«Калі пракурор запытаў некалькі гадоў калоніі, мне паплахела». Гісторыя беларускі, якая прадала маёмасць, каб аплочваць мужу адваката і перадачы

Акрамя відавочнай трагедыі тых, хто знаходзіцца ў палоне рэжыму, у Беларусі штодзень здараюцца сотні — калі не тысячы — нябачных трагедый: людзі вымушаныя неяк існаваць без працы і сродкаў, без падтрымкі і дапамогі. І пры гэтым не забываць пра тых, хто за кратамі.

politzaklyuchennyie_belarusi.jpg

Таццяне не хапала грошай, каб плаціць за адваката і збіраць перадачы мужу ў ізалятар: з працы яе звольнілі, сям'я мужа дапамагаць адмовілася. Яна прадала маёмасць, каб забяспечыць мужа-палітвязня перадачамі і пераводамі. Таццяна расказала «Медыязоне», як пакавала перадачы ў СІЗА з разлікам на сукамернікаў, пра шыфр, які яны з мужам прыдумалі для перапіскі, і пра лісты і спатканні, якія сталі для яе галоўнымі радасцямі.

«Калі не возьмуць на працу, паеду туды, дзе мяне ніхто не ведае»

Калі мужа Таццяны затрымалі і асудзілі за пратэсты, жанчыну звольнілі з працы. У невялікім горадзе, дзе жыве сям'я, гісторыю іх сям'і «ведаюць усе».

Некалькі месяцаў Таццяна спрабавала ўладкавацца ў прыватную арганізацыю, але ў выніку давялося шукаць працу ў іншым горадзе.

«Цяпер праходжу стажыроўку і спадзяюся, што дырэктару ніхто нічога не раскажа. А то "добрых людзей" у нас хапае. Калі мяне не возьмуць, то паеду, напэўна, куды-небудзь, дзе мяне ніхто не ведае. У крайнім выпадку паеду за мяжу, хоць муж папрасіў яго дачакацца. Яму там без перадачак і пераводаў яму зусім край».


Глядзіце таксама

Раз на два тыдні — 300 рублёў на перадачы

Дзеці Таццяны з'ехалі з Беларусі і цяпер жывуць у Еўропе. Мужа пасля прысуду перавялі з СІЗА ў калонію. Сваякі мужа «зліліся»: перадачы яму не перадавалі і ў следчы ізалятар ні разу не ездзілі. Дапамагаць Таццяне няма каму.

Жанчыне давялося прадаць маёмасць, каб аплачваць адваката і збіраць мужу неабходныя рэчы і прадукты. Кожная паездка з перадачай у СІЗА — прыкладна раз на два тыдні — абыходзілася Таццяне прыкладна ў 300 рублёў.

«Даражэй за ўсё прадукты і цыгарэты. Цыгарэты як валюта там. Плюс у яго былі сукамернікі, да якіх ніхто не прыходзіў, таму такія рэчы, як гарбату ці каву, я старалася перадаць па-максімуму, з разлікам і на іх».

«Калі пракурор запытаў калонію, мне паплахела»

Але самай дарагой тратай сталі паслугі адваката. Таццяна не мела ілюзій наконт прысуду, але ўсё ж спадзявалася, што мужа адправяць на «хімію», а не ў калонію.

«Калі пракурор запытаў некалькі гадоў калоніі, мне паплахела. Суддзя даў у выніку менш, я падумала: напэўна, усё ж трэба было з самага пачатку адваката наймаць, таму што ўсё пайшло неяк не туды».

За азнаямленне са справай, апеляцыйную скаргу і візіт у СІЗА Таццяна заплаціла адвакату каля 800 рублёў. У выніку скаргу абаронца склаў, у СІЗА паехаў, але да мужа не трапіў — у той момант той быў у карцары.

«Даведалася я пра гэта ўжо потым ад мужа. Грошы я заплаціла за сустрэчу. Не ведаю, чаму адвакат мне пра гэта не сказаў, якія там былі матывы».

Прыдумалі свой шыфр для важных навін

Апошнімі месяцамі галоўныя радасці ў жыцці Таццяны — спатканні і перапіска з мужам.

«Спачатку так крыўдна было: я прыязджаю, іншым спатканні даюць без пытанняў, хоць кожны тыдзень, а нам — не. Але аднойчы ўсё-ткі атрымалася».

«Я думала, што проста там прытомнасць страчу. Такая карціна жудасная: мы заходзім, а яны там стаяць, тварам да сценачкі, маладыя ўсе такія. Загаварылі. Мой муж паўжыцця ездзіць у Расію працаваць, яму да спартанскіх умоў не прывыкаць — спаць не зразумела дзе, есці што давядзецца. Але было відаць, што нават яму там цяжка. Загаварылі пра карцар, яго аж каўбасіць пачало, рукі трасуцца, слёзы на вочы наварочваюцца».


Глядзіце таксама

Скардзіцца і абмяркоўваць умовы ўтрымання на спатканні і ў лістах забаронена. Але муж і жонка загадзя прыдумалі шыфр, каб у выпадку затрымання паведамляць адно аднаму важныя навіны і не быць выкрытымі.

«Калі дзеці з'ехалі, я нават не ведала, як мужу паведаміць, што яны ўжо ў бяспецы. Шыфр мы прыдумалі, каб, напрыклад, у перапісцы ён мог зразумець, што мой тэлефон ужо не ў мяне і пішу яму не я. Некалькі кодавых пытанняў. Імёны часам мянялі ў размове. Каб мы абодва ведалі, пра каго ідзе гаворка, але ўслых гэтага не казалі».

Ад мужа Таццяна часам атрымлівае дзіўныя лісты.

«Як быццам і не яго почыркам напісаныя, на абрыўках нейкіх. Мне вельмі трывожна ад гэтага, вядома, але чаму ён так піша, я не ведаю. Думаю, праўду я даведаюся, толькі калі ён выйдзе на волю, пакуль многае для мяне — цёмны лес».

«Няма больш ніякай веры, што нас берагуць, а садзяць толькі вінаватых»

Цяпер усё жыццё Таццяны праходзіць у чаканні дня, калі муж вызваліцца з калоніі.


Глядзіце таксама

«Толькі як раней ужо не будзе, вядома. Усё, што здарылася, нас моцна змяніла. Я стала нават стуку ў дзверы баяцца. Калі чую стук у дзверы, мне адразу хочацца выйсці ў акно.

Я не тое, каб была "ябацькай", але ў мяне сваяк шмат гадоў служыў у органах. І я была ўпэўненая, што яны нас ахоўваюць, стаяць на варце. Заўсёды з усімі спрачалася. А тут да мяне дадому прыходзяць, размаўляюць са мной як з адкідамі, хоць мне ж ніякіх абвінавачванняў не прад'яўлена. Забіраюць мужа. Маё ўяўленне моцна змянілася, няма больш ніякай веры ў добрае-чыстае-светлае, што нас берагуць, а садзяць толькі вінаватых. Маё жыццё проста пераехалі катком».