«Глядзеў Скабееву і фільтраваў навіны». Экс-палітзняволеная — пра сустрэчы з Рабковай і Бяляцкім

Былая палітзняволеная (імя не называецца ў мэтах бяспекі) знаходзілася ў СІЗА-1 (на «Валадарцы»), дзе сустрэла палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» Марфу Рабкову і Алеся Бяляцкага. Гісторыямі гэтых сустрэч яна падзялілася з «Вясной», якая апублікавала аповед ад першай асобы.

Калаж «Вясны»

Калаж «Вясны»

Калі шчыра, да майго сораму, я не ведала, як выглядае Алесь Бяляцкі. Я ведала, што Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, але ніколі не запамінала яго выгляд па фота. І вось аднойчы мяне вялі да адваката, і трэба ісці з галавой уніз і рукамі за спінай, гэта значыць я заўсёды бачыла толькі ногі перад сабой. І я па абутку навучылася разумець, хто за што сядзіць. Калі просты абутак або спартыўны «Адыдас» — то наркотыкі, калі мужчынскія туфлі або макасіны — то эканоміка, а калі прыгожыя красоўкі — то палітыка.

І ў той раз перада мной ішоў мужчына ў прыгожых красоўках. Наколькі я памятаю, шэра-чырвоныя красоўкі. Гэта быў Алесь.

У мяне няшмат з ім кантактаў было. Але ўсе вельмі яркія. Калі нас вадзілі ў душ, мы спыняліся каля камеры Алеся, і адтуль заўсёды з орам даносіліся «60 минут» са Скабеевай [прапагандысцкае ток-шоу на расійскім тэлебачанні]. І я думала: як яны могуць глядзець гэты жах у нашых умовах? Але мне здаецца, ён проста хацеў быць у курсе таго, што адбываецца, і фільтраваў навіны.

Аднойчы ў камеру прыехала жанчына з калоніі на зачытку апеляцыі ці нешта такое. І яна радасная зайшла да нас і кажа: «Уяўляеце, мне толькі што Алесь Бяляцкі нёс матрац! Я яму кажу: «Алесь, мне ўпершыню ў жыцці Нобелеўскі лаўрэат падносіць рэчы!» Але потым яму забаранілі дапамагаць, і палову дарогі яна сама несла свой матрац.


Глядзіце таксама

Пра Марфу Рабкову

І яшчэ гэтая жанчына сказала Марфе Рабковай: «Марфа, гэта вы? Вы такая маладая! Вы там вялікая знакамітасць, вас вельмі чакаюць!» І Марфа так здзівілася, што пра яе ведаюць і пра яе кажуць. Праз некалькі дзён гэтая жанчына лепей спазнала Марфу і сказала ёй: «Вам там будзе цяжка, там лепш не высоўвацца». І Марфа сказала: «Я не змагу, калі я бачу несправядлівасць — я не магу прамаўчаць».

Марфа, вось не памятаю, кожны аўторак ці кожны чацвер чакала, што яе адправяць у калонію, таму што прысуд ужо даўно ўступіў у сілу. І яна на ўсялякі выпадак збірала рэчы. І ў той дзень, калі ёй давялося з'ехаць, яна ўжо рэчы не збірала так старанна, таму нам давялося спяшацца — і мы ўсёй камерай яе збіралі. Калі яе вывелі з камеры на прадол, мы з дзяўчынкамі на «тры-чатыры» крыкнулі: «Марфа, мы цябе любім!»

Гэта было вельмі шчыра. Яе праўда ўсе паважалі і адчувалі да яе цёплыя пачуцці. І яна была рада, што з'язджае ў калонію, яна гаварыла са слязамі на вачах: «Дзяўчынкі, разумееце, мне не здаецца, што я еду ў калонію, я еду дадому, я ўбачу маму!» Таму што яна з Добруша. І гомельская турма там побач.

Мяне вельмі кранула яе фраза, калі Марфа сказала, што калі б у яе быў выбар (яе прысуд або да канца жыцця не выходзіць з дому), то яна б пагадзілася ніколі не выходзіць з дому, абы быць з блізкімі побач. Яна часта пераглядала фатаграфіі мамы, таты, а таксама з мужам, паказвала іх нам — і ўсе казалі, якая яны мілая пара і што Марфа вельмі схуднела.

Таксама Марфа дзялілася сваёй філасофіяй, што калі наступіць Беларусь будучыні, не трэба караць сілавікоў, інакш мы прыпадобнімся да іх і гвалт ніколі не скончыцца — мы павінны будзем ім дараваць і прыдумаць ім новыя месцы рэалізацыі. А яшчэ яна казала, што ў будучыні будзе працаваць правяраючай умоў зняволеных у турмах, будзе ездзіць з інспекцыямі па ўсіх месцах зняволення.

Мяне здзівіла, што яна была там два з паловай гады, але яе погляды і каштоўнасці не змяніліся, яна зусім не была зламана. Алесь увесь час перадаваў Марфе прывітанні праз разносчыцу ежы, казаў, каб яна трымалася і «Вясна прыйдзе». Яе твар у гэтыя моманты азараўся ўсмешкай. Наогул яна часта ўсміхалася.