Ці стане Святлана Ціханоўская беларускім Леніным?

Захад паставіў перад сабой задачу-мінімум — не дапусціць прыходу вайны на тэрыторыю Беларусі, што азначала б набліжэнне вайны да еўрапейскіх межаў. На дадзены момант гэта галоўная задача, нейкія палітычныя змены ўнутры Беларусі адышлі ці не на самы задні план.

vas_vot_marsh_oct25_20201025_021_logo.jpg.webp

Паўтара года засталося да прэзідэнцкай кампані-2025 ў Беларусі. 

Тэма стратэгіі дэмсілаў на прэзідэнцкую кампанію мільганула ў публічнай прасторы — і так жа імгненна знікла. Толькі Шрайбман ухапіў трохі хайпу сваёй фразай «не дражніць дзеда».

Ці здольныя дэмсілы выйсці на прэзідэнцкую кампанію з сур’ёзнымі прапановамі ці вылучыць чарговага віртуальнага кандыдата, як падчас бязвыбараў у лютым 2024 года? Што стане з мандатам Святланы Ціханоўскай пасля лета 2025-га? І якім шляхам і пад чыімі сцягамі пойдзе Беларусь далей?

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Прычыны ў вельмі абмежаваных магчымасцях, якія відавочныя: уплыў на сітуацыю ў Беларусі вельмі абмежаваны, можна сказаць, што яго ўжо і няма, умовы дыктуе іншы бок. Акрамя таго, на дадзены момант абсалютна незразумела, як сітуацыя будзе развівацца, да якога рашэння ўсё-такі прыйдзе Лукашэнка — будзе балатавацца ў прэзідэнты або не. Разважаць, канешне, трэба, іншая справа — што тут можна прапанаваць?

Байкот у цяперашніх умовах не працуе: сістэма сфальсіфікуе ўсё, што трэба. Прапанаваць альтэрнатыўнага кандыдата? Не дадуць вылучыцца, не дадуць збіраць подпісы. Калі будзе вылучацца Лукашэнка, то не будзе нават тых абмежаваных магчымасцяў, якія мы назіралі ў сакавіку ў Расіі. 

Дэмакратычныя сілы павінны абмяркоўваць сваю тактыку і стратэгію, але праблема ў тым, што вялікіх машчымасцяў няма. Канешне, дэмсілы будуць працаваць на заходнім накірунку, каб не прызнавалі «выбары», каб не прызнавалі Лукашэнку. Але Захад заняў прагматычную пазіцыю. Канешне, Лукашэнка Захаду не падабаецца, пра нейкую дэмакратычную легітымнасць гаворка ўвогуле не вядзецца. Але калі Захад убачыць магчымасці (палепшыць сітуацыю ў вайне, знізіць пагрозу распаўсюджвання вайны на тэрыторыю Беларусі), то ў такой сітуацыі можа размаўляць і з Лукашэнкам. Усе ўспрымаюць Лукашэнку як нелегітымную фігуру, але ніхто не аспрэчвае той факт, што ўлада знаходзіцца ў яго руках. 

Уводзіць адмысловыя санкцыі за недэмакратычныя выбары — стаўка на санкцыі пакуль не спарцавала ў цэлым. Існуе Расія, якая кампенсуе Лукашэнку страты ад заходніх санкцыяў.

Дэмакратычныя сілы абвіначваюць у тым, што яны тое не зрабілі, гэтае не зрабілі, абмяркоўваюць нейкія стратэгіі перамогі, перамовы з Лукашэнкам. Але перамовы магчымыя толькі тады, калі іншы бок жадае перамоваў, а Лукашэнку яны відавочна не патрэбныя.

— Ці маюць дэмакратычныя сілы хаця б прывідны шанец узяць уладу ў свае рукі?

— Тэарэтычна гэтая магчымасць існуе. Але гэтая магчымасць зараз цесна звязана з вайной. Калі Крэмль прайграе гэтую вайну і абрынецца пуцінскі рэжым, то разам з ім абрынецца і рэжым Лукашэнкі. Калі ж уявіць сабе, што абодва рэжымы абрынуліся, і ў Беларусі на чале з Лукашэнкам адбываецца рэвалюцыя, то дэмакратычныя сілы могуць выкарыстаць свой рэсурс. А іх галоўны рэсурс на сённяшні дзень — гэта сувязі з Захадам і падтрымка з боку Захада.  Але пакуль на тое зусім не выглядае.

— Разлікі на падзенне пуцінскага рэжыму настолькі цьмяныя, што такая перспектыва можа расцягнуцца не на адзін-два гады. А ў дэмакратычных сілаў вельмі абмежаваны час: да прэзідэнцкай кампаніі засталося паўтара года. Уявім сабе: у Беларусі прайшла прэзідэнцкая кампанія, Лукашэнка па-ранейшаму сінімі пальцамі трымаецца за ўладу. І што стане са статусам дэмакратычных сілаў на тым жа Захадзе? 

— Гэта залежыць ад канфігурацыі вайны. Калі мы сыходзім з сённяшняй канфігурацыі: Расія працягваецца вайну, Лукашэнка дапамагае Крамлю ў вайне, — тады нічога прынцыпова не мяняецца. Лукашэнка лічыцца ўзурпатарам з 2020 года. А хіба «выбары» 2025 года будуць нечым прынцыпова адрознівацца ад папярэдніх? Яны будуць горшымі, і вынікі будуць горшымі, і фальсіфікацыі істотна павялічацца. То бок, калі ўсё застаецца, як ёсць, то прынцыпова нічога не зменіцца.

Пытанне адносінаў Захаду з дэмакратычнымі сіламі не стаіць так: мы з вамі пяць гадоў супрацоўнічалі, цяпер вашая легітымнасць закончылася — і мы з вамі больш не супрацоўнічаем. Тут пытанне ўплываў. Глядзіце, якую легітымнасць мае Юлія Навальная? Няма ніякай, больш за тое, яна нават не прызнаная расійскай апазіцыяй у ролі лідара. Яе капітал — Аляксей Навальны, таму з ёй сустракаецца Байдэн,таму з ёй размаўляюць еўрапейскія палітыкі. Яны спадзяюцца, што Навальная можа стаць мабілізуючым фактарам. Калі ў Еўропе, у ЗША будуць бачыць, што за ўмоўнай Святланай Ціханоўскай стаіць значная колькасць беларусаў, яна мае падтрымку, яна можа ўплываць на сітуацыю і можа дасягнуць пэўных поспехаў, то тады яе будуць падтрымліваць. Але калі там вырашаць, што яна не зможа дасягнуць палітычных вынікаў, хаця і чалавек прыемны, то які сэнс яе фінансаваць і дапамагаць ёй? Захад будзе прытрымлівацца прагматычнай пазіцыі.

Канешне, выключаць канфігурацыю, пры якой магчымы нейкія перамовы з Лукашэнкам, я б не стаў. Аднак сёння перамовы паміж Лукашэнкам і Захадам цяжка сабе ўявіць.

Але давайце паразважаем над сітуацыяй: Лукашэнкі няма. Нешта адбылося, Лукашэнка больш не ў стане выконваць свае абавязкі. Між тым, сістэма цалкам заточаная на Лукашэнку. Хутчэй за ўсё, лукашэнкаўская наменклатура, каб застацца ва ўладзе, дружна пабяжыць у Маскву, каб атрымаць ярлык на княжанне. Нельга выключаць, што наступны кіраўнік Беларусі, у якога не будзе такога адмоўнага бэкграўнда, як у Лукашэнкі, можа паспрабаваць зрабіць некалькі крокаў (хай сабе і асцярожна) насустрач: выпусціць палітвязняў, правесці нейкі дыялог з Ціханоўскай. Польская гісторыя паказвае прыклад падобнага круглага стала. Іншая справа, што з Лукашэнкам ніякія перамовы немагчымыя. А без яго канфігурацыя сілаў мяняецца. 

Глядзіце таксама

Праект Гуайдо скончаны, становішча Ціханоўскай выглядае трохі лепш

— Цяперашняе становішча Ціханоўскай чым адрозніваецца ад палажэння ўрада ў выгнанні Гуайдо ў Венесуэле?

— Сітуацыя Ціханоўскай пакуль выглядае трохі лепш. Праект Гуайдо скончаны: зараз імкнуцца размаўляць з Мадура. Ніхто яго не прызнае, ніхто не мае ілюзіяў адносна таго, хто ён ёсць. Але калі скінуць дыктатара не атрымліваецца, а табе трэба вырашаць пытанні ў Венесуэле, тады будзеш размаўляць з тым, хто вырашае пытанні. Таму і гавораць з Мадурам. 

Аналагічная сітуацыя і з Лукашэнкам. Мы ж не бачым усёй карціны. Магчымы, вядуцца нейкія закулісныя перамовы з беларускім рэжымам. На польскім партале ONET нядаўна з’явілася публікацыя, што прапанова скараціць фінансаванне беларускіх незалежных СМІ ў Польшчы зыходзіць ад Украіны, што гэта сумнеўная ўкраінская гульня з Лукашэнкам. Што цікава: Церцеля (старшыня КДБ. — НЧ) паказалі як чалавека, які вядзе кулуарныя перамовы, таму нельга выключаць, што вядзе псіхалагічная гульня, скіраваная супраць Церцеля, разлічаная на пуцінскую і лукашэнкаўскую канспіралогію. А можа, нешта падобнае і сапраўды адбываецца?

Думаю, у адносінах да Лукашэнкі дзейнічае той жа прынцып, які Макрон сфармуляваў адносна Пуціна: тэлефанаваць Лукашэнку ніхто не будзе, але ён захоча пагаварыць, захоча пра нешта дамовіцца, то яго выслухаюць. Калі Лукашэнка выкажа канкрэтныя прапановы па вызваленні Пачобута ўзамен на пэўныя саступкі з польскага боку, то ў гэтым выпадку польскі бок як мінімум выслухае яго. Бо ён улада, у яго ёсць магчымасці, ён вырашае лёсы людзей. 

А ўплыў Ціханоўскай невялікі. Яе ўплыў невялікі нават на заходнія краіны. Уяўленне пра тое, што ад паводзінаў Ціханоўскай нешта залежыць, памылковае: яна можа нешта прапанаваць, можа выкласці свае аргументы, але ж апошняе слова не за Ціханоўскай, не яна ўводзіць санкцыі. 

— Ці можа беларуская гісторыя пайсці па венесуэльскім сцэнары: праект Ціханоўская закрываецца, а Захад пачынае гаварыць калі не з Лукашэнкам, дык з прадстаўнікамі рэжыму?

— Венесуэла мае свае асаблівасці. Мадура паказваў схільнасць да кампрамісаў, Мадура не мае такой расійскай падтрымкі, Мадура зацікаўлены, каб прадаваць свае энерганосьбіты. Венесуэла з пункту гледжання энергетычнай бяспекі для Захада — гэта важная краіна. Акрамя таго, у Паўднёвай Амерыцы ёсць іншыя краіны, якія не зацікаўлены ў існаванні венесуэльскай праблемы. Таму Захад гатовы размаўляць з Мадура. Дый Мадура не можа паводзіць сябе настолькі нахабна, як Лукашэнка, бо ў яго іншая сітуацыя: за ягонай спіной не стаіць Расія, якая дыктуе яму, што ён павінен рабіць. 

Гісторыя з Гуайдо скончылася, таму што зразумелі: з гэтым праектам нічога не атрымаецца. А Ціханоўская — усё-такі еўрапейская гісторыя, у гэтай гульні актыўна ўдзельнічаюць і лакальныя акторы: Польшча, Літва, іншыя краіны.

Глядзіце таксама

 Паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй няма радыкальных адрозненняў

— Беларусь не мае такога рэсурснага значэння для рэгіёна, як Венесуэла. Дык ці гатовыя Еўропа і Захад аддаць Беларусь на водкуп Расіі?

— Я б трохі іначай паглядзеў бы на сітуацыю. Знікненне беларускай дзяржавы і поўнае падпарадкаванне Беларусі Расіі — гэта зусім не ў інтарэсах Захаду. Але на сённяшні дзень радыкальнага адрознення паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй няма. На Захадзе пануе ўяўленне, што Беларусь цалкам падпарадкаваная і выконвае ўсе загады Масквы. Так гэта ці не на самой справе — яшчэ пытанне. Давайце ўявім сабе, што згаданая публікацыя ONET адпавядае рэчаіснасці, і кулуарныя перамовы паміж Кіевам і Мінскам вядуцца, і менавіта па гэтай прычыне Беларусь не прымае больш актыўнага ўдзелу ў вайне. 

Але існуе базавы сцэнар-тлумачэнне, з якога сыходзяць многія аналітыкі, у тым ліку і я. Беларускіх войскаў няма на тэрыторыі Украіны не таму, што Лукашэнка гэтага не жадае, а таму што яны там непатрэбныя Пуціну. І з тэрыторыі Беларусі не наносяцца ракетныя ўдары па Украіне таму, што Пуцін не лічыць патрэбным. А можа, і Лукашэнка адыгрывае нейкую ролю. Тэарэтычна можна ўявіць, што самастойнасці ў Лукашэнкі куды больш, чым нам гэта падаецца? І такі варыянт выключаць нельга. Але на Захадзе прытрымліваюцца думкі, што Лукашэнка марыянетка, што ён падпарадкаваны Расіі. І што выцягнуць яго з расійскіх кіпцюроў ужо немагчыма. Так, было б вельмі прыемна бачыць на месцы лукашэнкаўскай Беларусі дэмакратычную, вольную, арыентаваную на Захад краіну, добрага суседа. Але гэта мары, рэчаіснасць выглядае інакш. 

А што можна змяніць у Беларусі? На Захадзе лічаць, што на дадзены момант у Беларусі амаль нічога змяніць нельга. Раней жа рабіліся спробы цывілізаваць Лукашэнку: давайце згадаем другую палову 2010-ых гадоў — усё скончылася 2020-м годам. Таму зараз, як мне падаецца, пастаўлена задача-мінімум — не дапусціць прыходу вайны на тэрыторыю Беларусі, што азначала б набліжэнне вайны да еўрапейскіх межаў. На дадзены момант гэта галоўная задача, нейкія палітычныя змены ўнутры Беларусі адышло ці не на самы задні план. Гэта не з’яўляецца прыярытэтам хоць бы таму, што гэтая задача абсалютна недасягальная. Таму Лукашэнка атрымлівае дадатковую крытыку, але не атрымлівае дадатковых санкцый, таму яшчэ не выдадзены ордэр на арышт Лукашэнкі.

На сённяшні момант расклад такі. Але ж сітуацыя можа змяніцца ў любы момант. Давайце ўявім сабе найгоршы варыянт: з тэрыторыі Беларусі наносіцца гібрыдны ўдар па адной з краінаў NATO, беларускія войскі парушаць заходнюю мяжу, альбо адбудзецца новы крызіс, адказнасць за яго ўскладуць на Лукашэнку. Тады ўсё радыкальна зменіцца.

Але калі цынічна ацаніць сітуацыю, то ўбачым: чым горш будзе становішча Лукашэнкі, чым больш ён будзе залежны, тым больш падатлівым і гатовым да перамоваў ён стане. Таму дэмакратычныя сілы і кажуць: давайце паставім рэжым Лукашэнкі на адзін узровень з Расіяй. Лукашэнка — гэта акупацыйная ўлада. Нават калі ўсё скончыцца, і размовы паміж Лукашэнкам і Захадам не атрымаецца, тады іншых партнёраў на беларускім накірунку ў Захаду не застанецца. 

Глядзіце таксама

Што чакае Ціханоўскую — трыўмфальнае вяртанне ці маргіналізацыя?

— Але што значыць «размаўляюць»? У эміграцыі ёсць прадстаўніцтва Тыбета, з Далай-ламай сустракаюцца кіраўнікі дзяржаў. Але яны разумеюць, што ўплыў Далай-ламы на ўнутраную палітыку абмежаваны. Хаця ўплыў Далай-ламы на сітуацыю ў Тыбеце больш вялікі, чым уплыў Святланы Ціханоўскай на сітуацыю ў Беларусі. Усё ж ён духоўны лідар, тыбецкія манахі прыслухоўваюцца да яго. А вось ў Ціханоўскай усё абмежавана. Гэта не папрок, проста так працуе рэальная палітыка. 

У эміграцыі ты можам нечага дасягнуць толькі ў вельмі спрыяльных умовах. Калі дазволіце — прывяду адзін гістарычны прыклад. Уладзімір Ленін увайшоў у гісторыю як выбітны рэвалюцыянер. Яму пашанцавала: пашанцавала, што нямецкі генеральны штаб, нічым не рызыкуючы, закідвае яго ў Расію — хай паспрабуе дамагчыся міру. Атрымаецца — выдатна, арыштуюць або заб’юць Леніна — ніхто плакаць не будзе. А Ленін, фанатык і авантурыст, разумеў: апошні шанец. І забыты рускі эмігрант вырашыў папрабаваць рэалізаваць забытую мару. У Леніна атрымалася. А калі б нямецкі генштаб не згадаў пра яго, не выкарыстаў, то памёр бы Ленін ці ў Разліве, ці ў Германіі забытым і нікому не патрэбным. І называлі б яго фанатыкам-утапістам. Але воляй гісторыі Ленін свой план ажыццявіў. 

Іспанскія мігранты таксама правялі некалькі дзесяцігоддзяў за межамі Іспаніі. А калі закончыўся перыяд Франка, яны вярнуліся і адыгрывалі досыць важную ролю ў гісторыі Іспаніі.

Таму я раз-пораз і кажу: глядзіце, Святлана Ціханоўская яшчэ вернецца. Нельга выключаць, што праз тры-чатыры гады яна будзе адыгрываць незаўважную маргінальную ролю, а магчыма і яе трыўмфальнае вяртанне. Усё яшчэ магчыма.