Хто хоча кватэру Латушкі?

Рэжым Лукашэнкі збіраецца судзіць палітычных уцякачоў завочна. Адпаведны закон ужо зацверджаны, можна чакаць, што неўзабаве гэты канвеер запрацуе. У якім кірунку — вядома. «Здраднікам», «тэрарыстам» да «экстрэмістам» будуць выносіць жорсткія прысуды і, сярод іншага, пазбаўляць маёмасці.

bczb_scjah.png


Наконт апошняга ёсць адна цікавая падрабязнасць, якую рэпрэсіўная машына, магчыма, не ўлічыла.
Кажучы прама, канфіскацыя маёмасці ў выпадку беларускага палітычнага «правасуддзя» — гэта перадусім пра нерухомасць. Пра кватэры і дамы, якія ў палітэмігрантаў будуць забіраць на карысць дзяржавы.
Як там яны кажуць: нанёс урон роднай краіне — пакрый яго. «З дапамогай маёмасных спагнанняў, у тым ліку канфіскацыі нерухомасці», — прама адзначыў у эфіры дзяржаўнага СТВ намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Сяргей Кандрацьеў.
Так, паводле закону забіраць кватэру, калі яна ў «тэрарыста» адзіная, нельга. Але хіба іх некалі нешта стрымлівала? Захочуць — забяруць і адзіную, прыдумаўшы для гэтага адмысловую папраўку ці пераканаўчую нагоду. Ну, а калі ў «экстрэміста» некалькі кватэр, альбо маецца лецішча ў Ратамцы ці бацькоўскі дом у Валожыне — тут ужо, што называецца, без шанцаў.
Уласна, працэс ужо пайшоў. У алімпійскай прызёркі і былой кіраўніцы Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені забралі дом у Драздах. На кватэру дачкі палітыка Паўла Латушкі наклалі арышт.
Усё гэта, канешне, выглядае жудасна, бо забіраць жытло — гэта, так бы мовіць, за межамі дабра і зла. Аднак за гэтымі межамі Беларусь жыве ўжо два гады, і праўладныя тэлеграм-каналы недзе ўжо глумяцца на тым, як будуць пакідаць «змагароў» і іх дзяцей без даху над галавой.
Аднак не ўсё так адназначна з гэтай канфіскацыяй. І радавацца ябацькам нібыта заўчасна, дый наогул не выпадае.
Давайце ўявім. Правялі суд, скажам, над Паўлам Латушкам. Далі яму паводле васьмі крымінальных артыкулаў гадоў 20 узмоцненага рэжыму і заадно забралі нейкую кватэру ў межах канфіскацыі маёмасці. Усё, застаўся апазіцыянер без роднага кута, так яму і трэба.
Узнікае пытанне: што ж далей будзе з «адціснутай» жылплошчай? Зразумела, яе трэба выставіць на продаж і атрыманыя грошы пералічыць у бюджэт.
Але хто набудзе гэтую нерухомасць? Хто рызыкне аддаць дзясяткі тысяч долараў за апартаменты, у якіх табе не будзе спакою?
Чаму не будзе? Таму што, можна не сумнявацца, новыя гаспадары ў наш інфармацыйны век дазнаюцца пра «палітычны» бэкграунд кватэры. Адпаведна яны будуць ведаць, што пасля перамен і аднаўлення ў краіне законнасці той жа Латушка вернецца на радзіму і праз незалежны суд забярэ гэтае жытло назад.
Гэта называецца рэстытуцыяй — вяртаннем ранейшых правоў і пераваг — і законы аб рэстытуцыі з’явіліся ў краінах былога СССР і Усходняй Еўропы пасля падзення камуністычных рэжымаў.
Так, законы гэтыя не ўсюды спраўна працавалі — дзе не працавалі ўвогуле, дзе разлікі за канфіскаваныя дамы і прадпрыемствы праводзіліся грашыма. Але ж так адбывалася таму, што камунізм трываў дзесяцігоддзі, а ў Савецкім Саюзе дык больш за 70 гадоў. За гэты час сышлі пакаленні, аб вяртанні маёмасці дбалі ўнукі і праўнукі «раскулачаных». Этычны бок пытання размыўся і страціў вастрыню.


Перыяд Лукашэнкі зараз на сыходзе — прынамсі з гістарычнага гледзішча, і падзеі 2020 года гэта добра паказалі. Колькі ён яшчэ будзе трываць, сказаць складана, бо тут і заступніцтва Расіі, і вайна, і іншыя чыннікі.
Аднак усё гэта губляе сэнс перад сілай часу, а ён гуляе не ў камандзе 67-гадовага дыктатара. Час сведчыць пра тое, што новую Беларусь заспее і Латушка, і Святлана Ціханоўская, і ўсе іншыя эмігранты, на жытло якіх паклаў вока рэпрэсіўны рэжым.
І Аляксандра Герасіменя яшчэ прыйдзе ў свой дом з судовым рашэннем аб несапраўднасці здзелкі аб адчужэнні. І новым гаспадарам катэджа (цікава, ці ёсць ужо яны?) прыйдзецца «ачысціць памяшканне». Без аніякіх гарантый на атрыманне хоць нейкай кампенсацыі. Бо гэтыя пытанні да мінулай улады дай наогул «вас жа папярэджвалі».
Што будуць папярэджваць, сумневаў няма. Калі справа набудзе масавы характар, то палітычныя эмігранты нават складуць адмысловую базу канфіскаваных кватэр, дамоў, лецішчаў. І давядуць ахвочым пасяліцца ў чужых сценах, што сапраўдны гаспадар аднойчы пагрукаецца ў дзверы.
І вось, да прыкладу, хочаце вы палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Грошы маеце, перабіраеце варыянты. Няўжо спыніце выбар на кватэры, якая хоць і будзе таннейшай за іншыя, але да канца сваёй вы яе так і не адчуеце?
І тут ужо не мае значэння, «нейтрал» вы ці адпеты ябацька — сваё жытло бліжэй да цела. Нядаўні «хапун» цукру ў крамах гэта вельмі добра паказаў. Бо душыліся за пачкамі ў тым ліку (і ці не найперш) менавіта прыхільнікі ўлады, якім калектыўны Азаронак штодзень спявае песні пра цудоўную эканоміку квітнеючай Беларусі.
Вядома, яшчэ не факт, што канфіскаванае жытло ўлады выставяць на продаж. Як раз па вышэй згаданых прычынах могуць і не выставіць. А зрабіць службовым ці нейкім яшчэ, каб захаваць яго дзяржаўную ўласнасць.
Дык для палітэмігрантаў гэта яшчэ лепей. І ўвогуле нічога не мяняе. Таму што як ты не забірай нерухомасць у дысідэнтаў у сітуацыі, калі «часам не да законаў», аднойчы закон вернецца і ўсе расставіць па месцах.