Лукашысты забіраюць нерухомасць у эмігрантаў. Пра гэта расказалі на дзяржТБ

Ад заклікаў беларусаў замежжа да санкцый супраць Беларусі краіне наносіцца шкода, заявіў у эфіры дзяржтэлеканала АНТ прапагандыст Ігар Тур. Паводле яго слоў, «кампенсаваць шкоду» будуць «эканамічнымі мерамі» — адабраннем маёмасці.

_stary_horad___pomnik___historyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Раней, нагадвае «Люстэрка», у Следчым камітэце заявілі, што атрымалі звесткі больш за сотню беларусаў з дыяспар за мяжой, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільні, Вроцлава, Беластока, Брусэля, Батумі, Прагі, Каліфорніі і Філадэльфіі ды іншых. Спіс папаўняецца, сілавікі атрымалі інфармацыю аб аб'ектах нерухомасці і маёмасці, якія належаць ім, на тэрыторыі Беларусі. Зараз праводзяцца ператрусы ў кватэрах і арышты маёмасці.

«Чамусьці лічыцца, што санкцыі, маўляў, уводзяць еўрапейскія палітыкі, настойваюць на іх збеглых лідары, а проста людзі нібыта проста пішуць у чатах, проста закідваюць зваротамі заходнія кампаніі, проста нібыта нічога страшнага. Не, гэта роўна такі ж удзел у складзе арганізаванай групы ва ўчыненні эканамічнага злачынства супраць Беларусі. І калі ад санкцый мы страцілі, умоўна, мільён долараў, мы гэты мільён долараў прымусім кампенсаваць. Урэшце, у большасці крыкаў «цісніце Беларусь» у Беларусі нерухомасць», — заявіў прапагандыст па-за межамі ўсялякага права, звыкла падмяніўшы лукашэнкаўскі рэжым Беларуссю.

Ён таксама пералічыў, у каго ўжо апячаталі кватэры. Так, апячаталі кватэру актывіста Аляксандра Шышко, які 8 сакавіка 2022 года выехаў з Беларусі. Паводле слоў Тура, кватэру Шышко апячаталі за тое, што ён за мяжой удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі і пісаў каментары ў чатах. Прапагандыст дадаў, што сваю кватэру ў Беларусі Шышко здаваў у арэнду і атрымліваў прыбытак.

«Даход спадар Шышко атрымліваць перастане, а кватэра будзе канфіскаваная ў кошт кампенсацыі страт дзяржавы праз санкцыі, да якіх і спадар Шышко заклікаў», — заявіў Тур.

Таксама апячаталі кватэру Алы Пухавай, паводле слоў прапагандыста, за тое, што яна актыўная ўдзельніца чатаў дыяспар. Яе нерухомасць апячаталі і арыштавалі ў рамках крымінальнай справы, а дзверы заварылі.

Былы слесар мясакамбіната Магілёва Андрэй Тупоўскі, які, паводле слоў прапагандыста, «збег ад правасуддзя ў Літву, дзе яму адмовілі ў статусе ўцекача і выслалі ў Польшчу», таксама пазбавіўся кватэры.

У спісе тых, у чыіх дамах у Беларусі праводзяць ператрусы, апынулася і Ганна Федаронак, якая дапамагае ўцекачам у Польшчы.

Сярод тых, чые «ўжо былыя кватэры» паказалі ў эфіры АНТ, гісторык Віктар Якубаў, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, які «ў інтэрв'ю «экстрэмісцкім» медыя выказаў меркаванне, што толькі санкцыі дапамогуць спыніць гэтае бязмежжа».


Глядзіце таксама

Згадаў Тур і журналіста-фрылансера Дзмітрыя Казакевіча, сказаўшы, што ў яго кватэру ўжо зайшлі сілавікі.

З нагоды таго, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што сваякам, якія з'ехалі трэба падумаць аб пакінутых у Беларусі, Тур растлумачыў, што «калі ўмоўна ў кватэры Казакевіча пражывае мама Казакевіча, да мамы пытанняў няма, яна не нясе адказнасці за злачынствы сына, але кватэра ўсё роўна адбіраецца, і маме давядзецца жыць дзесьці яшчэ. Дзяржава ў нас добрая, усім, у каго іншага жылля няма наогул, выканкамы дапамогуць, але ў рамках разумнага».

Таксама ў спісе тых беларусаў, хто з'ехаў і чыё жыллё на радзіме ўжо прысвоіла дзяржава, апынулася Караліна Цярэнцьева, якая, сцвярджае Тур, на віцебскай спецаўтабазе спрабавала арганізаваць страйк. Таксама апячаталі кватэру Таццяны Баранавай і Яны Латушкі — дачкі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Якім чынам будуць лічыць велічыню шкоды, нібыта нанесенай заклікам да санкцый кожнага з трапіўшых у спіс, і ці суразмерны  ён кошту іх кватэр, Тур не ўдакладніў.

Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка перыядычна заяўляў, што «санкцыі зрабілі Беларусь і Расію толькі мацнейшай», нават казаў «дзякуй» Захаду за тое, што ўвялі гэтыя абмежаванні, нібыта шкоды ад іх амаль няма, а адкрыліся новыя магчымасці. Таксама ў пачатку красавіка гэтага года ён забараніў ураду і чыноўнікам скардзіцца на санкцыі. «Санкцый няма. Забудзьцеся, для вас санкцый няма», — сказаў тады Лукашэнка.

Аднак у апошні час яго рыторыка змянілася. Так, 20 траўня, прымаючы кадравыя рашэнні ў структуры органаў дзяржбяспекі, дыктатар назваў санкцыі Захаду эканамічнай дыверсіяй і вайной супраць Беларусі.