Венесуэла: Вяртанне апазіцыі

У нядзелю ў Венесуэле прайшлі рэгіянальныя выбары, у якіх упершыню пасля некалькіх гадоў байкоту прынялі ўдзел кандыдаты апазіцыі.

pic_140323112012.png


Хаця Венесуэла і Беларусь па шматлікіх момантах абсалютна непадобныя краіны, падзеі ў гэтай лацінаамерыканскай краіне вельмі часта экстрапалююць на наш палітычны працэс. Прычыны відавочныя: Уга Чавес, які прыйшоў да ўлады на «левых» папулісцкіх лозунгах, шмат каму падаваўся дублікатам Лукашэнкі. Тым больш, што Мінск і Каракас хутка пасябравалі, у тым ліку на глебе антыамерыканскіх забабонаў.

Пасля таго, як Чавес памёр, асацыяцыі паміж Сінявокай і Венесуэлай працягваць не скончылі. На радзіме Уга, пераемнікам якога стаў Нікалас Мадура, пачаўся палітычны крызіс. Прычым справа дайшла аж да стварэння альтэрнатыўных структур улады, якія ўзначаліў экс-спікер парламента Хуан Гуайдо. А некаторыя краіны Захаду нават прызналі Гуайдо ў якасці прэзідэнта. Не дзіўна, што, калі ў 2020-м Захад пачаў называць Святлану Ціханоўскую «беларускім лідарам», афіцыёз ахрысціў тую «гуайдзіхай».

Пакуль на гэтым паралелі паміж краінамі, здаецца, заканчваюцца. Бо, у адрозненне ад Беларусі, венесуэльскія ўлады і дысідэнты змаглі неяк дамовіцца наконт фармату выхаду з крызісу. Адным з пунктаў дамовы стала вяртанне апазіцыі да ўдзелу ў электаральных кампаніях. Раней яна байкатавала выбары, а ролю крытыка рэжыму Мадура часам давяралі такім камічным асобам, як вядучы вытворца піва.

І вось цяпер апазіцыя вярнулася. У мінулую нядзелю адбыліся выбары з яе ўдзелам. У цэлым у нядзелю венесуэльцы абіралі 23 губернатараў, 335 мэраў гарадоў, 253 чальцоў заканадаўчых саветаў і 2471 чальца мясцовых саветаў. На гэтыя мандаты прэтэндавалі больш за 70 тысяч кандыдатаў. На ўчасткі заявілася 8 151 000 грамадзян, што складае 41,8% выбаршчыкаў.

Галоўны вынік — перамога праўладнага «чавісцкага» блока. 20 з 23 губернатарскіх пасад зоймуць кандыдаты кіруючай «Адзінай сацыялістычнай партыі», паведаміў ЦВК. Апазіцыя святкуе перамогу толькі ў трох штатах.

Зрэшты, пакуль частка апазіцыі адмаўляецца прызнаваць вынікі галасавання. А лідары «правай» фракцыі апазіцыі ўвогуле яшчэ напярэдадні галасавання заявілі, што не лічаць выбары па-сапраўднаму свабоднымі, а Мадура — легітымным прэзідэнтам.

Пазіцыя аматараў байкоту, безумоўна, негатыўна паўплывала на градус мабілізацыі апазіцыйнага электарату. Не дзіўна, што пасля абвяшчэння вынікаў галасавання менавіта прыхільнікаў байкоту зрабілі крайнімі за трыумф урадавай партыі. Некаторыя падлічылі, што, калі б апазіцыянеры выступілі адзіным фронтам, то маглі б разлічваць на дзесяць губернатарскіх крэслаў.

Акрамя таго, у лагеры мясцовых апанентаў улады ўзніклі новыя лініі канфрантацыі. Кандыдаты ад апазіцыі, якія сталі губернатарамі, усё як адзін адносяцца да «старой гвардыі» палітыкаў. Гэта генеравала канфлікт паміж «ветэранамі» апазіцыі і яе «камсамолам». Кожны бок цягне коўдру на сябе, кажучы, што апаненты ўносяць раскол у апазіцыю і ў цэлым не прадстаўляюць венесуэльскі народ.

Так ці інакш, Мадура, якому, у адрозненне ад апазіцыі, удалося прывесці на ўчасткі сваіх прыхільнікаў, цяпер адкаркоўвае шампанскае.

Хаця ўсё ж варта пачакаць вынікаў працы еўрапейскіх назіральнікаў. Калі выбары палічаць сумленнымі і празрыстымі, то ў гісторыі венесуэльскай апазіцыі і, напэўна, усёй краіны, пачнецца новы этап.