Чырвоны вупыр: да 100-годзьдзя сьмерці Леніна
Сёньня спаўняецца цэлае стагодзьдзе, як у пекла трапіў Уладзімер Ульянаў, больш вядомы пад бальшавісцкай мянушкай Ленін. Чалавек, адказны за мільёны забойстваў, скалечаныя лёсы і дзесяцігодзьдзі адсталасьці Беларусі ад цывілізаванага сьвету. Што ён думаў пра нашую краіну і зрабіў для яе?
Напачатку дамо слова яго ідэалягічным нашчадкам, якія захапілі ўладу ў Беларусі ў 1994 годзе:
«Ленін увесь час клапаціўся аб палітычным, эканамічным і ваенным умацаваньні БССР: сёньня вядома каля 150 ленінскіх выказваньняў, тэлеграмаў, нататак і лістоў, якія датычацца беларускага народа і яго гісторыі. Працоўныя Беларусі адказвалі яму глыбокай любоўю, аб чым сьведчылі шматлікія лісты і тэлеграмы, якія паступалі ў адрас Ільліча з нашай рэспублікі.
І ў нашы дні ў незалежнай Беларусі не забываюцца на асобу Леніна, яго ролю ў гісторыі. Сьведчаньнем таму - многія назвы населеных пунктаў, вуліцаў гарадоў і вёсак, якія захаваліся да гэтага часу, прадпрыемстваў на ўсёй тэрыторыі Беларусі зь яго імем. Не кажучы ўжо пра больш за 300 помнікаў правадыру сусьветнага пралетарыяту, усталяваных паўсюдна, і іх не ламаюць і не дэмантуюць, што, на жаль, зроблена ў шэрагу постсавецкіх рэспублік, дзе не шануюць гістарычную памяць», – з газэты «Чырвоны Кастрычнік» у 2023 годзе.
Гістарычную памяць беларусы шануюць. І зьвернемся акурат да яе. Напачатку нам дапаможа сайт кампартыі Беларусі, дзе можна знайсьці праўду і толькі праўдзівую праўду:
«Першае ленінскае згадваньне аб Беларусі адносіцца да 1895 года, калі ў сваёй раньняй працы «Тлумачэньне закона аб штрафах, якія спаганяюцца з працоўных на фабрыках і заводах» У.І. Ленін адзначыў распаўсюд гэтага закона і на Гродзенскую губерню. Ужо тады, клапатліва зьбіраючы матэрыял для гэтай брашуры, малады Ленін (а ён жа заўжды малады, усё ніяк не закапаюць у зямлю) пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі выступамі беларускага пралетарыяту.
Так, у Гродзенскай губэрні закон быў уведзены ў 1894 годзе. А да гэтага тут нават фармальна нішто не перашкаджала фабрыкантам жорстка эксплюатаваць працоўных. Працавалі яны па 13-14 гадзінаў у суткі за жабрацкі заробак, які затым скарачаўся сістэмай розных штрафаў. Цяжкае матэрыяльнае становішча і палітычнае бяспраўе змушалі працоўных да выступаў супраць самавольства. У 1890-х гадах такія выступы працоўных асабліва пачасьціліся на самым буйным прадпрыемстве Горадні — на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага. Закон аб штрафах быў першай буйной перамогай працоўнай клясы. «Напалоханы ўрад, — пісаў Ленін, – саступіў іх патрабаваньням і пасьпяшаўся выдаць закон аб зьнішчэньні штрафаў».
32-гадовы Ленін у 1902 годзе пісаў: «Ніколькі не адмаўляючы ў прынцыпе гвалту і тэрору, мы патрабавалі працы над падрыхтоўкай такіх формаў гвалту, якія б разьлічвалі на непасрэдны ўдзел масы і забясьпечвалі б гэты ўдзел».
На пачатку 1919 года, гэта значыць адразу пасьля абвяшчэньня Савецкай Беларусі, Ленін адзначаў, што «рэспубліка буфэрная і патрэбная толькі таму, што мяжуе з варожымі краінамі, а што тычыцца ўсходніх яе губэрняў (Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай), то іх можна выключыць са складу рэспублікі, бо яны злучаныя з Расеяй», – прыгадвае гісторык Анатоль Трафімчык.
Пісьменьнік Сяргей Астраўцоў нагадвае: «12 ліпеня 1920 году Ленін падпісаў дамову зь літоўцамі, перадаўшы ім беларускія гарады: Горадню, Шчучын і Ліду, Ашмяны і Смаргонь, нават Паставы і Браслаў. Літоўцы абавязаныя былі спыніць у сябе дзейнасьць органаў БНР ды іншых антысавецкіх груповак. У гэтым момант, як лічаць гісторыкі, Масква не разглядала магчымасьць аднаўленьня беларускай рэспублікі.
Аднак частка камуністаў-беларусаў не пагадзілася пахаваць беларускую ідэю. 31 ліпеня імі была паўторна абвешчана ССРБ. Зь неакрэсьленымі межамі. Але тады быў важны сам факт паўторнага абвяшчэньня. Каб парупіліся тады бальшавікі пасадзіць тых людзей альбо не чакаць зь іх расстрэлам да 1937-га, і нічога б не было зусім. Сёньня мы жылі б у Заходняй вобласьці».
Сучасныя камуністы працягваюць: «Вялікае значэньне Ленін надаваў распаўсюду марксізму ў Беларусі. Выключна істотную ролю адыграла ленінская газэта «Іскра», якая з першага ж нумара знайшла шлях да сэрцаў працоўных Беларусі. І не выпадкова таму дэпартамэнт паліцыі, калі даведаўся, што на чале газэты стаіць Ленін, загадаў менскаму генэрал-губэрнатару ўзмацніць «назіраньне за распаўсюдам газэты, якая пранікае праз памежныя пункты». Перачытваючы сёньня старонкі «Іскры», мы бачым, што яна надавала максімальна магчымую ўвагу Беларусі. За тры гады (1900-1903) ленінская «Іскра» апублікавала 30 матэрыялаў зь Беларусі. Праз «Іскру» Ленін быў добра дасьведчаны аб становішчы справаў у Беларусі, а перадавыя працоўныя, чытаючы на старонках газэты творы Леніна, знаходзілі ў іх адказы на пытаньні, якія хвалявалі іх».
Чырвоны тэрор ня быў вымушаным сітуацыйным рашэньнем бальшавікоў у цяжкіх для сябе абставінах, а сьвядомым і даўно прадуманым метадам палітычнай барадзьбы. Адгартаем час зноў крыху назад, у 1905 год. Тэрарыст Ульянаў-Ленін раздаваў загады сваім прыслужнікам:
«Ідзіце да моладзі. Засноўвайце адразу баявыя дружыны ўсюды, і ў студэнтаў, і ў працоўных асабліва. Хай адразу ж узбройваюцца яны самі, хто як можа, хто рэвальверам, хто нажом, хто анучай з газай для падпалу. Атрады павінныя адразу ж пачаць ваеннае навучаньне.
Адны зараз жа распачнуць забойства шпіка, выбух паліцэйскага ўчастка, іншыя — напад на банк для канфіскацыі сродкаў для паўстаньня. Ня бойцеся гэтых выпрабавальных нападаў. Яны могуць, вядома, вырадзіцца ў крайнасьць, але гэта бяда заўтрашняга дня. Хай кожны атрад сам вучыцца хаця б на зьбіцьці гарадавых: дзесяткі ахвяраў акупяцца з лішкам тым, што дадуць сотні дасьведчаных змагароў, якія заўтра павядуць за сабой сотні тысячаў».
Выкрывае фарысэйства Леніна беларускі гісторык Іларыён Ігнаценка: «На пытаньне: “што вышэй — права нацый на самавызначэньне або сацыялізм?” Ленін адказваў: «Сацыялізм вышэй. Ці дазволена з-за парушэньня права нацый на самавызначэньне аддаваць на зьяданьне Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, падстаўляць яе пад удары імпэрыялізму ў момант, калі імпэрыялізм заведама мацнейшы, а Савецкая рэспубліка заведама слабейшая? Не. Не дазволена. Гэта не сацыялістычная, гэта буржуазная палітыка».
Як адзначаў гісторык Міхаіл Станкевіч, «Ленін быў датычны толькі да стварэньня ССРБ (савецкай сацыялістычнай рэспублікі Беларусі), і літаральна праз два месяцы пасьля яе стварэньня пры актыўным удзеле ўсё таго ж Леніна з ССРБ зрабілі гібрыдную з літоўцамі рэспубліку Літ-Бел, што яскрава дэманструе нам стаўленьне Леніна да нашых земляў, як да нейкіх буферных зонаў для вядзеньня вайны з Польшчай.
Пры Леніне ўся беларуская Смаленская вобласьць з першай сталіцай ССРБ Смаленскам "адыйшла" да РСФСР, нібыта, толькі на час вайны, але яе пасьля так і не вярнулі. Разам з тым РСФСР чарговы раз узьяднала з сабою і вялізныя тэрыторыі Ўсходняй Беларусі, якія прыйшлося вяртаць ужо пасьля сьмерці правадыра ўсіх камуністаў».
Варта памятаць таксама, што калі пачалі кроіць беларускі пірог у Берасьці, беларусаў не падпусьцілі блізка. І тое ж паўтарылася ў Рызе. Украінцаў запрашалі ў абодвух выпадках. За беларусаў іхняй тэрыторыяй распараджаўся ўрад РСФСР. Як паведамлялі газэты, у 1921 годзе быў падпісаны Рыскі мірны дагавор, які ўсталяваў мяжу паміж савецкімі рэспублікамі РСФСР і УССР ды Польшчай, нагадваў пісьменьнік Сяргей Астраўцоў.
Беларускія межы, як пазьней выявілася, уключалі шэсьць паветаў. Такія вынікі ленінскай любові да беларусаў.
«Адпачатку было бачна, што «вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармленьня БССР прадвызначылі яе незайздросны лёс, і яна павінна была спыніць сваё існаваньне». Гэтую выснову зрабілі сучасныя беларускія гісторыкі, дактары навук Р. Платонаў і М. Сташкевіч на аснове аналізу матэрыялаў аб стварэньні савецкай дзяржаўнасьці Беларусі.
У 1922 годзе Ленін заяўляе аб немагчымасьці спыненьня тэрору і неабходнасьці яго заканадаўчага ўрэгуляваньня, што вынікае зь ягонага ліста наркаму юстыцыі Курскаму ад 17 траўня 1922 году:
«Суд павінен не ліквідаваць тэрор; абяцаць гэта было б самападманам ці падманам, а абгрунтаваць і ўзаконіць яго прынцыпова, ясна, без фальшу і без прыкрасаў. Фармуляваць трэба як мага шырэй, бо толькі рэвалюцыйная правасьвядомасьць і рэвалюцыйнае сумленьне паставяць умовы выкарыстаньня на справе, больш або менш шырокага. З камуністычным прывітаньнем, Ленін».
Гары ў пекле, чырвоны вупыр.