«І суседзі-дыктатары будуць зайздросціць. Галоўнае, каб не атрымалася, як у мінулы раз»

Для любой дыктатуры быць касмічнай дзяржавай — гэта вельмі добра, разважае Валерый Віктаровіч у Plan B. Усім дыктатурам вельмі дапамагае, калі ёсць вялікая ўсенародная мэта, якая адцягвае народ ад усялякай дробязнай бязладзіцы, кшталту адсутнасці грамадзянскіх свабод.

Малюнак з sparklogic.ru

Малюнак з sparklogic.ru

Нядаўна ўсенароднаабраны і прэзідэнтанароджаны зноў заклапаціўся лёсамі свайго няўдзячнага народа. Дакладней, той невялікай яго часткі, якой наканавана паляцець у космас. Лукашэнка падпісаў указ (ён часта так робіць), замацаваўшы правы, а заадно і абавязкі любога беларуса, якому пашчасціць стаць касманаўтам. І гэта, вядома, вельмі своечасова і правільна.

Бо ўжо наша выдатная краіна, у якой нават сапраўдных гор няма, адправіла ў космас свайго першынца — бортправадніцу Марыю Васілеўскую.

Этапы вялікага шляху

Нельга сказаць, што менавіта з гэтай падзеі пачнецца беларускі космас.

Уважлівыя чытачы памятаюць, што мы ўжо ўставілі сваю беларускую нагу ў касмічныя дзверы, калі запусцілі ў космас вавёрку. І не маленькую рудую жывёлу з пухнатым хвастом, а спадарожнік БелКА. Было гэта аж у 2012 годзе.

Ну, не тое, каб мы яго самі зрабілі, або самі адправілі ў беспаветраную прастору. Але спроба ўсё роўна была залічаная.

А цяпер — сапраўдны жывы касманаўт! Дакладней, касманаўтка (ох ужо гэтыя фемінітывы!) Разумееце маштаб? Пасля такога Беларусь канчаткова ўвойдзе ў лік гордых касмічных дзяржаў!

Глядзіце таксама

І гэта ўсё пра яго

І ўсё гэта дзякуючы мудраму кіраўніцтву адзінага годнага лідара. Для любой дыктатуры быць касмічнай дзяржавай — гэта вельмі добра.

Па-першае, гэта выдатна гучыць і надае самавітасці. А таксама ставіць нас на адну прыступку са Злучанымі Штатамі, Японіяй, Кітаем, Індыяй, Еўрапейскім Саюзам... З Расіяй таксама, але мы з ёй і так на адной прыступцы апошнім часам.

А па-другое, гэта эпахальнае дасягненне (запушчаны ў космас чалавек, а дакладней цэлая жанчына) будзе знаходзіцца максімальна далёка ад бягучых праблем рэжыму.

Усім дыктатурам вельмі дапамагае, калі ёсць вялікая ўсенародная мэта, якая адцягвае народ ад усялякай дробязнай бязладзіцы, кшталту адсутнасці грамадзянскіх свабод.

Гэта можа быць аднаўленне нейкай імперыі ў якіх-небудзь гістарычных межах, вялікая будоўля чаго-небудзь вялікага і важнага (хай нават не вельмі патрэбнага), перамогі дамарослых спартсменаў на міжнароднай арэне, а таксама гучныя эксклюзіўныя статусы накшталт ядзернай або касмічнай дзяржавы.

Нашаму правадыру дастаўся няўдалы народ. Мы зусім не ваяўнічыя. Таму ідэя аднаўлення Беларусі ў якіх-небудзь гістарычных межах нам чужая. Няхай гэта будзе нават Смаленск ці Вільня.

А вось вялікая будоўля была, так... Памятаеце, як скідваліся ўсёй краінай на будынак бібліятэкі, трапна празваны «Зоркай Смерці»? Добры праект, магутны. Праўда, нацыянальнага гонару Нацыянальнай бібліятэцы ў беларусах выклікаць так і не ўдалося. Помнік Скарыны валодае максімальна аляксандраморфнымі рысамі.

Спартсмены выступаюць усё горш і горш. Многія чамусьці за іншыя краіны. Зусім не ясна, у чым прычына, бо дзяржава ім усё дала.

Памятаю, адзін знаёмы баксёр распавядаў, як яны ехалі на спаборніцтвы. Федэрацыя бокса дала ім адзін набор экіпіроўкі на траіх. Хлопцы цягнулі жэрабя, што каму дастанецца — баксёркі, пальчаткі або трусы. Пра што гэта я? Так! Пра падставы для ўсенароднага нацыянальнага гонару.

Ядзерныя мошчы, якія ў нашай улады ці то ёсць, ці то іх няма, таксама не выклікаюць прыліваў патрыятызму за межамі вузкага кола абмежаваных генералаў. Бо зброю далі, а інструкцыю да яе ці кнопкі, на якую можна націскаць, — не.

Глядзіце таксама

І суседзі-дыктатары будуць зайздросціць

Таму застаецца космас.

Учора — спадарожнік. Сёння — касманаўт. Заўтра карысныя выкапні будзем здабываць на адваротным баку Месяца.

Мне здаецца, Кім Чэн Ын будзе зайздросціць нашым поспехам. Калі б яго ракеты маглі лётаць далей Японскіх выспаў, ён бы даўно запусціў пару паўночных карэйцаў у беспаветраную прастору. Але не зможа, бо ў яго няма такіх сяброў, як у нас.

Мы ж, абняўшыся са старэйшым братам, гэты космас асвоім у пяць хвілін, і ўсе адразу забудуць і пра санкцыі, і пра палітвязняў, і пра саўдзел у братазабойчай вайне, і пра эканоміку, што працуе пад кропельніцай грашовай эмісіі.

Зажывём!

Галоўнае, каб не атрымалася, як у мінулы раз.

Калі расійская ракета ўрэзалася ў Месяц замест таго, каб яе сфатаграфаваць.