«Менш за 5 зорак не стаўце — знойдуць і пакараюць». Віртуальная вандроўка па зваротным баку Менска
Калі б іншаземны турыст, апынуўшыся ў Менску, запытаў у мінакоў, што варта наведаць, адказы маглі б быць абсалютна рознымі: ад старадаўніх завулкаў Траецкага да музея валуноў на самай ускраіне. Значна прасцей уявіць шэраг месцаў, у якія абсалютная большасць беларусаў раіла б ніколі не трапляць.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў
А што, калі звярнуцца да Google Maps. «Новы Час» сабраў рэйтынгі і водгукі да сумнавядомых дзяржустаноў сталіцы.
З 2020 года бадай самым вядомым у свеце беларускім словам стала «Акрэсціна». Ізалятар часовага ўтрымання можна знайсці і на мапе, толькі вось рэйтынг яго не адлюстроўваецца. Карыстальнік можа пакінуць і водгук, і каментар, але яны не будуць бачныя іншым. Аналагічная сітуацыя і з СІЗА на Валадарскага.
Больш адкрытымі для інтэрнэт-грамадскасці з’яўляюцца сталічныя РУУСы, іх рэйтынгі і колькасць водгукаў прыводзім ніжэй:
- Партызанскі раён 3.6 (72)
- Першамайскі раён 3,3 (273)
- Кастрычніцкі раён 2.4 (60)
- Ленінскі раён 2.1 (69)
- Завадскі раён 2.0 (28)
- Цэнтральны раён 1.7 (97)
- Савецкі раён 1.7 (90)
- Маскоўскі раён 1.6 (50)
- Фрунзенскі раён 1.6 (76)
Варта адзначыць, што водгукі даволі палярныя: у асноўным ці выключна негатыўныя, ці максімальна ўхвальныя.
За што ставяць пяць зорак беларускай міліцыі? У каментарах можна пабачыць шчырыя падзякі: напрыклад, спадарыня дзякуе супрацоўнікам, якія дапамаглі яе сыну, што страціў прытомнасць у горадзе — давезлі да бальніцы. Іншы карыстальнік адзначае выкананне масачнага рэжыму. Яшчэ адзін — «хуткую і якасную працу». Іншай спадарыні супрацоўнікі МУС дапамаглі знайсці згублены тэлефон. Карыстальнік, што пакінуў пяць зорак Партызанскаму РУУС, зазначае: «Мяне там хаця б не білі, нават дапамаглі кілбасу з перадачы парэзаць».
Разгорнуты каментар пакінуў спадар, максімальна ацаніўшы РУУС Завадскога раёна: «У нядзелю быў затрыманы ўзброенымі людзьмі ў камуфляжы, змешчаны ў аўтазак і дастаўлены ў гэты РУУС. З плюсаў: ветлівы персанал, не б’юць і не катуюць, пры неабходнасці ёсць магчымасць групай наведаць прыбіральню, а галоўнае, ёсць магчымасць выйсці а пятай раніцы, а не з’ехаць у СІЗА ці ІЧУ». Таксама зазначае і мінусы:

Негатыўныя ж каментары толькі зрэдку датычаць непасрэдна профільнай працы міліцыі: ёсць нараканні на зацікаўленасць супрацоўнікаў заявамі грамадзян, пастаянна занятую тэлефонную лінію. У астатнім жа нават Google-мапы сталі пляцоўкай для выказвання грамадзянскай пазіцыі, хоць цяпер нават каментар у сеціве можа быць вялікай небяспекай:
Некаторыя дзеляцца сваімі жахлівымі гісторыямі: «Сэрвіс шыкоўны, непаўторная экскурсія па Менску ў суправаджэнні масажа ўсяго цела, па выніку якога мінус два рэбры, каленная рэпка ды бясплатная карэкцыя носа. А***й 5-содневы курорт у Жодзіна … Раю ўсім».

Травеньскі лозунг на фоне будынка КДБ. Фота аўтара
«Будынак прыгожы. Унутры не быў, спадзяюся і не буду», — сярод пазітыўных каментароў да Камітэта дзяржбяспекі Беларусі кідаецца ў вочы вялікая колькасць падобных і тыповых апісанняў будынка:
Але пераважаюць усё ж выказванні з ацэнкай дзейнасці ўстановы: «Будучы музей злачынстваў Лукашэнкі…»
Тым часам карыстальнікі жартуюць, нацякаючы на небяспеку выказванняў нават у інтэрнэце:

