Пенсія — толькі касманаўтам? Як заканчваецца сацыяльная дзяржава
І зноў нешта пайшло не так. Флагманы не флагманяць, лідары не лідзіруюць, рост не расце. А вінаваты ў гэтым, вядома ж, зноў «народзец». Ну вось ніяк беларусы не могуць усвядоміць, якое шчасце звалілася ім на галаву.
Будаўніцтва, як вядома, амаль заўсёды было драйверам беларускага ВУП. І на яго вельмі разлічвалі і ў гэтым годзе, і ў мінулым. Але — не атрымалася ў мінулым, і пакуль не атрымліваецца ў гэтым. Паводле звестак Белстата, у студзені-лютым у Беларусі скараціўся ўвод у эксплуатацыю жылля. Усяго было здадзена 417,1 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы, што на 29,1% менш, чым летась. Пры гэтым будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай упала ў 2,5 разы да 74,4 тыс. кв. м.
Гэта значыць, дзяржава, нібыта, дала беларусам «дзяржпадтрымку», а вось «народзец» неяк не асабліва хоча карыстацца ёй у апошнія гады. Дрэнныя беларусы, ой, дрэнныя.
І настолькі не хоча карыстацца, што гэтае пытанне паставіў на разгляд сам наш прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Але, да яго гонару, ён не стаў звальваць усё выключна на народ. У адрозненне ад Лукашэнкі, ён, напэўна, яшчэ разумее, што народ — гэта і ён таксама, і ягоны ўрад у тым ліку.
Па словах прэм'ера, «пэўныя складанасці» з будаўніцтвам жылля з дзяржпадтрымкай не звязаныя з магчымасцямі будаўнічай галіны. Беларусы адмаўляюцца будаваць жыллё з дзяржпадтрымкай на існуючых умовах.
«Мабыць, дзеючы механізм, які забяспечваў прадастаўленне дзяржпадтрымкі, пачынае страчваць актуальнасць. Гэта значыць фактычна асноўны кантынгент людзей, якія маглі скарыстацца правам на дзяржпадтрымку, ёю скарыстаўся. І вось гэтыя тэндэнцыі, якія аказваюць уплыў на будаўніцтва і ў бягучым годзе, вядома ж, не могуць не турбаваць у кантэксце выканання ўсіх намечаных мэтаў праграмы жыллёвага будаўніцтва. Прычына ўсім вядомая. Тут прысутныя яе неаднаразова абмяркоўвалі. У першую чаргу гэта адмова грамадзян, якія маюць права на падтрымку ў будаўніцтве жылля. Яшчэ раз паўтараю: не таму, што мы яе не можам забяспечыць, проста людзі адмаўляюцца ўжо на гэтых умовах браць гэтую падтрымку», — растлумачыў Галоўчанка.
Пры гэтым чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў скарачаецца павольнымі тэмпамі, хоць жылля ў краіне будуюць шмат. Такі вось парадокс — чым больш будуюць, тым даўжэй чарга.
Па словах Галоўчанкі, сёння дзяржпадтрымка прадастаўляецца сем'ям, якія маюць не менш за двое дзяцей. А ў чэргах расце колькасць маладых сем'яў без дзяцей.
Увогуле Галоўчанка нават мае рацыю. Цяпер маладыя людзі, якія ствараюць сем'і, у першую чаргу імкнуцца абзавесціся жыллём, наладзіць стабільныя і прымальныя ўмовы для таго, каб дзецям, якія ў іх з'явяцца, хоць бы было дзе расці. Лозунг «даў бог зайку, дасць і лужок» ужо даўно не працуе. Сапраўды гэтак жа, як, аказваецца, не працуе будаўніцтва з дзяржпадтрымкай.
Нашы ўлады неаднаразова заклікалі беларусаў спачатку нараджаць, а потым ужо атрымліваць «плюшкі» ад дзяржавы. І пэўны час гэта спрацоўвала, але — не цяпер. Цяпер беларусы не згодныя «спачатку нараджаць, а потым будаваць». Яны хочуць наадварот — спачатку будаваць жыллё, потым нараджаць.
І хутчэй за ўсё, гэта не таму, што беларусы такія «меркантыльныя». Наадварот, меркантыльнымі былі тыя, якія «нараджалі дзеля кватэры». Проста цяпер высветлілася, што тыя, хто «нараджаў дзеля кватэры» па трое дзяцей і больш, аказаліся з кватэрай, але... без пенсіі. Бо дэкрэтны адпачынак перастаў залічвацца ў працоўны стаж.
Гэтак дзяржава іх надурыла не ў адным, дык у іншым.
Беларусы не вераць дзяржаве. Таму ўсе заклікі «нараджаць больш і часцей» разбіваюцца аб здзеклівыя і з’едлівыя каментары. Таму расце колькасць пар без дзяцей. Таму не працуе і сістэма будаўніцтва з дзяржпадтрымкай.
Чаму беларусы не вераць дзяржаве — адказ на гэтае пытанне вельмі просты. Таму што гэтая дзяржава ўжо шмат разоў іх падманвала: ад выбараў да пастаянных спосабаў залезці грамадзянам у кішэню. Вось, напрыклад, на наступным тыдні цалкам уступіць у сілу ўказ №297, згодна з якім фізічныя асобы не змогуць захоўваць і выкарыстоўваць беспілотнікі.
Да 25 сакавіка фізічныя асобы абавязаныя пазбавіцца ад сваіх БПЛА. Гэта можна зрабіць шляхам іх адчужэння, перадаць «на захоўванне» ў РУП «Белаэранавігацыя», прадаць альбо бязвыплатна перадаць юрыдычным асобам, ІП, у камунальную ўласнасць, у аператыўнае кіраванне і гаспадарчае вядзенне дзяржорганаў і іншых дзяржаўных арганізацый. А той, хто захоўвае права на валоданне беспілотнікамі (я так разумею, гэта ў першую чаргу тычыцца ІП і юрасоб), павінны паставіць іх на ўлік у Дэпартаменце па авіяцыі Мінтранса.
Гэта значыць, дзяржава вырашыла «проста так» адабраць у беларусаў досыць нятанныя «цацкі». Пры гэтым неяк не сустракалася ў навінах інфармацыі пра выпадкі, калі «грамадзянскія» беспілотнікі перашкодзілі чаму-небудзь. Такі выпадак быў толькі адзін — атака на расійскі самалёт далёкай выведкі А-50 у Мачулішчах. Але што лепш: прыбраць з краіны расійскі самалёт, або канфіскаваць усе беспілотнікі ва ўсіх беларусаў?
Прычым абсурд умяшання дзяржавы ў жыццё грамадзян часам становіцца смешным. Лукашэнка падпісаў указ «Аб статусе беларускага касманаўта», які замацоўвае іх правы і абавязкі.
Згодна з указам, статус касманаўта прысвойваецца грамадзяніну Беларусі, які здзейсніў касмічны палёт, а таксама яго дублёру. Для касманаўтаў прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцый: захаванне займаемай пасады, медыцынскае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, пенсійнае забеспячэнне, дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве жылля.
А ў абавязкі касманаўта ўваходзіць «адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне».
Па-першае, мне цікава, што могуць зрабіць з касманаўтам, калі ён, напрыклад, не будзе «валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй»? Скажуць, што ён у космас не лятаў, і Зямля ўвогуле плоская?
А па-другое, у шэраг прэферэнцый трапілі рэчы, якія, не павінны быць прэферэнцыямі ўвогуле. «Захаванне займаемай пасады»? Чалавек сам выбірае, дзе яму працаваць, і калі ён нармальны спецыяліст, ніякай працадаўца яго не звольніць. Медыцына і пенсія? Гэта дзяржава павінна прадастаўляць любому грамадзяніну за яго падаткі. Дзяржпадтрымка пры будаўніцтве жылля? Звярніцеся да Галоўчанкі.
Атрымліваецца, Лукашэнка патрабуе нейкіх дадатковых абавязальніцтваў за тое, што дзяржава павінна прадставіць любому грамадзяніну, а не толькі касманаўту.
І калі ў нас такія «ільготы і прэферэнцыі» — гэта азначае, што сацыяльная дзяржава скончылася.