Рэжым не змог прадаць на аўкцыёне канфіскаваную кватэру Цапкалы
На 27 лютага быў прызначаны аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры ў Мінску, якая належыць сям'і Валерыя Цапкалы — экс-прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе. Аднак таргі не адбудуцца — не знайшлося жадаючых прыдбаць чужую маёмасць.
На таргі па куплі трохпакаёвай кватэры ў Мінску можна было зарэгістравацца да 16.00 26 лютага, нагадвае «Люстэрка». Сам аўкцыён павінен быў прайсці сёння, 27 лютага. Аднак на сайце электроннага аўкцыёну з'явілася аб'ява, што кватэру прадаваць не будуць. Прычына — адсутнасць удзельнікаў, якія жадаюць набыць нерухомасць.
Нагадаем, 12 лютага «БелЮрЗабеспячэнне» выставіла на таргі трохпакаёвую кватэру, размешчаную ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага. Агульная плошча жылля — 103,7 м2. Разам з жыллём хацелі прадаць месца ў падземным гаражы. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Паведамляецца, што «даўжнік» — Валерый Цапкала. Пачатковы кошт маёмасці — 358 442 рублі 20 капеек (каля 100 тысяч еўра).
Жонка Валерыя Цапкалы Вераніка адзначала раней, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і іх непаўналетнім дзецям. На яе думку, рашэнне выставіць на таргі нерухомасць парушае ў тым ліку Канстытуцыю. Жанчына заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне праз продаж нерухомасці.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, баючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з'ехала і Вераніка. Сям'я Цапкала асела ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна прысудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гэта не першая спроба лукашэнкаўскага рэжыму прадаць канфіскаваную нерухомасць сваіх апанентаў. Такія захады з’яўляюцца адной з формаў помсты ўлады тым, хто ў 2020 годзе кінуў выклік дыктатуры.
Раней з малатка была прададзена трохпакаёвая кватэра Сяргея і Святланы Ціханоўскіх на вуліцы Каліноўскага ў Мінску. Пакупнік на нерухомасць знайшоўся не адразу, аўкцыён адбыўся толькі з трэцяй спробы.
Таксама на аўкцыёне ўлады прадалі аўтамабіль і ўласныя рэчы (напрыклад, калекцыю наручных гадзіннікаў) былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітзняволенага Віктара Бабарыкі.
У кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення
арыштаваны дом пад Мінскам. Пра яго выстаўленне на таргі пакуль не паведамлялася.