21 траўня — Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі
У 2022 годзе праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. У гэты дзень у 2021-м у шклоўскай калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак. Яго смерць так і не была расследаваная.
З нагоды дня палітвязняў з прамовай выступіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
«Сёння дзень, які адгукаецца болем у сэрцы кожнага з нас, — заявіла палітык у сваім тэлеграм-канале. — Я не магу проста прамовіць слова «палітвязень» – яго хочацца крычаць ад болю і злосці. Болю, бо такіх зняволеных у краіне сёння як менш паўтары тысячы. Яшчэ амаль столькі ж прайшлі праз турмы, катаванні, знявагу – і ўжо вярнуліся на волю. Але з падарваным здароўем і страчанымі гадамі жыцця. Злосць жа перапаўняе мяне ад таго, што рэпрэсіі працягваюцца — людзей бяруць у закладнікі. Праз імкненне забіць свабоду слова, свабоду меркаванняў рэжым пераследуе народ».
«Мы імкнуліся шмат што зрабіць, каб змяніць сітуацыю — публічна і не публічна. Але рэжым не мае цікавасці ў вызваленні палітвязняў. Для Лукашэнкі людзі — гэта проста расходны матэрыял, які не мае каштоўнасці. Менавіта таму ўжо шэсць зняволеных памерлі за кратамі», — адзначыла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, цяпер трэба «штодзень шукаць магчымасці, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмаў». «А пакуль яны ў няволі, мы павінны іх падтрымліваць, і павінен гэта рабіць кожны з нас, — перакананая дэмакратычная лідарка. — Мы — голас беларускіх палітвязняў, і нам нельга маўчаць ні дня. Мы можам быць стомленымі і разгубленымі ад таго, што адбываецца навокал. Але людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ахвяруюць кожным днём жыцця за вольную Беларусь. І сёння мы з вамі — іх голас, іх надзея. Мы не маем права падвесці нашых герояў».
Пасля 2020 года за кратамі загінулі шэсць палітвязняў. Акрамя Вітольда Ашурка, памерлі грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч, мастак і актывіст Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, грамадскі актывіст Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч.
21 траўня ў розных краінах запланаваныя акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Акцыі пройдуць у Вільні, Клайпедзе (Літва), Варшаве,
Любліне, Беластоку, Уроцлаве (Польшча), Тбілісі, Батумі (Грузія), Фларэнцыі (Італія),
Стакгольме (Швецыя), Цурыху (Швейцарыя), Празе (Чэхія), Таліне (Эстонія), Будве
(Чарнагорыя) і інш.