Павел Латушка: Грамадзянін Лукашэнка, я гатовы да завочнага суду над мной, давайце правядзем яго публічна

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які зараз знаходзіцца за мяжой і супраць якога заведзена восем крымінальных спраў, звярнуўся да Лукашэнкі з прапановай правесці завочны суд на ім публічна і ў відэафармаце. «Я прымаю выклік», — адзначыў палітык.

thumb________.jpg

«Беларускае судаводства здзейсніла чарговы скачок у вір беззаконня, — выказаўся Павел Латушка ў эфіры свайго youtube-канала. — Ну, што ж, у мяне ёсць сустрэчная прапанова. Грамадзянін Лукашэнка, я разумею, для каго вы вынайшлі вашыя завочныя суды. І прымаю выклік.

Вашымі намаганнямі супраць мяне ўзбуджана восем крымінальных спраў і канфіскацыя маёмасці. Гэта самае малое, чым вы мне можаце пагражаць, калі самым мінімальным пакараннем у адносінах мяне з'яўляецца вышэйшая мера.

Але ўсё ж, для чаго гэтыя завочныя суды? Я гатовы да такога суду. Публічна. Тым больш ваша судовая сістэма ўжо прадэманстравала сваю тэхнічную гатоўнасць. Мы выдатна ўсе памятаем, як ліха праходзілі ўсе гэтыя судзілішчы па скайпе. Дык у чым праблема? Мы ж ІТ-краіна, праўда? Скайп, Zoom, Google Meet, выбар інструмента за вамі.

Не планую ўхіляцца і гатовы да адкрытага канкурэнтнага працэсу над мной. Правядзем працэс сучасна і публічна. Дасылайце спасылку».

Нагадаем, сёння Лукашэнка падпісаў закон аб завочных судах. Гэта дазволіць судзіць беларускіх палітычных эмігрантаў дыстанцыйна, без іх прысутнасці, і выносіць прысуды.