Цела Аляксея Навальнага аддалі маці

Цела Аляксея Навальнага аддалі маці. Пра гэта паведаміла каманда Навальнага.

Фота getty images

Фота getty images

«Пакуль Людміла Іванаўна ў Салехардзе. Пахаванне яшчэ наперадзе. Мы не ведаем, ці будзе ўлада перашкаджаць правесці яго так, як гэтага хоча сям'я і як таго заслугоўвае Аляксей. Мы будзем паведамляць інфармацыю па меры яе паступлення», — паведаміла прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.

Дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў падзякаваў усім, хто патрабаваў, каб цела Аляксея Навальнага перадалі яго сям'і.

Юлія Навальная сёння запісала новы зварот, у якім запатрабавала аддаць цела мужа. Яна абвінаваціла Пуціна ў фальшывай веры ў Бога. Навальная адзначыла, што прэзідэнт Расіі імкнецца здацца дбайным хрысціянінам.

«Толькі немагчыма прывесці людзей да веры, калі проста напісаць гэта ў законе. Гэта можна зрабіць, толькі калі ты сам робіш па-хрысціянску. Мы і раней ведалі, што пуцінская вера — гэта фальшыўка. Але цяпер мы бачым гэта ясна як ніколі. Вера — гэта не пра пацалаваць абраз. Вера — гэта пра дабро, міласэрнасць, пра выратаванне. І ніводзін сапраўдны хрысціянін ніколі не змог бы рабіць тое, што Пуцін робіць цяпер ужо з мёртвым Аляксеем», — заявіла Навальная.

Яна таксама адзначыла, што яе загінулы муж быў веруючым чалавекам — ён хадзіў у царкву і пасціўся нават у зняволенні. Яна нагадала, што Пуцін таксама пачаў вайну ва Украіне, прыкрываючыся «традыцыйнымі каштоўнасцямі» і «верай у Бога».

Глядзіце таксама

Напярэдадні Следчы камітэт паставіў ультыматум маці Аляксея Навальнага: ці яна цягам трох гадзін згаджаецца на таемнае пахаванне без публічнага развітання, ці Аляксея пахаваюць у калоніі.

«Яна адмовілася весці перамовы з СК, таму што ў іх няма паўнамоцтваў вырашаць, як і дзе ёй хаваць сына. Яна патрабуе выканаць закон, які абавязвае следчых аддаць цела на працягу двух сутак з моманту ўстанаўлення прычын смерці. Згодна з медыцынскімі дакументамі, якія яна падпісвала, гэтыя двое сутак мінаюць заўтра. Яна настойвае на тым, каб улады далі правесці пахаванне і паніхіду ў адпаведнасці са звычаямі», — распавяла Ярмыш.

Да гэтага маці загінулага ў калоніі Аляксея Навальнага Людміла Навальная выступіла з новым зваротам, у якім заявіла, што следчыя пагражаюць «зрабіць нешта з целам» палітыка, калі яго не пахаваюць таемна.

Увесь тыдзень тысячы расійцаў і грамадзян іншых краін патрабавалі аддаць цела Навальнага. Відэазвароты запісалі многія журналісты, грамадскія дзейнасці, людзі мастацтва і бізнесу.

Паводле «Новай газеты. Еўропа».