Турэмныя правілы: іерархія, групоўкі, жаргон

Ёсць досвед, які б не хацелася мець за спінай, і турма — адзін з іх. Правілы супольнага жыцця там запамінаюцца надоўга.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі ў месцах зняволення даўно існуюць негалосныя правілы камунікацый зняволеных паміж сабой. Яны адрозніваюцца ад тых, што напісаныя ў дакументах, а мова камунікацыі і турэмны слэнг часта зразумелыя толькі іх носьбітам.

Каб зразумець, якія негалосныя правілы камунікацыі існуюць у месцах зняволення, а таксама як самі палітвязні ўпісваюцца ў чужую для іх сістэму, «Вясна» пагутарыла з палітвязнямі, якія прайшлі праз СІЗА і калоніі. У мэтах бяспекі іх імёны не называюцца. Пасля гэтага праваабаронцы папрасілі пракаментаваць іх псіхатэрапеўтку, якая працавала ў пенетенцыярнай сістэме Беларусі. 

Іерархія ў месцах зняволення

Асаблівым чынам у месцах зняволення ўтвараецца пэўная іерархія. Гэта не датычна, напрыклад, ЦІП Акрэсціна: усё залежыць ад канцэнтрацыі палітычных і «крымінальнікаў» у камеры, але агулам камунікацыя грунтавалася на ветлівасці з улікам турэмнай спецыфікі. У астатніх месцах зняволення пэўная іерархія прасочваецца. На «Валадарцы» ў кожнай камеры ёсць «сматрашчы» (некаторыя адзначаюць, што ў гэтым месцы такі чалавек называецца «старэйшым па камеры»). Звычайна гэта той чалавек, які сядзіць дольш за ўсіх, альбо самы дасведчаны (паводле іншых звестак, яны прызначаюцца міліцыянтамі, каб было зручней «трымаць» камеру). Па спецыяльных «шляхах» (праз вокны ці прыбіральню) ён атрымлівае паведамленні («м-кі» ці «малявы») ад «старэйшага» па СІЗА. Калі чалавека, які чымсьці правініўся (трапіў у СІЗА за гвалтоўныя артыкулы, скарыстаўся рэчамі, якія ўпалі ў зоне прыбіральні, не падпарадкаваўся «старэйшаму»), «адсаджваюць» (пазбаўляюць спальнага месца і кідаюць яму матрац каля дзвярэй), менавіта ён вырашае, ці ўзнавіць яго ў правах («адшаптаць»). Часам такія справы разглядае нават «сматрашчы» па СІЗА. З такімі правіламі «новапрыбыўшых» знаёмяць, калі раптам чалавек упершыню нешта робіць не так — могуць заплюшчыць вочы. 

На «Валадарцы» існуюць як «рэжымныя» камеры (каля 5-6 камераў), якія цалкам падпарадкоўваюцца рэжыму турмы. У гэтым выпадку часам супрацоўнікі могуць параіцца са «старэйшым», каго «падкінуць» у камеру. Нерэжымныя камеры могуць пратэставаць: напрыклад, абвяшчаць галадаванні.


Глядзіце таксама

Вязні адзначаюць, што СІЗА фактычна рыхтуе чалавека да калоніі, усім тлумачацца «турэмныя парадкі». Гэтым нават прыгражаюць у СІЗА: калі хтосьці парушае правілы, яго папярэджваюць, што наперадзе ўсе могуць сустрэцца ў калоніі — а там ужо іншыя ўмовы. Але, напрыклад, у 15-й калоніі не існуе пэўнай паралельнай іерархіі, бо там утрымліваюць гэтак званых «першаходаў»: людзей, хто знаходзіцца ў зняволенні ўпершыню. Таму там па вызначэнні не бывае «злодзеяў у законе» і «аўтарытэтаў». Затое пэўная іерархія вызначаецца іншым чынам. Ёсць звычайныя актывісты — старшыня савета атрада, кіраўнікі камісій (спартыўнай, бытавой, культмасавай), ёсць брыгадзіры вытворчых брыгад. Таксама існуюць гаспадарчыя пасады, якія даюць пэўныя гаспадарчыя паўнамоцтвы (загадчык лядоўкі, загадчык склада рэчаў). У пэўнай ступені ад кожнага з іх можа нешта залежаць, і зняволеныя мусяць будаваць свае адносіны з імі з ўлікам гэтага, але могуць не звяртаць ўвагі.

Каментар псіхатэрапеўткі:

— У нармальным грамадстве ёсць законы, якія ахоўваюць яго інтарэсы. А ёсць крымінальны закон, калі людзі робяць што хочуць і не прытрымліваюцца правілаў не чыніць шкоду іншым. Гэта і трымае крымінальную структуру, бо любой групе патрэбныя правілы. Але гэтая сістэма дастаткова скажоная. Варта адразу зразумець, што злачынная псіхалогія — заўсёды перверзная. Гэта значыць, што пэўныя маральныя нормы грамадства ў крымінальным свеце перакручаныя. Напрыклад, мужнасць палягае не ў тым каб абараніць, а ў тым, каб забіць.

Палітзняволеныя, якія трапляюць у гэтую сістэму і вымушаныя прытрымлівацца такіх правілаў, выглядаюць тут асобнай групай, бо яны не належаць да крымінальнага свету. Калі чалавек знаходзіцца ў зняволенні не так доўга (прыкладна да года), у яго можа атрымацца дыстанцыянавацца і знаходзіць мову з крымінальным светам. Калі ты знаходзішся там больш за год, то мусіш ужо ўбудавацца ў гэтую сістэму. Гэта падобна да таго, што адчувае ўся краіна: калі ты мусіш падпарадкоўвацца парадкам, якія супрацьстаяць прыродзе, здароваму сэнсу, дзе ўсё перакулена. Табе даводзіцца быць тым, кім ты не з’яўляешся, і тады выратаваць можа, калі ты ўнутры сябе ператвараеш гэта ў гульню. Дысацыюешся ад сябе, убудоўваешся ў сістэму і жывеш паводле яе правілаў, але памятаючы ўнутры, які ты. Але ты жывеш толькі на палову. 


Глядзіце таксама

Пасля такой траўмы чалавек губляе частку сябе, эмоцый і перажыванняў, веру ў справядлівасць і чалавечнае стаўленне да цябе іншага чалавека. І далей ужо залежыць, як ён будзе праходзіць гэты досвед. Ад выкліканага зняволеннем пачуцця спустошанасці могуць выратаваць крошкі чалавечага стаўлення, якое можна вылавіць у турме, кантакты з людзьмі пасля вызвалення. Агромністы кошт за тое, што ты быў чалавекам, а цябе за гэта пакаралі, прыводзіць да абесчалавечвання і цынізму. Пасля турмы страчваецца вера ў чалавечыя адносіны, таму можа быць шмат недаверу, ізаляцыі, бо чалавек адчувае, што ніхто не зразумее яго досвед. Таму вельмі важна выцягваць людзей цікаўнасцю да іх гісторыі, спробамі зразумець яе.

Асобныя групоўкі

Ва ўсіх месцах зняволення вылучаюцца пэўныя групы людзей. Напрыклад, існуе негалоснае правіла не ўступаць ні ў якія зносіны з людзьмі «сацыяльна нізкага статусу» (у асноўным, гэта тыя, хто сядзіць за пэўныя злачынствы сэксуальнага характару, аднак у гэтую «групу» могуць і «перавесці»), забараняецца нават браць у іх штосьці з рук: у такім выпадку ты мог перайсці ў тую ж групу. Але пры гэтым частаваць іх можна. Такім людзям забаронена ўступаць ў кантакт са звычайным асуджаным, бо той можа і не ведаць, хто перад ім: тады людзі з гэтай групы (іх часта называюць «апушчанымі») мусіць папярэдзіць. Яшчэ ў СІЗА здараюцца выпадкі, што недасведчаны чалавек выпадкова дакранецца да ўнітазу (гэта таксама нефармальна дазволена толькі людзям з нізкім сацыяльным статусам). Тады яго адсаджваюць у бок, пакуль адміністрацыя СІЗА ці «сматрашчы» не вырашаюць, што з ім рабіць. Ва ўсіх згаданых суразмоўцамі «Вясны» выпадках справы «спускалі на тармазах». Адзін з былых зняволеных адзначаў, што небяспека палягае ў тым, што калі пасля СІЗА ў калоніі даведаюцца, што ты сядзеў з такім чалавекам, пазбаўленне ў правах можа распаўсюдзіцца і на цябе.

Ціск зазнаюць і прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці, якіх таксама абмяжоўваюць у правах, у дачыненні да іх ёсць шэраг абмежаванняў у паводзінах і камунікацыі. Аднак у «палітычных» камерах у ЦІПе на Акрэсціна часта нават не адчужаюць прадстаўнікоў ЛГБТК+. Ім забаранялася толькі чапаць кран як месца агульнага карыстання — воду для іх налівалі ў бутэльку. Таксама яны займалі палову камеры бліжэй да дзвярэй. Іншага ціску яны не адчувалі. Распаўсюджваюцца пэўныя правілы і агулам на зону прыбіральні: у СІЗА на «Валадарцы» ўсё, што ўпала ў гэтай зоне, выкідаецца («адсажваецца»). А ў пэўных месцах зняволеным забараняецца нават зліваць за сабой ваду, бо гэта занятак для людзей з нізкім сацыяльным статусам. У адной з калоній для іх ёсць пэўнае месца пад лесвіцай, дзе яны жывуць (раней яны ўвогуле жылі на вуліцы), для іх ёсць асобная лаўка ззаду ў агульных месцах — напрыклад, дзе глядзяць тэлевізар. Для іх ёсць асобнае месца і на прамысловай зоне, у іх ёсць асобны кут у жылой зоне. 


Глядзіце таксама

Апроч гэтага, існуюць і іншыя групоўкі. У ПК-15 існуюць пэўныя нефармальныя групоўкі — прыкладам, «цыганы». Іх шмат, яны заўсёды разам, і з імі трэба лічыцца іншым. Іншая суполка — «наркаманы» (арт. 328, асуджаныя па іншых наркатычных артыкулах), яны таксама часцей групуюцца разам, яны падобныя і паводле ўзросту і адукацыі. Групуюцца і аматары футболу, і «спартсмены» — хто ў спорт-гарадку цягае «жалеза», аматары розных настольных гульняў, як нарды ці даміно. Асобнай супольнасцю ў месцах зняволення сталі палітвязні, хаця камунікацыя паміж імі часта забароненая. 

Каментар псіхатэрапеўткі:

— У перверсіўным свеце ніколі не дапушчаная іншасць. Усе мусяць быць аднолькавыя і падпарадкаваныя іерархіі. Таму вылучаюцца пэўныя групоўкі, бо важна, каб гэтая іншасць таксама была ў межах іерархіі. Таму яны сябе дзеляць, стараюцца не трапіць з аднаго клас у другі. 

У норме гомасэксуальнасць — гэта толькі пра тое, каго я выбіраю ў якасці аб’екта, падобнага ці не падобнага да мяне. І ў людзей сэксуальны акт — гэта пра блізкасць ці задавальненне сваіх жаданняў па ўласнай згодзе, гэта нармальная сэксуальнасць. Але калі ў крымінальным свеце існуе перверсія, там няважна, ці гэта гома- , ці гетэрасэксуальны акт, там іншы чалавек успрымаецца як рэч. І стаўленне аказваецца, каб падпарадкаваць сабе іншага і ўсталяваць над ім уладу. Тыя, хто ўсталяваў уладу, у такім успрыманні — «малайцы», і пеніс у гэтым свеце з канкрэтным прадметным мысленнем — зброя, з дапамогай якой гэтая ўлада дасягаецца. Гэта перверсіўны сэксуальны акт, ты на самай нізкай іерархіі, бо над табой усталявалі ўладу, а не выказванне кахання.

Цалкам прачытаць артыкул пра турэмныя правілы можна тут.