Яўген Магда: Калі дэмакратычныя сілы не будуць паказваць зубы, іх папулярнасць сыдзе на нішто
Беларускія дэмакратычныя сілы павінны рэальна трансфармавацца, а не калькаваць логіку Лукашэнкі ў сваёй працы. Трэба абраць Каардынацыйную раду, якая, у сваю чаргу, абярэ лідара дэмакратычных сілаў. У адваротным выпадку Святлане Ціханоўскай будзе складана пацвердзіць свой статус president-elect.
Рэжым плануе правесці прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі ўжо летам 2025 года. Паўтара года — не вельмі доўгі тэрмін. Што рабіць беларускім дэмакратычным сілам у існуючых умовах? BGmedia пагутарыла на гэты конт з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.
— Летам 2025 года ў Беларусі пройдзе прэзідэнцкая кампанія. Ужо цяпер дэмакратычныя сілы стаяць перад выбарам: альбо ўдзельнічаць у кампаніі ў традыцыйным фармаце (вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты або падтрымка ўмоўна нейтральнага прэтэндэнта), альбо адмовіцца ад удзелу. У цяперашняй сітуацыі, калі «няправільны» смайлік у сацсетках пагражае крымінальнай справай і рэальнай турмой, а выбары як такія адсутнічаюць, да чаго прывядзе вылучэнне апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты?
— Я не думаю, што беларускія дэмакратычныя сілы змогуць вылучыць афіцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, прынамсі, зыходзячы з унутрыпалітычнай сітуацыі на сёння. Па-першае, гэта ўяўляецца малаверагодным, а па-другое, немэтазгодным, таму што сапраўды вылучэнне такога чалавека падставіць яго пад удар рэпрэсіўнай машыны, якая з 2020 года толькі пастаянна набірала абароты. Гэта з аднаго боку.
А з іншага боку, заклік Рыгора Астапені «не злаваць дзеда» мне падаецца не занадта эфектыўнай зброяй супраць Лукашэнкі. Так ці інакш, калі дэмакратычныя сілы не будуць дэманстраваць імкненне змагацца, не будуць паказваць зубы, то іх папулярнасць проста сыдзе на нішто. І гэта таксама трэба ўлічваць.
Мне блізкая пазіцыя Юрыя Дракахруста, які нядаўна ў інтэрв'ю Зміцеру Лукашуку працытаваў артыкул «Што рабіць» Уладзіміра Леніна: трэба ствараць структуру і працаваць з інфармацыяй. На першы погляд, гэта вельмі просты, але ва ўмовах Беларусі вельмі складаны рэцэпт прасоўвання сваіх ідэй. Напэўна, беларускія дэмакратычныя сілы павінны зразумець, што ім трэба будзе гуляць удоўгую, таму ім трэба думаць і дзейнічаць асіметрычна.
— Шэраг экспертаў прапанавалі дэмакратычным сілам «не злаваць дзеда», гэта значыць Лукашэнку. Формула прапановы гучыць прыкладна так: «Ёсць набор дзеянняў, каб не павялічваць рэпрэсіі». Трэба разумець, гаворка ідзе пра абмен часткі санкцый супраць беларускага рэжыму на неўзмацненне рэпрэсій унутры Беларусі. Ці можа спрацаваць формула прымірэння Лукашэнкі? Якія нетрадыцыйныя формы ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі можна ўжыць ва ўмовах фактычнай акупацыі краіны?
— Формула «не злаваць дзеда» прадугледжвае не адмову ад дзеянняў і заяў, накіраваных супраць Лукашэнкі. Нават абсалютна траваедная пазіцыя беларускіх дэмакратычных сілаў не прывядзе да таго, што Лукашэнка і яго камарылья адмовяцца ад рэпрэсій. Рэжым успрымае рэпрэсіі як інструмент запалохвання.
Але змяніць вектар, на мой погляд, было б вельмі правільна. Я мяркую, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны шукаць магчымасці казаць не столькі пра вызваленне закладнікаў, гэта значыць палітвязняў, а пра ўмовы, на якіх цяперашнія прадстаўнікі рэжыму гатовыя будуць атрымаць амністыю пасля змены ўлады. Гэта адзіна магчымы на сёння крок, гэта адзіна магчымы варыянт, які будзе ўспрыняты і які будзе працаваць у цяперашняй сітуацыі.
Таму што ў выпадку з палітвязнямі Лукашэнка загадзя ведае, што з ім будуць гандлявацца, і ён ведае, у якім фармаце з ім будуць гандлявацца. Гэта ўжо даўно не сакрэт.
— Ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі-2025 залежыць палітычнае выжыванне беларускай эміграцыі, кажуць нам. На ваш погляд, дэмсілы цяпер сапраўды павінны рабіць стаўку на прэзідэнцкую кампанію, ці перад імі стаяць значна больш важныя і рэалістычныя задачы?
— Калі беларуская палітычная эміграцыя, ці беларускія дэмакратычныя сілы, хочуць дамагчыся выжывання, у цяперашняй сітуацыі ім трэба будзе наступнае. Па-першае, сфармаваць у 2024 годзе Каардынацыйную раду (наколькі мне вядома, Каардынацыйная рада не будзе абраная 25 траўня 2024 года), пасля чаго абіраць кіраўніка дзяржавы (нефармальнага лідара, лідара дэмакратычных сіл — гэта пытанне нэймінга) ужо ў парламенце. Імкненне беларускіх дэмакратычных сіл нацягнуць фармат суперпрэзідэнцкай Рэспублікі на сваё цяперашняе становішча ў эміграцыі выглядае досыць смешна.
Для таго каб шукаць шляхі працы з заходнімі структурамі, шукаць у тым ліку і новыя фінансавыя рэсурсы, беларускім дэмакратычным сілам варта трансфармавацца, а не проста калькаваць логіку Лукашэнкі ў сваёй працы. Калі яны не будуць трансфармавацца, выклікі, якія перад імі паўстануць, акажуцца яшчэ больш сур'ёзнымі, чым мы мяркуем на сёння. Паколькі беларускія дэмакратычныя сілы не ўяўляюць сабе сітуацыі, у якой наступіць 2025 год, і Святлана Ціханоўская страціць свой статус president-elect.
Для таго каб пазбегнуць гэтага, неабходна ісці на выбары лідара дэмакратычных сіл (калі хочаце — лідара беларусаў у выгнанні) у парламенце. Гэта найбольш рацыянальны і зразумелы заходнім структурам крок. Тэзіс пра тое, што Святлана Ціханоўская ў 2020 годзе атрымала беспамерны па часе мандат, не вытрымлівае ніякай крытыкі, на мой погляд.
Нават калі Лукашэнка пойдзе ў 2025 годзе на «выбары», гэта будуць безумоўна не дэмакратычныя выбары. Але, з іншага боку, Святлана Ціханоўская не зможа ў іх удзельнічаць, і ёй будзе вельмі складана даказаць сваім заходнім партнёрам, што яна працягвае быць president-elect, або лідарам дэмакратычных сіл. Яна сапраўды ўсё больш і больш становіцца сімвалам, хоць пры гэтым яна павінна станавіцца не сімвалам, а інструментам для пераўтварэнняў.