Вольга Філатчанкава: Калі ты можаш зрабіць штосьці добрае — рабі
Гэтае інтэрв’ю атрымалася нестандартным, бо мая суразмоўца — не толькі былая палітзняволеная, але і мая сяброўка, з якой мы разам сядзелі ў гомельскай жаночай калоніі. Воля — былая выкладчыца БДУІР, фігурант «справы студэнтаў», за сваю пазіцыю была асуджаная да двух з паловай гадоў зняволення, тэрмін адседзела цалкам і выйшла на свабоду ў лістападзе 2022 года. Некалькі тыдняў таму Воля экстранна пакінула Беларусь.
Мы сустрэліся ў ПК-4 восенню 2021-га. Атрады, у якіх мы адбывалі тэрміны, месціліся ў адным будынку, таму мы часта бачыліся. Мы марылі аб свабодзе, але нават і падумаць не маглі, што неўзабаве будзем у бяспецы, і я да таго ж буду браць у Волі інтэрв’ю, і мы так вось свабодна будзем размаўляць на «забароненыя тэмы».
Разам з сяброўкай узгадваем, як гэта было там, за кратамі.
«Без гумару за кратамі аніяк»
— Скажы, а ці не крыўдавала ты на нас з Аланай за тое, што мы цябе дражнілі?
— Не, канешне, гэта ж усё па-добраму было. А як вы мяне дражнілі, дарэчы?
— Памятаеш, калі мы з Аланай Гебрэмарыям ішлі ў сталоўку — а наш атрад ішоў раней за твой — мы праходзілі міма лакальнага ўчастку, дзе ты нас заўсёды падпільноўвала. Ты крыўлялася, смяялася, смешна жэстыкулявала. Ты часта заплятала дзве касічкі, дык вось мы з Аланай тролілі цябе: «Фу, вучылка! Што гэта за знешні выгляд! Ты толькі паглязі на яе, якая яна несалідная, чаму такая дзяцей можа навучыць?»
— Гэта было прыкольна. Я ж разумею, што вы мяне тролілі. Без гумару за кратамі аніяк.
— А яшчэ я цябе называла «Філ», памятаеш? Гэтую мянушку я падхапіла ад іншых асуджаных. І нават цяпер у тэлефоне ты ў мяне запісаная як «Філ».
— Нармальная мянушка. Я сама яе абрала. Асуджаныя спачатку спрабавалі называць мяне «Філяй», але я запрацівілася. Кажу ім: не, мне гэта не падабаецца, лепей ужо Філ. Так я стала Філам.
— Нядаўна ты мне сказала, што працяглы час пасля вызвалення не магла прымаць ванну. І ўсё праз тое, што я табе апавяла, калі мы яшчэ знаходзіліся ў Мінску, што як толькі я ўпершыню пасля калоніі залезла ў ванну, у маю кватэру пачаў ламіцца ГУБАЗіК…
— Сапраўды, пасля таго, як ты мне распавяла пра выпадак з ГУБАЗіКам, у мяне з’явіўся гэты пункцік у галаве, і за ўвесь час знаходжання ў Мінску пасля вызвалення я ніводнага разу ў ваннай так і не паляжала, хаця і было такое жаданне.
Як толькі выехала ў Польшчу, то залезла ў ванну пры першай нагодзе і закрыла гэты гештальд. І, дзякуй богу, ніякі ГУБАЗіК не прыйшоў.
— А, цяпер я разумею, чаму ты мне працяглы час не тэліла. Такую траўму табе нанесла! Выглядае, што я кепская сяброўка. Столькі праблем табе стварыла з гэтай ваннай…
— Нармальная сяброўка. Жыццё такое, што зробіш.
— Мы з табой вельмі шмат курылі ў калоніі. Ад першай цыгарэты адразу закурвалі другую. Што гэта было — стрэс ці адзіная магчымасць неяк пераключыцца? І што ў цябе зараз з курывам? Гэтак жа шмат паліш?
— Не, значна меней.
Думаю, у калоніі я паліла шмат і адразу некалькі цыгарэт запар не з-за стрэсу, а таму, што там ты ніколі не ведаеш, калі ў наступны раз папаліш. Гэта можа адбыцца і праз гадзіну, а можа і праз паўдні. Ты ж сама ведаеш, як гэта там. Ці цябе тузануць куды-небудзь, ці яшчэ штосьці здарыцца, якія там перакуры.
І яшчэ адзін момант: я прасіла сваякоў, каб у калонію яны мне перадавалі танныя папіросы, бо не хацела іх абцяжарваць фінансава. І я такімі цыгарэтамі не накурвалася, хоць яны былі і моцныя, але якасць тытуню была дрэнная. Цяпер я палю больш дарагія, і мне цалкам хапае менш за пачак у дзень. Плюс я палю, калі хачу: гэта залежыць выключна ад майго жадання, а не ад нейкіх там раскладаў ці рэжымаў.
— Падчас працы на фабрыцы такая ломка нікатынавая пачыналася, што я хадзіла курыць у прыбіральню. Ты таксама?
— Не, я не хадзіла. Калі б там злавілі кантралёры «ворага народа з жоўтай біркай», было б шмат праблем. І маглі б пакараць нашмат больш сур’ёзна, чым звычайных зэкаў. І ў прынцыпе я не вельмі люблю парушаць правілы. Мне спакайней, калі я гэтага не раблю. Я не скажу, што ніколі не паліла на фабрыцы: гэта адзінкавыя выпадкі, і нас тады ледзь не злавілі. Я падумала: навошта мне гэтыя нервы і проста цярпела да перапынку.
«Калі можна пазбегнуць бойкі, трэба яе пазбягаць»
— Воля, у цябе вельмі мяккі характар, і…
— Не, мой характар вельмі жорсткі, ты мяне проста яшчэ не вельмі добра ведаеш.
— Ты вельмі моцны челавек, але разам з тым гнуткі, добры, я пра гэта.
— Дабрыні ў мяне шмат, з гэтым я пагаджуся, але характар у мяне няпросты. Мае блізкія кажуць, што я цяжкі чалавек. Таму што я гну сваю лінію да апошняга. Кампрамісы — гэта добра, іх заўсёды трэба шукаць, але гэта не азначае мягкасці характару. Я заўсёды кажу ўсю праўду ў вочы, гэта мала каму падабаецца, але гэта адразу вырашае шмат якія пытанні.
Калі мне не падабаецца, што ў мяне стаяць на назе, я аб гэтым кажу — і з гэтай нагі сыходзяць, і мне не даводзіцца цярпець. Канешне, на зоне я так не рабіла. Ты разумееш, з-за якіх прычынаў: гэта было небяспечна.
— Мы вельмі шмат часу правялі разам у зняволенні. Заўважыла, што людзі да цябе заўсёды цягнуліся: і палітвязні, і звычайныя асуджаныя, і што ты з усімі знаходзіла агульную мову. Такім дыпламатам ты стала за кратамі?
— Не, не скажу, што гэта менавіта краты на мяне так паўплывалі. Насамрэч у калоніі, асабліва ў чацвёртым атрадзе, дзе я адседзела большую частку тэрміну, было вельмі шмат добрых дзяўчат. Гэта быў «наркаманскі» атрад, але людзі сярод іх былі не самыя дрэнныя. Так, было вельмі шумна, але без асаблівай агрэсіі, зняволеныя не былі такія азлобленыя, як у 19-м атрадзе. Многія з іх шмат чыталі, падвышалі ўзровень адукацыі, хадзілі на розныя курсы, удзельнічалі ў спартовых мерапрыемствах. Яны рабілі гэта таму, што хацелі. Іх душа патрабавала нейкага святла, пазітыву. Ты ж сама памятаеш, якая змрочная атмасфера на зоне, а яны вось стараліся неяк яе разбавіць іншымі фарбамі.
У чымсьці так, я стала больш гнуткай. Калі можна пазбегнуць бойкі, то трэба яе пазбягаць. Калі ты адказваеш агрэсіяй на агрэсію, агульны градус напружання падвышаецца.
Да шмат якіх дзяўчат я насамрэч ставілася прыязна, а людзі адчуваюць, калі яны падабаюцца. Да іншых жа ў мяне было роўнае, нейтральнае стаўленне.
Ад усмешкі стане весялей
— Ты ўвесь час усміхалася, старалася падбадзёрваць палітвязняў. Чаго табе каштавала гэтая ўсмешка, як атрымлівалася не падаць духам за кратамі?
— Ну, па-першае, усмешка сама па сабе ўзнімае твой настрой. Калі ты ўсміхаешся, то на твары задзейнічаны і працуюць адмысловыя цягліцы, што перадаюць сігнал у мозг, і твой настрой падвышаецца. Нават калі ты ўсміхаешся праз сілу, прымушаеш сябе гэта рабіць. Гэтую тэхніку я засвоіла даўно, яшчэ да зоны, і я пераканалася, што яна працуе.
Плюс калі я бачыла цябе, Касю Будзько, Алану, іншых дзяўчат, як я магла не ўсміхацца? Я шчыра радавалася. А гэта ў сваю чаргу прымушала і вас усміхнуцца ў адказ. І трошкі і маё жыццё, і вашае рабілася ў гэтыя моманты лепей.
— Што табе яшчэ дапамагала трымацца ў гэтым пекле?
— Па-першае, падтрымка. Яе заўсёды вельмі шмат было. Не толькі ад сваякоў, але і ад іншых, незнаёмых людзей. Па-другое, падтрымка ўнутры калоніі, падтрымка з боку палітвязняў. Тое, што мы маглі перыядычна бачыцца і перамаўляцца, гэта было вельмі важным, давала дужа падтрымкі. Нават калі гэта былі размовы на цяжкія тэмы, аб тым, што ўсё дрэнна, што амністыі не будзе, гэта было ўзаемнай тэрапіяй для нас, бо мы абменьваліся думкамі, чулі і разумелі адзін аднаго, адчувалі плячо адзін аднаго. І не баяліся, што хтосьці цябе здасць з нашага кола.
Але ўсё роўна, памятаеш, трэба было размаўляць прыглушана і выбіраць адпаведнае месца, бо ўсюды і заўсёды былі «вялікія вушы».
— Так, увесь час па кутах нейкіх даводзілася хавацца, каб не падслухоўвалі. Скажы, а ты тая ж самая Воля, якая была да арышту, ці ты ўжо зусім іншы чалавек?
— Ну, насамрэч мы ніколі не можам сказаць пра сябе, што мы тыя ж самыя. Мы ўвесь час змяняемся. І нават калі чалавек не сутыкнуўся з такім выпрабаваннем, як турма, ён усё роўна змяняецца.
Два-тры гады таму, канешне, я была іншая, а цяпер мне дадалося нейкага досведу.
Наш турэмны досвед цяжкі, і, дзякуй богу, не кожнаму праз гэта наканавана прайсці, але ў любым выпадку гэта ўжо наш досвед. І, канешне, ён змяніў мяне, я іншая, я шмат чаго вынесла адтуль. У маім жыцці з’явіліся новыя людзі, я шмат з кім пазнаёмілася за кратамі. Вось, напрыклад, з табой, сябровачка. І шмат добрых людзей у маім сэрцы, яны цяпер заўсёды са мной.
«Часам больш мудра прыкінуцца шлангам»
— Мы часта гаварылі з табой аб тым, што гнуткая лінія паводзінаў за кратамі шмат у чым сябе апраўдвала. Вядома, калі гэта не закранала інтарэсы іншых вязняў, не шкодзіла ім, калі не даводзілася прымаць нейкія рашэнні насуперак сваім маральным прынцыпам. За некалькі месяцаў да вызвалення я, напрыклад, цалкам «знікла з радараў» і, як кажуць турэмнікі, не «адсвечвала». Я паставіла сабе мэту абхітрыць гэтых вар’ятаў у пагонах і выйсці на свабоду, жывой. Якія твае парады на гэты конт, як паводзіць сябе ў гэтым палоне?
— Калі ты ў закладніках, то з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна. Я думаю, не трэба злаваць тых, хто мае такую абсалютную ўладу над табой. Часам больш мудра проста прыкінуцца шлангам і не даваць дадатковых нагодаў, каб да цябе чапляліся. Недзе жартам, недзе гульнёй, але гасіць агонь варожасці з боку турэмнікаў і не падліваць у яго алею. Пры гэтым амаль заўсёды гэта можна рабіць не наступаючы сабе на горла, застаючыся сабой.
Я пераканалася, што калі на роўным месцы не задзірацца, не пачынаць вайну з турэмнікамі, то рабіць штосьці, што ім не загадалі, у стасунку да цябе яны не будуць. Калі, вядома, няма загаду зверху.
Я прыйшла да высновы, што змагацца з турэмнікамі ўнутры сістэмы бессэнсоўна, гэта ні да чаго не прывядзе. Толькі хіба да таго, што я разаб’ю свой лоб.
Па-другое, я вырашыла, што пакуль яны мне нічога дрэннага не зрабілі, чаго я буду іх ненавідзець? Негатыўныя эмоцыі ў першую чаргу мяне будуць разбураць, а людзі ў пагонах на эмацыйным узроўні адчуваюць тваё стаўленне да іх.
Канешне, даводзілася кантраляваць свае эмоцыі. Я загадала сабе: нянавісці да іх адчуваць не буду. Так і было. Без дэструктыўных пачуццяў мне было нашмат прасцей пераносіць гэтае пекла.
— Памятаю, ты нават імкнулася прасоўваць беларушчыну на зоне. Ты спявала беларускія песні ў клубе, чытала вершы па-беларуску. Гэта была спроба стварыць свой беларускі мікракосмас ці нейкі пратэст? І ці адчувала ты, што гэта яшчэ камусьці патрэбна?
— Мае выступы знаходзілі водгукі ў асуджаных. Пасля таго, як мы з дзяўчатамі з чацвёртага атрада праспявалі беларускія традыцыйныя песні, калі ладзілі Каляды да навагодняга конкурсу, да мяне падыходзілі некаторыя дзяўчаты і казалі потым: «О, нічога сабе. Гэта як у вёсцы ў маёй бабулі, мы такое на Каляды ладзілі, калі я была маленькая».
Значыць, гэта кагосьці закранула, хтосьці знайшоў для сябе ў гэтым нешта блізкае. І нават калі б гэта быў толькі адзін чалавек, ужо варта было б рабіць. Але гэта быў далёка не адзін чалавек: я бачыла, колькі людзей апладавала, бачыла па іх вачах, што іх гэта шчыра закранала.
Калі ў цябе ёсць магчымасць рабіць штосьці добрае ў любых варунках, то трэба гэта рабіць.
— Што самае галоўнае ты вынесла з гэтага пакутнага досведу?
— Што добрых людзей больш.
«У амністыю ніколі не верыла»
— Што цябе трыгерыць пасля зняволення? Я збольшага ўжо пазбавілася ад розных фобій. Адзінае, што непрыемны халадок ідзе па спіне, калі бачу мікрааўтобус з прыцемненымі вокнамі, асабліва, калі ён каля мяне спыняецца.
— Калі ў гэтым плане заганяцца, то можна так загнацца, што ну яго… Таму не трэба ствараць праблемы там, дзе іх няма. Псіхіка — рэч крохкая, хісткая, і калі ты пачынаеш сам сябе накручваць, то тады там такія тараканы могуць забегаць, што ой-ёй-ёй.
Вядома, гэта не датычыцца людзей, якія працягваюць знаходзіцца ў Беларусі. Яны там насамрэч заціснутыя абцугамі з усіх бакоў і мусяць быць вельмі асцярожнымі.
— Якая была твая першая пакупка пасля калоніі, можаш згадаць? Я — не.
— Ох, слухай… Здаецца, мы зайшлі купілі квас.
— Ты верыла, што трапіш пад амністыю, што выйдзеш на волю раней?
— Размовы пра амністыю ў месцах зняволення — бадай, самыя папулярныя. Ты ж памятаеш, пра яе асуджаныя ўвесь час казалі. Што толькі не прыдумлялі!
Калі казаць пра амністыю для палітвязняў, то я ў яе ніколі не верыла. Адзін толькі быў момант, бадай, калі амністыю не прынялі ў першым варыянце восенню 22-га: толькі тады была невялікая доля верагоднасці, што гэта можа закрануць і палітвязняў. І тое гэты адсотак імавернасці хутка ператварыўся ў нуль.
— Пра чарговую амністыю мы пачулі па радыё напярэдадні вызвалення, у сталоўцы тады сядзелі. Нам заставалася прабыць за кратамі ўсяго некалькі тыдняў. Памятаеш, як мы гідліва казалі: ну вось, амністуюць за дзень да даты вызвалення, і што гэта за кпін? Будзем, маўляў, ад званка ад званка сядзець, не патрэбныя нам іх падачкі!
— Алана ўвогуле ў дзень вызвалення ўчапілася рукамі ў шконку і сказала: «Я не хачу выходзіць у такую Беларусь». Ледзь выгналі яе з калоніі. Толькі не забудзься пазначыць у артыкуле, што гэта жарт.
— Які ж гэта жарт? Я на ўласныя вочы бачыла гэтую сцэну. Жарт, канешне. А цяпер пытанне вельмі сур’ёзнае і складанае: што можна зрабіць для вызвалення палітвязняў?
— Усё гэта вельмі індывідуальна. Зараз усіх адразу ніхто не выпусціць. Такія рэаліі. Але калі ёсць нейкая магчымасць дамаўляцца хоць пра нейкіх асобных палітвязняў, пра тых, хто вельмі хворы, гэта трэба рабіць абавязкова.
Ужо былі смерці за кратамі і яны, на жаль, яшчэ будуць. І калі ёсць хоць маленькі шанец кагосьці выцягнуць з гэтага палону, трэба выкарыстоўваць яго без усялякіх ваганняў.
Мне цяжка казаць пра механізмы, яны могуць быць вельмі розныя. Штосьці, што можа спрацаваць у адным выпадку, не спрацуе ў іншым. Але трэба рабіць усё магчымае і ісці на нейкія кампрамісы дзеля выратавання людзей.
— Карабаціць, калі некаторыя апазіцыянеры кажуць, што нельга ісці на перамовы наконт вызвалення палітвязняў. Гэта выглядае вельмі некарэктна яшчэ і таму, што большасць спікераў, што махаюць шашкай, самі знаходзяцца ў бяспецы і асноўная частка з іх не сядзела. Аргумент такі — маўляў, ну выпусцяць гэтых закладнікаў, дык пачнуць хапаць новых. Па шчырасці, карабаціць ад такіх выказванняў. Дык Лукашэнка і цяпер новых закладнікаў набірае. А што з тымі? За іх ужо не варта змагацца, крыж на іх паставіць?
— Мяне таксама ад такіх выказванняў карабаціць. Сябры, вы кажаце пра людзей, якія знаходзяцца за кратамі, і меркаванні якіх вы не ўлічваеце. Вялікая колькасць палітвязняў будзе толькі рада, калі хоць хтосьці з кімсьці будзе за іх таргавацца. А што датычыцца жанчын-палітвязняў, то гэта абсалютная большасць.
Ёсць палітвязні, якія гатовыя ісці да канца, але гэта адзінкі, на мой погляд. Астатнія ж не хочуць сядзець ад званка да званка. І для многіх ён прагучыць вельмі не хутка.
— Традыцыйнае пытанне, якое я задаю палітвязням напрыканцы кожнага інтэрв’ю: якой ты бачыш будучыню Беларусі?
— Свабоднай і дэмакратычнай. Але адбудзецца гэта не хутка. Трэба чакаць. Рэчаіснасць, і ў якім кірунку гэта ўсё ідзе, паказвае на тое, што сітуацыя ў Беларусі моцна зацэментаваная.
Калі не прадугледжваць нейкіх нечаканых, раптоўных чыннікаў, то кардынальна нічога не зменіцца ў бліжэйшыя гады. Беларусь, на жаль, будзе ў такім стане даволі доўга. Канешне, на сто адсоткаў будучыні ніхто прадказаць не можа, мы не ведаем, што дакладна можа адбыцца заўтра ў Беларусі і свеце. І выключаць нейкі пазітыўны фактар таксама нельга.
Фота з асабістага архіву Вольгі Філатчанкавай