годзе за свае касмічныя прыгоды заплаціў расійскай кампаніі ўжо $35 мільёнаў.

У 2023 годзе BBC пісала аб тым, што 10-дзённы касмічны водпуск на арбіце абыходзіцца ахвотным у 60 мільёнаў долараў.

Але трэба адзначыць, што ніводнага з касмічных турыстаў на айчыне не прызнавалі героем. І нават не вазілі да Пуціна, каб паслухаць, як той па тэлефоне размаўляе з сям'ёй аленяводаў.