Два гады вайны ва Украіне. Пяць назіранняў

24 лютага 2022 года пуцінская Расія зламысна напала на Украіну, распачаўшы ў Еўропе найбуйнейшую вайну з часоў Другой сусветнай. Праз два гады нічога яшчэ не скончылася, і невядома, куды ўсё ідзе. Але поўныя прамежкавыя вынікі падвесці можна.

Фота Генеральны штаб УСУ

Фота Генеральны штаб УСУ

Украіна не здалася

Калі вайна яшчэ не пачалася, а ёй толькі патыхала, расійскія прапагандысты фанабэрыліся, заяўляючы, што ў выпадку чаго Кіеў будзе ўзяты за тры дні. Не стрымаўся і Лукашэнка — таксама свайго кшталту крамлёўскі прапагандыст: падбрахнуў у інтэрв’ю Салаўёву, што вайна супраць Украіны працягнецца максімум 3-4 дні, а потым «Мы будзем стаяць каля Ла-Манша».

А потым, як кажуць, была вайна. І акупанты жорстка пралічыліся. Расійцы атрымалі ў зубы, былі адкінутыя ад Кіева, потым беглі, задраўшы порткі, ад Харкава і з Херсона. У выніку баявыя дзеянні канчаткова лакалізаваліся на паўднёвым захадзе Украіны, вядуцца вакол невялікіх гарадкоў кшталту Аўдзееўкі ці Бахмута, а ніводнага абласнога цэнтра за два гады Расія так і не захапіла.

Украіна не здалася, хаця гэтага чакалі нават на Захадзе. Яна не была гатовая да такой агрэсіі — і адначасова гатовая. Імгненна мабілізаваўшыся, узяўшы ў рукі зброю і «Джавеліны», запусціўшы ў неба «Байрактары», украінцы далі годны адпор «другой арміі свету».

Расійскаму фюрару Пуціну давялося прыкладаць вялікія дадатковыя намаганні, каб хаця б зафіксаваць лінію фронту там, дзе яна застаецца і сёння. Праводзіць мабілізацыю. Забіраць у войска зэкаў з калоній. Пераводзіць эканоміку на ваенныя рэйкі. Мяняць як пальчаткі камандуючых.

Відавочна, не такім яму бачыўся 2024 год. Як і яго паслугачу Лукашэнку. Яны хацелі расійскага трыкалора на Майдане і Хрышчаціку і, кажуць, ужо былі падрыхтавалі да вяртання ў Кіеў выгнанца Януковіча. Але мары суагрэсараў не здзейсніліся.

Расія прабівае адно дно за другім

Чым далей ідзе вайна, тым усё больш відавочна, у якую варварскую краіну пераўтварылася пуцінская Расія. Паралелі з гітлераўскай Германіяй прасочваюцца непрыхавана — і ў ваенных злачынствах, як у Бучы ці Марыупалі, і ў бамбаваннях мірных гарадоў са шматлікімі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва (у тым ліку дзяцей), і ў пагардзе да элементарных чалавечых каштоўнасцяў, і ў нейкім касмічным крывадушшы прапаганды, палітыкаў і дыпламатаў.

Урэшце не грэбуе параўнаннямі з Трэцім рэйхам і сам Пуцін. У нядаўнім інтэрв’ю адыёзнаму амерыканцу Карлсану ён наўпрост заявіў, што як Польшча ў 1939-м вымусіла Германію напасці на сябе, так і Украіна справакавала «спецыяльную ваенную аперацыю».

Нядаўняя смерць у калоніі апазіцыянера Навальнага скаланула свет, але нічога новага пра РФ не сказала. Сённяшняя Расія — гэта краіна-забойца, і пытанне толькі ў тым, як гэтую трансфармацыю цывілізаваная міжнародная супольнасць пралыпала.

Свет стаміўся ад вайны

Некалі беларусы здзіўляліся, што тэма лукашэнкаўскіх рэпрэсій сыходзіць з інфармацыйнага парадку дня ў еўрапейскіх медыя. Што сыходзіць тэма самалёта з Пратасевічам, міграцыйнага крызісу. Ужо нават пра «вагнераўцаў» і ядзерную зброю згадваюць рэдка. Ну як так?

А вось так — такая ўласцівасць чалавечай натуры. У свеце шмат падзей адбываецца, і новыя зацяняюць старыя. Як ні прыкра, але тое ж самае мы назіраем з вайной ва Украіне.

Адразу пасля расійскага нападу ў свеце ўзнялася хваля салідарнасці з Украінай. Акрамя санкцый і паставак зброі, Захад падтрымліваў ахвяру агрэсіі і на візуальна-сімвалічным узроўні. Людзі выходзілі на вуліцы, збіралі грошы, вывешвалі ўкраінскія сцягі, шмат выказваліся ў сацсетках знакамітасці, падтрымка адчувалася на спартыўных спаборніцтвах, у культуры і г.д.

Гэтую салідарнасць нельга недаацэньваць, і гэта лёгка зразумець тады, калі яна паступова знікае. Цяпер у той жа Еўропе страшная вайна адлюстроўваецца хіба толькі ў шматлікіх украінскіх уцекачах. У астатнім — усё як звычайна. Захад жыве сваім жыццём, нават лічбы інфляцыі і іншых наступстваў у цэлым вярнуліся на даваенны ўзровень. І нават амаль няма больш шматлюдных мітынгаў у еўрапейскіх гарадах, хаця самі ўкраінцы маглі б іх ладзіць без чужой дапамогі. Ды што казаць, калі нават у Кіеве цячэ знешне звычайнае жыццё — з культурнымі падзеямі, паўнюткімі рэстаранамі, паўсядзённымі клопатамі.

Усе стаміліся — і гэтую стому добра ведаюць беларусы, якіх выпалілі пратэсны парадак дня і іншая «палітыка».

Так, санкцыі яшчэ ўводзяцца, але з кожным разам яны ўсё менш адчувальныя. Так, зброя ва Украіну ідзе, але яе недастаткова, таму УСУ на фронце ў асноўным абараняюцца. Пасіўнасць Захаду — і асабліва ЗША, дзе колькі месяцаў марудзяць з чарговым пакетам падтрымкі, — можа дорага каштаваць Украіне. Вайна не дае перадыху і не даруе стомленасці.

Сусветная вайна ўсё бліжэй

Але добра, што ў апошнія месяцы міжнародная супольнасць пачала разумець тое, што ёй даводзілі тыя ж украінскія палітыкі. Што ў выпадку чаго Расія на Украіне не спыніцца, а пойдзе далей. Спачатку на краіны Балтыі, потым на Польшчу. І калі дзяржавы НАТО недаацэняць небяспеку, то расійскія ракеты паляцяць на еўрапейскія гарады.

У студзені міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус заявіў, што глабальная вайна з Расіяй магчымая праз 5-8 гадоў. Пра тое ж самае выказаліся прадстаўнікі ўлады ў Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і іншых краін. Застаюцца пытанні ў тэрмінах, але ў цэлым еўрапейцы прыходзяць да ўсведамлення, што трэба рыхтавацца. Асабліва на фоне лістападаўскіх выбараў у ЗША, дзе да ўлады можа прыйсці Трамп. Гэты апартуніст амаль адкрыта кажа, што Амерыка як вядучая краіна НАТО можа не падтрымаць Еўропу ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі.

Ацэньваючы рызыкі, еўрапейскія дзяржавы памалу абуджаюць свае ваенна-прамысловыя комплексы. Няма сумневаў, што вытворчасць зброі неўзабаве будзе нарошчвацца, адпаведныя бюджэты пашырацца, будуць прапрацаваныя стратэгіі павелічэння асабістага складу. Без моцнай арміі ў Еўрасаюза няма будучыні — кансэнсус па гэтым пытанні вельмі важны ў сучасных умовах.

Такое бачанне не можа быць адарваным і ад іншага — самы кароткі шлях да бяспекі Еўропы палягае праз поспех Украіны, якая стала першым фарпостам у абароне цывілізаванага свету ад усходняга нашэсця. Таму Украіне трэба дапамагаць, трэба даваць зброю і ўсё іншае. Гэта ў любым выпадку абыдзецца больш танна — ва ўсіх сэнсах — чым ваяваць з расійцамі наўпрост.

Усё вырашыць эканоміка

Паводле вядомага выразу, для паспяховай вайны патрэбныя тры рэчы — грошы, грошы і яшчэ раз грошы. І калі праз два гады пасля расійскага ўварвання стала відавочна, што баявыя дзеянні ва Украіне — гэта надоўга, то менавіта эканамічны фактар становіцца вырашальным у далейшым развіцці падзей.

У ЕС і ЗША грошай шмат, але ёсць праблемы з выдаткаваннем. Бо дэмакратыя — скарачэнне сацыяльных праграм можа не спадабацца выбаршчыкам. Бо бюракратыя — узгадняць дапамогу бывае складана, што паказвае прыклад Вашынгтона і венгерская фронда ў Еўрасаюзе. Бо папулісты, карысныя для Крамля «ідыёты» і г.д. Дэмакратыя — гэта заўсёды добра, але марудна.

У Расіі грошай не так шмат, колькі б крамлёўскія прапагандысты ні хваліліся пераадоленнем санкцый і вуглевадароднымі даходамі. Усё ж санкцыі працуюць, прынамсі даходную частку экспарту яны Пуціну моцна падрэзалі. І цяпер эканамісты кажуць, што федэральны бюджэт можа не сысціся, а да гэтага дадаецца падзенне рубля, праблемы то з яйкамі, то з курыцай, то з камунальнымі трубамі… І на цяжкае жыццё скардзіцца ўсё большая колькасць расійцаў.

Перавага Расіі ў іншым — дэмакратыі там няма. І пра наяўным рэпрэсіўным апараце Крамлю можна рабіць усё што заўгодна. Можна скарачаць выдаткі на медыцыну і адукацыю — усё дзеля фронту. Можна пераводзіць заводы на ваенную вытворчасць — усё дзеля перамогі. Можна павышаць падаткі, і ніхто нічога не скажа, бо няма ні ў каго права голасу.

Дыктатура — гэта заўсёды дрэнна, але хутка. Захацеў Пуцін падкінуць колькі мільярдаў у полымя вайны, яму дастаткова зняць тэлефонную трубку.

І ўсё ж у гэтым супрацьстаянні варта зрабіць стаўку на Захад, які нашмат багацейшы і дзе эканоміка нашмат больш здаровая і трывалая. Не хапае пакуль толькі палітычнай волі ў эліт, але трэба спадзявацца, што гэтая воля ўрэшце з’явіцца. І тады Украіна атрымае дапамогу ў дастатковай колькасці, захавае сваю незалежнасць і прынясе дэмакратычнаму свету агульную перамогу над расійскай навалаччу.