У Расіі асудзілі праваабаронцу, які назваў пуцінскі рэжым фашысцкім
Старшыню расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Алега Арлова прысудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за антываенны артыкул, у якім ён назваў пуцінскі рэжым фашысцкім. На пасяджэннях суда Арлоў чытаў «Працэс» Франца Кафкі, піша «Медуза».
Галавінскі суд Масквы паўторна разгледзеў крымінальную справу аб «дыскрэдытацыі» арміі РФ (частка 1 артыкула 280.3 КК), узбуджаную праз антываенны артыкул «Ім хацелася фашызму. Яны яго атрымалі», які апублікаваў сустаршыня праваабарончага «Мемарыяла» Алег Арлоў.
У кастрычніку 2023 года праваабаронцу прысудзілі па гэтай справе да штрафу ў 150 тысяч расійскіх рублёў, аднак пракуратура абскардзіла прысуд, угледзеўшы ў справе «матыў ідэалагічнай варожасці і нянавісці».
Алег Арлоў адмовіўся ўдзельнічаць у новым працэсе, назваўшы яго неправасудным. Падчас пасяджэнняў ён дэманстратыўна чытаў раман Франца Кафкі «Працэс» і абмежаваўся толькі выступленнем з апошнім словам у спрэчках.
«Я не здзейсніў злачынства, — сказаў Арлоў. — Мяне судзяць за газетны артыкул, у якім я назваў палітычны рэжым, што ўсталяваўся ў Расіі, таталітарным і фашысцкім. Артыкул быў напісаны больш за год таму. І тады некаторым маім знаёмым здавалася, што я занадта згушчаю фарбы. Але цяперцалкам відавочна — я ніколькі не перабольшваў».
27 лютага суд прызначыў яму два гады і шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Крымінальную справу супраць Алега Арлова распачалі вясной 2023 года. Падставай стаў яго артыкул «Ім хацелася фашызму. Яны яго атрымалі», які выйшаў у лістападзе 2022 года на французскай мове ў выданні «Mediapart». Рускі пераклад Арлоў размясціў у сваім фэйсбуку.
«Крывавая вайна, развязаная рэжымам Пуціна ва Украіне, — гэта не толькі масавае забойства людзей, знішчэнне інфраструктуры, эканомікі, аб'ектаў культуры гэтай выдатнай краіны. Не толькі разбурэнне асноў міжнароднага права. Гэта яшчэ і найцяжэйшы ўдар па будучыні Расіі, — гаварылася ў артыкуле. — Краіна, якая трыццаць гадоў таму пайшла ад камуністычнага таталітарызму, скацілася назад у таталітарызм, але цяпер фашысцкі».
11 кастрычніка Галавінскі раённы суд Масквы аштрафаваў Алега Арлова на 150 тысяч рублёў, прызнаўшы яго вінаватым у паўторнай «дыскрэдытацыі» войска. Праваабаронца заявіў, што не раскайваецца ў тым, што напісаў гэты артыкул. Праз два тыдні пракуратура абскардзіла прысуд, запатрабаваўшы прызначыць Арлову тры гады пазбаўлення волі. Прадстаўнікі абвінавачання заявілі, што ў справе быў выпушчаны з-пад увагі «матыў палітычнай і ідэалагічнай нянавісці».
Следчы камітэт завяршыў паўторнае расследаванне 31 студзеня 2024 года. У справе была праведзена новая лінгвістычная экспертыза — і знойдзена абцяжваючыя віну абставіны. Следства палічыла, што сустаршыня «Мемарыяла» апублікаваў антываенны артыкул, кіруючыся матывамі варожасці «супраць традыцыйных расійскіх духоўна-маральных і патрыятычных каштоўнасцей» і нянавісці да расійскіх вайскоўцаў. Паводле экспертызы, у артыкуле Арлова ўзброеныя сілы РФ «характарызуюцца як звязаныя з генацыдам, забойствам людзей, знішчэннем інфраструктуры, эканомікі і аб'ектаў культуры» і «злачынныя, накіраваныя супраць існага ладу або парушаюць існы парадак».
Артыкул абвінавачання пры гэтым застаўся той жа самы, яго не
абцяжарвалі. На час новага расследавання праваабаронца знаходзіўся пад
падпіскай аб нявыездзе. 2 лютага Мінюст РФ абвясціў Алега Арлова «замежным агентам».