Дракахруст: Водгук у грамадстве на палёт у космас Васілеўскай быў вельмі слабы

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары «Филину» адказаў на пытанне, як беларусы адрэагавалі на палёт Марыны Беларускіх і прапагандысцкую істэрыю «космас — наш».

Фота energo.1prof.by

Фота energo.1prof.by

— Улады і прапаганда святкуюць палёт «першай касманаўткі суверэннай Беларусі». З іх матывамі і рэакцыяй на падзею ўсё больш-менш зразумела. А што можна сказаць пра грамадства ў цэлым? Ці мела гэтая гісторыя заўважны водгук?

З апытанняў мы ведаем, што ў беларусаў ёсць запыт на барацьбу з ростам цэнаў, напрыклад. На бяспеку — на фоне вайны ў суседзяў. Але ці патрэбны людзям вось гэты «космас — наш»? Бо цяжка зразумець, што на практыцы ад касмічнага турызму атрымае ўмоўны жыхар Капыля ці Верхнядзвінска.

— Маё меркаванне — водгук быў вельмі слабы. У тым ліку і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, якія лічаць, што ўсё робіцца слушна, што сістэма ў краіне правільная.

Але, на мой погляд, вось гэтая натужная, гучная кампанія вакол гэтага палёту — гэта такі дзіцячы комплекс хлопчыка, народжанага ў 1950-х. Які ў свае гады ўсведамляў той ажыятаж, выкліканы выкліканы палётамі ў космас у 1960-я.

Так, першы палёт чалавека ў космас, палёт Гагарына, быў сусветнай сенсацыяй. Гэта прадметам гонару, калі чалавек упершыню выйшаў у космас. Потым такім жа гонарам, і не толькі для ЗША, стаў момант, калі чалавек упершыню ступіў нагой на Месяц.

Потым у космас паляцелі сотні, калі не тысячы людзей. Беларусы ўжо там былі. Клімук, Кавалёнак, той жа Навіцкі, дарэчы, які родам з Беларусі. Для хлопчыка Сашы Лукашэнкі тыя падзеі, магчыма, сталі прычынай эйфарыі.

Але з тых часоў прайшло ўжо шэсцьдзясят гадоў. І таму, сёння ад гэтага нікому ні горача, ні сцюдзёна, як кажуць.  І тут можна прыгадаць, як у межах савецкага праекта ў космас лятамі цэлым касяком касманаўты з краінаў сацлагера. Палякі ляталі, чэхі, аднойчы мангольскі касманаўт паляцеў. Але ад гэтага ні Польшча, ні тагачасная Чэхаславакія, ні Манголія не сталі касмічнымі дзяржавамі.

І наколькі я памятаю, нейкага ажыятажу гэта не выклікала. Нават у сацыялістычнай Польшчы не было гэтага: «Вось наш паляк паляцеў у космас». Адмоўнае стаўленне гэта наўрад ці выклікала, але і ажыятажу — мы дасягнулі чагосьці неймавернага — наколькі я памятаю, не было. І наўрад ці гэта будзе ў Беларусі.

Я б тут звярнуў увагу на тое, што гэты палёт Васілеўскай у пэўным сэнсе тэставы. У тым сэнсе, што падзел стаўлення да яе палёту ў значнай ступені супаў з палітычным падзелам. Прыхільнікі Лукашэнкі, можа, і не падзяляюць гэты шалёны, штучны ажыятаж, якога ў іх у душы, можа, і няма, але — паляцела і добра, малайчына.

Зрэшты, з іншага боку ёсць таксама нейтральнае стаўленне. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» пісьменніца Святлана Курс адзначыла, што ніякай асаблівай шкоды ад гэтага няма, што нічога гнюснага Васілеўская не сказала. Хваліла Лукашэнку? Ну а што ты скажаш яму, калі ён цябе ў космас паслаў? Будзеш у твар яму пляваць? Зразумела, што будзеш казаць нейкія словы.

Цікава, што тая ж Васілеўская за 2020 год Лукашэнку не нахвальвала. Зразумела, што можа быць нейкая іншая сітуацыя, і яна яшчэ нешта скажа. Але гэтым разам я нідзе такога не бачыў. Проста «дзякуй, усё добра».

Зразумела, што акрамя ўсяго іншага, звышідэя ўсяго гэтага — паспрабаваць неяк «сшыць» беларускае грамадства. Бо яны, канечне ж, адчуваюць, што пасля 2020-га палярызацыя, супрацьстаянне ў грамадстве вельмі моцнае.

А таму, давайце мы прыдумаем нешта, што па ідэі павінна беларусаў неяк аб’яднаць. Космас — гэта ж чыстая справа. А вось і не, і гэта не спрацавала. То бок, не атрымалася выклікаць вялікі ажыятаж, і «сшыць» грамадства таксама не атрымалася.


Глядзіце таксама

Я бачу па фэйсбуку, як шмат хто ўспрымае гэтую падзею менавіта як палітычную, як піяр Лукашэнкі, спробу прасоўваць сябе, свой рэжым. І таму ставяцца негатыўна і да гэтага палёту, і да самой Васілеўскай. Якая пакуль ні ў чым асабліва грэшным не адзначылася, але і на яе праецыруецца гэты палітычны падзел.

Але вось гэтая надрыўная рэакцыя прапаганды, канечне, здзіўляе. Той жа Азаронак, які абяцае знішчыць любога, хто будзе казаць, што яна не першая беларуска ў космасе.

Ляталі ж Кавалёнак і Клімук. Ну так, тады незалежнай Рэспублікі Беларусь не было. Але іх з беларусаў ніхто не разжалуе. Так, можна сцвярджаць, што Васілеўская — першая жанчына ў космасе ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Але чаму гэта мае такое лёсавызначальнае значэнне? У рэшце рэшт, ракета была расійская, вучылі яе расійскія спецыялісты ў Расіі. Сказаць, што мы цяпер касмічная дзяржава?

Гэта як купіць кампутар ад Microsoft і казаць пры гэтым, што мы цяпер з’яўляемся буйной фігурай у міжнародным кампутарным бізнэсе. Не, вы проста купілі гэты кампутар. Microsoft — фігура, а вы — не.

Ізноў жа, тут многае нагадвае пра рэалізаваную мару дзяцінства. Вось не было ў кагосьці ў маленстве ровара, а моцна хацелася. І вось чалавек ужо дарослым мужыком нарэшце набывае яго. Можа, ён яму цяпер і непатрэбны, але купіў.

Так і тут, хлопчык Саша Лукашэнка бачыў, як ляталі ў космас Гагарын, Лявонаў, Церашкова. І гэта рэальна натхняла тады людзей. Гэта пасланне з ягонага дзяцінства. І сама гэтая кампанія напампоўвання ажыятажу вакол палёту — гэта штосьці адтуль, з чагосьці недаатрыманага ў дзяцінстве.