Хронікі рэпрэсій за 26 лютага
Суды, затрыманні, прысуды — такія галоўныя навіны былі сёння ў Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1201 дзень, Дзяніс — 1081 дзень.
***
Суд прысудзіў музыку гурта «Мінімум дыстанцыі» Жэню Шума да 3 гадоў «хатняй хіміі». Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал. Па якім артыкуле асудзілі музыку і калі гэта адбылося, невядома, піша «Медыязона».
«Пасля выхаду на волю я вырашыў зноў звярнуцца з яўкай з павіннай у органы ўнутраных спраў, бо мною былі здзейсненыя данаты, якія фінансуюць экстрэмісцкую дзейнасць», — называе Шум прычыну запісу новага відэа.
У студзені 2024 года сілавікі апублікавалі відэа з музыкам. У ім ён расказваў, што пасля выбараў офіс рэлакаваў яго ва Украіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны музыка з'ехаў у Польшчу. Там ён жыў да заканчэння рабочай візы, якую адмовіліся падоўжыць.
***
Фітнес-трэнера Аляксандра Якуту прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за акцыю 2020 года, паведамляе «Салідарнасць».
Як стала вядома праваабаронцам, 22 снежня 2023 года Аляксандр Якута быў асуджаны судом Савецкага раёна Мінска паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Суддзя Вольга Емяльянчанка прысудзіла мужчыну да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Падчас маршу ён быў апрануты як шатландскі вікінг. Трэнера апазналі па фота з акцыі пратэсту, якую мужчыну даслаў знаёмы ў Telegram.
***
У Гродне затрымалі вулічнага музыку, які спяваў песню «Разбуры турмы муры», піша «Вясна». Кадры затрымання апублікавалі прапагандысты. Сілавікі схапілі музыку на вуліцы. Яшчэ раней у іх з'явілася відэа, як ён выконвае «Муры».
Затрыманы — Аляксей Петрык. Ён кажа на відэа сілавікоў, што прычынай затрымання стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у адной з сацсетак.
***
У суботу, 24 лютага, на рэкламных экранах у Беларусі запусцілі зварот Святланы Ціханоўскай. Акцыю правяло аб'яднанне былых сілавікоў «Belpol». Праз суткі сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Legion 104», якая займаецца выдаленым кіраваннем рэкламай.
«Медыязона» пагаварыла з дырэктарам гэтай кампаніі Андрэем Смаляком, якога праўладныя каналы абвінавацілі ў перадачы доступаў да экранаў.
Андрэй Смаляк расказаў «Медыязоне», што 24 лютага сапраўды з'ехаў у Варшаву.
— 25 лютага мне споўнілася 50 гадоў. Я ехаў адзначыць юбілей з роднымі, якія вучацца ў Варшаве. 1 сакавіка я мусіў вярнуцца ў Мінск. Але пры такім раскладзе я магу вярнуцца толькі на Акрэсціна і надоўга, таму шлях на радзіму мне закрыты.
Паводле слоў Андрэя, 24 лютага, калі ён перасёк беларускую мяжу на аўтобусе «Мінск — Варшава» і быў на нейтральнай паласе, калегі паведамілі яму пра ўзлом сэрвісу кампаніі, праз які былі даступныя экраны ўсіх кліентаў. Праз яго і быў апублікаваны зварот Святланы Ціханоўскай.
— Мы адсачылі лічбавы след на нашых серверах, уваход быў з нямецкага IP, магчыма, з выкарыстаннем VPN.
Смаляк тлумачыць, што ў «Legion 104» ёсць root-доступ (доступ з пашыранымі правамі) да ўсіх асабістых кабінетаў кліентаў, але валодае ім абмежаваная колькасць чалавек.
Андрэй адмаўляе дачыненне кампаніі і сябе асабіста да публікацыі звароту Ціханоўскай. «Працуючы над праектам з 2015 года і выдаткаваўшы на яго велізарную колькасць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае».
Ён упэўнены, што сэрвіс кампаніі ўзламалі. Андрэй кажа, што па факце ўзлому сілавікі завялі крымінальную справу. Па якіх артыкулах — невядома.
***
У Наваполацку мужчыну арыштавалі за стары допіс пра гібель Рамана Бандарэнкі. Пра затрыманне жыхара Наваполацка «Зеркалу» стала вядома з пастановы суда.
Паводле матэрыялаў справы, на старонцы мужчыны ў «ВКонтакте» была выяўленая публікацыя за 2020 год: фотаздымак Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руках і подпіс «Не забудзем!». Гэты допіс выявіў 26 студзеня 2024 года міліцыянт Наваполацкага ГАУС, які праводзіў «маніторынг» сацсетак.
Мужчыну затрымалі днём 14 лютага. На яго склалі пратакол паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП аб «парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». На думку міліцыі, новапалачанін, размясціўшы публікацыю на сваёй старонцы ў адкрытым доступе, выказаў свае «грамадска-палітычныя інтарэсы» без дазволу выканкама, а значыць, правёў несанкцыянаванае пікетаванне.
Затрыманага змясцілі ў ІЧУ. Суд адбыўся на наступны дзень, 15 лютага. Мужчыну прызначылі 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні магілёўца, які ў «Аднакласніках» пісаў паведамленні з «абразамі» Аляксандра Лукашэнкі. Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.
Калі мужчына быў затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць, не паведамляецца.
У сацыяльных сетках мужчына падпісаны як Аляксандр Гурджыеў, выявіла «Медыязона».
***
Палітвязня Алега Рубца пачнуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі турмы».
Алега Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні яго моцна збілі сілавікі. Суд прызначыў палітвязню 5,5 гадоў калоніі.
У чэрвені 2022 года, паводле рашэння суду, пінчуку ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі ў жодзінскую турму, дзе па некалькі месяцаў запар Алега ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Агулам у ШІЗА за апошні год Алег правёў больш за 200 сутак.
Заўтра, 27 лютага, у Жодзіне над Алегам распачнецца чарговы суд. Яго абвінавачваюць паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы»). Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Самусева. Алегу могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
Сёння Алег чацвёрты раз адзначае Дзень народзінаў у зняволенні, нагадвае «Вясна».
***
У Брэсцкім абласным судзе пачынаецца суд над былой кіраўніцай каманды тэсціроўшчыкаў EPAM Дзіянай Завадскай.
34-гадовую брэстаўчанку абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў перадачы ахвяраванняў беларусам, якія ваююць на бакі Украіны (ч. 2 арт. 361-3 КК). Суддзі Мікалаю Сянко даручана разгледзець справу ў закрытым пасяджэнні, паведамляюць праваабаронцы.
Раней паведамлялася, што пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне Дзіяна з'ехала ў Тбілісі разам з 7-гадовым сынам. Але ў нейкі момант яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выязджала за мяжу. Так, у яе ў Instagram ёсць фота з Варшавы, якое датавана 29 чэрвеня 2023 года, а праз тры дні апублікаваны здымак з Мірскага замка.
***
Жонку палітвязня Максіма Сергеенкі Алесю, затрыманую паводле крымінальнай справы, асудзілі за дапамогу, атрыманую ад ініцыятывы «INeedHelp», піша «MAYDAY».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, беларуску судзілі 21 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва. Пра вынікі суда невядома.
Алесю Сергеенка затрымалі напрыканцы студзеня. Яна знаходзіцца ў СІЗА па крымінальнай справе, якой дакладна — невядома. У дзяўчыны двое дзяцей, ім 3 і 16 гадоў.
Муж затрыманай Максім Сяргеенка — фігурант «справы лялек», прысуджаны да 3 гадоў калоніі ў 2021 годзе. Яго і іншых абвінавачаных па справе прызналі вінаватымі ў вырабе шасці роставых лялек «з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб» і публікацыі фота лялек у Інтэрнэце.
Максім павінен выйсці на волю 29 лютага.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 389 дзён, Максіма Знака — 382 дні, Мікалая Статкевіча — 380 дзён, Ігара Лосіка — 372 дні, Віктара Бабарыкі — 307 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 237 дзён, Уладзіміра Гундара — 206 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1412 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1616 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.