«Крэатыўныя» і гатовыя на ўсё. Хто стаіць за легітымізацыяй рэпрэсій у Беларусі

Рэпрэсіўныя законы ў краіне ініцыююць сілавікі — і іх імёны гучаць з 2020 года.

img_2231_logo.jpg_logo.webp

Чацвёрты год у Беларусі ўзмацняецца ціск на нязгодных з рэжымам. За гэты час улады зрабілі больш жорсткім пакаранне за ўдзел у пратэстах — цяпер нават фота ў сацсетках лічыцца «незаконным пікетам». Любая сума ў фонды дапамогі рэпрэсаваным — падтрымка «экстрэмізму». Яшчэ ў 2021 годзе Следчы камітэт прапаноўваў прыбраць смяротнае пакаранне з Крымінальнага кодэкса, у 2023-м яго прымяненне пашырылі. Хто стаіць за рэпрэсіўнымі законамі ў Беларусі — у матэрыяле «Deutsche Welle».

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», асноўны ініцыятар прыняцця законаў у Беларусі — урад. Дэпутаты парламента выконваюць тэхнічную функцыю: галасуюць «за». Калі гаворка ідзе пра рэпрэсіўныя законы, то яны зыходзяць ад сілавых структур і прымаюцца без сапраўднага публічнага абмеркавання.

Пазбаўленне грамадзянства ад Кубракова

Іван Кубракоў быў прызначаны міністрам унутраных спраў у разгар мітынгаў — восенню 2020 года. Да таго ён узначальваў міліцыю ў Мінску і асабіста распрацоўваў план падаўлення пратэстаў. Адной з першых яго заўважных ініцыятыў было змяненне Закона «Аб масавых мерапрыемствах» — каб не было ахвотных выходзіць на пратэсты. МУС дамаглося значнага павышэння штрафаў па адміністрацыйных справах. А ў Крымінальным кодэксе з'явіўся новы артыкул: калі чалавека двойчы за год затрымліваюць за ўдзел у «незаконнай» акцыі, то на трэці раз на яго ўжо заводзяць крымінальную справу, і тэрмін пакарання на год вышэйшы — да 4 гадоў. Па ініцыятыве Кубракова ўлады легітымізавалі прымяненне сілы, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі супраць дэманстрантаў.

Таксама ў МУС дамагліся права на пазбаўленне грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой і ўдзельнічалі ў «экстрэмісцкай дзейнасці» або «прычынілі цяжкую шкоду інтарэсам» краіны. Кубракоў, прадстаўляючы законапраект у парламенце, заяўляў, што разлічвае на «прафілактычны» эфект новаўвядзення. Шэраг апазіцыянераў ужо асуджаныя завочна, фактаў пазбаўлення іх грамадзянства пакуль няма. Прымаць такое рашэнне па кожным чалавеку будзе Аляксандр Лукашэнка.


Глядзіце таксама

Завочныя суды ад Гары

Каб пазбаўленне грамадзянства стала магчымым, у 2022 годзе сілавікі распрацавалі механізм завочных крымінальных судоў. Гэта была ініцыятыва кіраўніка Следчага камітэта Дзмітрыя Гары. Ён узначаліў ведамства вясной 2021 года. Яго папярэднік Іван Наскевіч не апраўдаў чаканняў Лукашэнкі па «зачыстцы» грамадзянскай супольнасці: хоць у цэлым ён падтрымаў ідэю абараняць сілавікоў і караць удзельнікаў пратэстаў, пры ім усё ж прымалі заявы ад збітых на мітынгах, праводзіліся праверкі, якія ў выніку не прывялі да крымінальных спраў.

Гара прыйшоў у СК з Генеральнай пракуратуры, але прапрацаваў там усяго год з невялікім, ён — выхадзец з КДБ.

Прадстаўляючы законапраект аб завочных судах у парламенце, новы кіраўнік СК падкрэсліў, што гэта дазволіць захаваць прынцып няўхільнасці пакарання — заходнія краіны адмаўляюцца выдаваць беларусаў, якіх на радзіме пераследуюць па палітычных матывах. Таксама Гара заявіў, што трэба больш актыўна спаганяць шкоду з такіх асуджаных. Улады ўжо спрабавалі прадаць кватэру Валерыя Цапкалы, які выступіў супраць Лукашэнкі на выбарах 2020 года, у 2023-м ён атрымаў завочна 17 гадоў пазбаўлення волі. Крыху пазней Гара ўдакладніў, што завочныя працэсы будуць тычыцца не толькі апазіцыянераў, але і бізнесменаў, якія з'ехалі за мяжу.

Смяротнае пакаранне ад Церцеля

У 2021 годзе па ініцыятыве сілавікоў быў зменены Крымінальны кодэкс. Першапачаткова ў законапраекце была норма, якая адмяняла смяротнае пакаранне, гэта была ініцыятыва Следчага камітэта, распрацаваная да пачатку масавых пратэстаў. Да фінальнага галасавання гэтая папраўка ўжо не дайшла. Больш за тое, праз два гады ў Беларусі пашырылі магчымасць прымянення расстрэлаў.


Глядзіце таксама

Гэта ідэя Івана Церцеля, у верасні 2020-га ён стаў старшынёй КДБ. У 2022 годзе Церцель дамогся, каб пакаранне за «замах на акт тэрарызму» было такім жа, як і за здзейсненую падзею, — расстрэл. Гэта адказ на акцыю «рэйкавых партызан», якія спрабавалі перашкодзіць руху расійскай вайсковай тэхнікі ва Украіну праз беларускую чыгунку. З 2023 года смяротнае пакаранне з ініцыятывы Церцеля могуць прызначаць вайскоўцам і чыноўнікам за «здраду дзяржаве». Кіраўнік КДБ назваў гэта «нейтралізацыяй знешніх пагроз».

Забарона на амністыю ад Шведа

Андрэй Швед прызначаны генпракурорам у верасні 2020 года. Ранейшы кіраўнік пракуратуры Аляксандр Канюк не апраўдаў надзеі ўладаў на жорсткае падаўленне пратэстаў. Пры Канюку пракуроры ўдзельнічалі ў датэрміновым вызваленні затрыманых на акцыях. Швед з першых дзён прадэманстраваў супрацьлеглы падыход: сабраў падначаленых і абвясціў, што нязгодныя з уладай павінны сысці. Лукашэнка, прадстаўляючы яго на новай пасадзе, заявіў, што «часам не да законаў».


Глядзіце таксама

Менавіта генпракурор «засек» амністыю для палітвязняў у 2022 годзе, хоць у МУС не пярэчылі супраць частковага вызвалення. Той жа пазіцыі Швед прытрымліваецца і з нагоды амністыі-2024. «Такія асобы ўяўляюць вялікую небяспеку для навакольных, яны замахваюцца на асновы канстытуцыйнага ладу і нармальнае жыццё грамадства», — тлумачыў ён.

Паводле звестак СК, толькі ў Мінску з 2020 года было заведзена 7400 крымінальных спраў за «экстрэмізм». Беларусь займае шостае месца ў свеце па колькасці палітвязняў, у спісе праваабаронцаў цяпер 1414 чалавек.