Хуан Гуайдо больш не часовы прэзідэнт Венесуэлы

У мінулую пятніцу венесуэльскі парламент, які знаходзіцца ў апазіцыі да Нікаласа Мадуры, 72 галасамі супраць 29 прыняў рашэнне аб пазбаўленні Хуана Гуайдо пасады часовага прэзідэнта Венесуэлы і роспуску ўрада. Ад сёння, 5 студзеня, паўнамоцтвы Хуана Гуайдо спыняюцца. Што прынясе гэта прыхільнікам дэмакратыі ў Венесуэле?

Фота з сайта Аль-Джазіры. Yuri Cortez/AFP

Фота з сайта Аль-Джазіры. Yuri Cortez/AFP

Хто такі Хуан Гуайдо?

Гуайдо нарадзіўся 28 ліпеня 1983 года ў сям’і, якая належала да сярэдняга класа. Атрымаў дыплом у галіне прамысловай інжынерыі, таксама вывучаў публічнае адміністраванне. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце арганізоўваў студэнцкія рухі, накіраваныя супраць палітыкі тагачаснага прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, у прыватнасці — супраць ціску на незалежныя медыя.

У 2009-м разам з вядомым палітыкам Леапольда Лопесам прыняў удзел у стварэнні партыі «Воля народа», якую ўзначаліў у 2019 годзе. У 2010-м ён быў упершыню абраны дэпутатам парламента. У 2015-м, да завяршэння сваёй кадэнцыі, разам з некалькімі іншымі парламентарыямі прыняў удзел у галадоўцы з патрабаваннем правесці новыя парламенцкія выбары ў 2015 годзе (бо існавалі асцярогі, што чавісты ў апошні момант іх адменяць).

Гэтыя выбары былі праведзены, і па іх выніках Нацыянальная Асамблея (парламент Венесуэлы) апынулася пад кантролем дэмакратычных сіл, апазіцыйнага рэжыму спадкаемца Уга Чавеса і тагачаснага прэзідэнта краіны Нікаласа Мадуры. Сам Гуайдо таксама атрымаў мандат дэпутата.


Падчас пратэстаў 2017-га ў сутыкненнях з паліцыяй ён атрымаў пералом рукі і быў паранены ў шыю гумавай куляй. У 2018 годзе ўзначаліў усю прадэмакратычную фракцыю ў Нацыянальнай Асамблеі. У парламенце займаўся расследаваннямі выпадкаў карупцыі, звязаных з адміністрацыяй прэзідэнта Мадуры. У снежні таго ж года ён быў абраны прэзідэнтам (старшынёй) Нацыянальнай Асамблеі. Пры гэтым Гуайдо атрымаў шырокую падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл, у тым ліку і Энрыке Капрылеса Радонскі, які раней быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах, але потым трымаўся крыху ў баку ад палітычных падзей.

Інаўгурацыя Гуайдо як старшыні парламента адбылася 5 студзеня 2019-га ў прысутнасці родзічаў палітычных зняволеных. Праз пяць дзён, 10 студзеня, Мадура правёў сваю інаўгурацыю як прэзідэнта Венесуэлы, абранага на травеньскіх выбарах 2018 года. Тыя выбары яшчэ да іх правядзення выклікалі вялікія пытанні як з боку венесуэльцаў, так і з боку міжнароднай супольнасці. У выніку яны былі прызнаны толькі 16 краінамі свету (у тым ліку і беларускім рэжымам). Нацыянальная Асамблея на тых падставах, што Мадура не можа лічыцца нікім іншым, як узурпатарам, спаслаўшыся на адпаведныя артыкулы ў канстытуцыі Венесуэлы, абвесціла Гуайдо дзеючым прэзідэнтам краіны. 23 студзеня 2019-га ён прынёс прэзідэнцкую прысягу. Пры гэтым ён сваёй галоўнай мэтай назваў арганізацыю свабодных справядлівых выбараў.


Гуайдо на пасадзе часовага прэзідэнта

У выніку ў Венесуэле склалася няпростая сітуацыя. Рэжым Мадуры не карыстаўся вялікай падтрымкай з боку венесуэльцаў, аб чым сведчылі масавыя пратэсты як папярэдніх гадоў, так і тыя, што адбываліся ў пачатку 2019-га. Міжнародная супольнасць таксама не прызнавала Мадуру ў якасці законнага і легітымнага кіраўніка Венесуэлы. Паўнамоцтвы Гуайдо былі прызнаны шматлікімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку — Злучанымі Штатамі і Арганізацыяй Амерыканскіх Дзяржаў.

Тым не менш, Мадура не збіраўся саступаць Гуайдо ўладу. Ягоны рэжым працягваў таксама мець падтрымку — як унутры, так і звонку. У чым нельга адмовіць Чавесу, дык гэта ў тым, што створаная ім ідэалогія чавізму, хай вельмі цьмяная і неканкрэтная (нават для ейнага аўтара), здолела кансалідаваць вакол сябе значную колькасць жыхароў краіны, у першую чаргу тых, хто адносіўся да найбяднейшых слаёў насельніцтва. Сфарміраваныя рэжымам парамілітарныя атрады аказвалі значную дапамогу паліцыі і службам бяспекі ў справе задушэння вулічных пратэстаў.

Звонку ў рэжыму заставаліся традыцыйныя саюзнікі — Кітая, Расіі і Ірана. І хоць Кітай паводзіў сябе асцярожна, каб не атрымаць праблем з-за парушэння санкцый, а Іран не меў дастатковых магчымасцей, каб істотна паўплываць на эканамічную сітуацыю, іхняй дапамогі хапала, каб аказаць хаця б маральную падтрымку рэжыму і дазволіць вытрываць націск на яго.


Не паспрыяў падзенню рэжыму чавістаў і страшэнны эканамічны крызіс, які накрыў краіну. Некаторую палёгку прынесла рашэнне Мадуры аб «далярызацыі» Венесуэлы. Гэта не значыла, што венесуэльскі балівар спыняў сваё існаванне, але лібералізацыя сітуацыі з валютнымі аперацыямі і адмена кантролю за цэнамі дазволіла і людзям, і дзяржаве атрымаць дадатковы прыбытак. Акрамя таго, у адкрытых крыніцах перыядычна ўсплывала інфармацыя пра фінансавыя крыніцы рэжыму, звязаныя з кантрабандай золата і наркотыкаў.

Гуайдо, у сваю чаргу, рабіў спробы па ліквідацыі рэжыму Мадуры. Яшчэ ў студзені 2019-га Гуайдо абвесціў амністыю ўсім вайскоўцам і супрацоўнікам спецслужбаў, хто акажа дапамогу ў гэтай справе. Найбольш істотнымі былі падзеі 30 красавіка 2019 года, калі Хуан Гуайдо і Леапольда Лопес спрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот. Тыя падзеі заслугоўваюць асобнага аповеду. У дадзеным выпадку дастаткова сказаць, што ўлада Мадуры вісела на валаску, і, як сцвярджалі потым амерыканскія афіцыйныя асобы, у аэрапорце Каракаса стаяў борт, гатовы перавезці Мадуру на Кубу. Тым не менш тая спроба скінуць Мадуру правалілася. І гэта было, бадай, першым моцным ударам па іміджы Гуайдо.

Сур’ёзная барацьба разгарнулася вакол кантролю над тымі актывамі Венесуэлы, якія знаходзяцца за мяжой, у тым ліку золатавалютнымі рэзервамі, якія захоўваюцца ў разнастайных замежных банках. Гэтая барацьба абкружана разнастайнымі дэтэктыўнымі гісторыямі з нечаканым і несанкцыянаваным перамяшчэннем вялікіх аб’ёмаў венесуэльскага золата (асноўнага сродку, у якім Венесуэла трымае свае рэзэрвы) з аднаго банка ў іншы і з кантынента на кантынент. У выніку праз судовыя працэсы Гуайдо і ягоны ўрад здолелі атрымаць кантроль над часткай золатавалютных рэзэрваў. У прыватнасці, дэмакратычныя сілы маюць доступ да 1,2 млрд фунтаў стэрлінгаў у золаце, якія захоўваюцца ў Банку Англіі. Акрамя таго, казначэйства ЗША прыняло рашэнне перадаць Гуайдо кантроль над некаторымі актывамі дзяржаўнай венесуэльскай нафтаздабыўной кампаніі «PDVSA», якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША.

Аднак галоўнай мэты Гуайдо дагэтуль не дамогся. Мадура працягвае кантраляваць Венесуэлу. За гэты час рэжым здолеў у значнай ступені падарваць легітымнасць урада Гуайдо і Нацыянальнай Асамблеі і вярнуць венесуэльскую апазіцыю да стану расколу. Паспяхова дзейнічаў рэжым і па падрыве іміджу самога Гуайдо. У чым, праўда, той раз-пораз і сам дапамагаў сваім апанентам. Напрыклад, не на карысць Гуайдо сыграла тое, што ўвосень мінулага года ён публічна выказаў падтрымку былому прэзідэнту Бразіліі Жаіру Балсанару, які паспрабаваў кінуць выклік інстытуту дэмакратычных выбараў і прынцыпам дэмакратыі ў цэлым. Гэта нанесла моцны ўдар па ягоным іміджы як змагара за дэмакратыю і барацьбіта з карупцыяй.

Што цяпер

Спадзяванні на хуткія перамены ў Венесуэле не спраўдзіліся. А каб весці працяглую стратэгічную барацьбу, неабходны моцныя нервы, у першую чаргу, каб не весціся на правакацыі з боку праціўнікаў і не іграць ім на руку. Склад Нацыянальнай Асамблеі-2015 гэтага не вытрымаў. І прыняў тое рашэнне, якое прыняў.

Праціўнікі гэтага рашэння называюць адхіленне Гуайдо ад пасады часовага прэзідэнта палітычнай памылкай і лічаць, што яно будзе карысным толькі Мадуры: аслабіць пазіцыі дэмакратычных сіл і дадасць яму легітымнасці, значна аддаліўшы пераход да дэмакратыі ў Венесуэле. У прыватнасці, гэта ўзмацняе пазіцыі рэжыму на перамовах з апазіцыяй, якія аднавіліся ў лістападзе мінулага года ў Мексіцы. Яны бачаць у гэтым рашэнні таксама эканамічную памылку, якая стварае пагрозу вяртання кантролю за замежнымі венесуэльскімі актывамі рэжыму Мадуры. Урэшце, тут заключана і памылка маральная, бо рашэнне перакрэслівае ўсе папярэднія ахвяры і дасягненні венесуэльскага народа ў змаганні за дэмакратыю і «нармалізуе» сітуацыю з узурпацыяй улады рэжымам Мадуры. У цэлым адзін з дэпутатаў Асамблеі-2015 Карлас Векьё, які не падтрымлівае гэтае рашэнне, назваў яго «памылкай гістарычнай».

Прапаненты рашэння спасылаюцца на тое, што Гуайдо так і не здолеў арганізаваць дэмакратычныя выбары, а таксама на тое, што ягоны ўрад ніколі не прэтэндаваў на пастаянны статус (сапраўды, ягоныя паўнамоцтвы прадаўжаліся штогод праз галасаванне).

Што ж яны прапануюць замест той сітуацыі, якая была да 5 студзеня? Усё вельмі проста: яны… спадзяюцца на прэзідэнцкія выбары, якія мусяць прайсці ў Венесуэле ў 2024 годзе.  Яны будуць да іх упарта рыхтавацца, і, па іхнім меркаванні, здолеюць кінуць выклік дзеючаму прэзідэнту Мадуру.

Улічваючы, што папярэднія выбары не былі прызнаны з-за шматлікіх парушэнняў, разлік на выбары-2024 выглядае дзіўнаватым. Адзінае што, да моманту іх правядзення могуць адбыцца падзеі, якія пазбавяць рэжым Мадуры падтрымкі з боку Кітая і Расіі, і тады яму сапраўды анічога не застанецца, як правесці свабодныя справядлівыя выбары. Іншых варыянтаў станоўчых перамен у Венесуэле ў той сітуацыі, якая склалася пасля рашэння парламентарыяў пазбавіць Гуайдо прэзідэнцкай пасады, пакуль не бачна.

Што не дазваляе разглядаць гэтую сітуацыю як суцэльную катастрофу, гэта тое, што ў апазіцыйнага парламента захоўваецца легітымнасць, атрыманая ад венесуэльскіх выбарцаў у 2015-м. Гэта дае яму магчымасць абраць новае кіраўніцтва, на змену ўраду Гуайдо. Што, уласна, Нацыянальная Асамблея і збіраецца зрабіць у бліжэйшы час. Больш за тое, Злучаныя Штаты вуснамі прэс-сакратара Рады нацыянальнай бяспекі Джона Кірбі абвясцілі, што хоць і прызнаюць рашэнне Асамблеі спыніць паўнамоцтвы Гуайдо, але працягнуць падтрымліваць кантакты і з Хуанам Гуайдо, і з абраным у 2015 годзе парламентам у цэлым, як з «апошнім дэмакратычным інстытутам». Акрамя таго, пад кантролем парламента застаюцца і некаторыя замежныя актывы Венесуэлы, гаворка пра якія ішла вышэй.

Тым не менш, Мадура, акрыяўшы, ужо абвясціў пра сваю гатоўнасць нармалізаваць адносіны з ЗША, разарваныя ў 2019-м пасля таго, як адміністрацыя Трампа прызнала Гуайдо законным прэзідэнтам Венесуэлы. Папярэдні досвед, аднак, прымушае сумнявацца, што гэтая нармалізацыя (нават калі яна адбудзецца) паспрыяе правядзенню ў 2024 годзе свабодных справядлівых выбараў і наблізіць Венесуэлу да дэмакратыі.

Карысным у дадзенай сітуацыі можна прызнаць, бадай, тое, што венесуэльскія дэмакратычныя сілы ставяць над сабой эксперымент, вынікі якога будуць цікавымі для іншых нацый, што апынуліся ў прыблізна аналагічных умовах. Вынікі эксперыменту, будуць яны станоўчымі ці адмоўнымі, падкажуць, якія рашэнні варта прымаць, а якіх лепш пазбегнуць, каб не даваць праціўнікам дэмакратыі лішніх козыраў у лёсавызначальнай гульні.