Як спрабавалі вызваліць палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да Алімпіяды?
Павел Латушка расказаў, што дэмакратычныя сілы Беларусі спрабавалі дамагчыся вызвалення хаця б часткі палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да ўдзелу ў Алімпіядзе, а таксама звярнуў ўвагу на намаганні Польшчы па вызваленні Анджэя Пачобута.
У новым выпуску ток-шоу «Мне таксама не падабаецца» абмяркоўвалі праблему палітвязняў, заўважыла «Наша Ніва».
Павел Латушка расказаў, што дэмакратычныя сілы Беларусі спрабавалі дамагчыся вызвалення хаця б часткі палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да ўдзелу ў Алімпіядзе:
«Мы правялі перамовы ў некалькіх сталіцах. Нам усе паківалі галавой. Сказалі: «Супер ідэя! Бяромся». Пазней перапіска, потым менш перапіскі. Цяпер ніякіх адказаў. Алімпійскія гульні вось ужо пачнуцца».
«Мы хочам сказаць, што адказныя беларускія дэмакратычныя сілы. Так. Але інструменты не нашы», — заўважае Латушка.
«З іншага боку, — працягвае палітык, — калі нехта крытыкуе санкцыі, кажа: што ўвогуле мы маем? Мы можам сёння падняць пратэст у Беларусі? Не можам. Мы можам заблакаваць усю мяжу? На жаль, партнёры не могуць. У нас сапраўды толькі адзіны моцны інструмент ціску — санкцыі».
Латушка звярнуў таксама ўвагу на намаганні Польшчы па вызваленні палітвязня Андрэя Пачобута. Палітык лічыць, што рашэнне ў гэтым пытанні застаецца за Лукашэнкам:
«Лукашэнка, калі захоча, можа гэта зрабіць. Але ён гэтага не хоча».
З гэтым пагадзіўся кіраўнік аб'ядання былых сілавікоў «Байпол» Аляксандр Азараў.
«Эканамічная сітуацыя яго задавальняе. Навошта Лукашэнку кагосьці вызваляць? Ён увогуле не бачыць у нас бок для перамоваў. Мы для яго ніхто. Мы не стварылі для яго ніякіх умоваў, каб ён задумаўся і паглядзеў у наш бок».
Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям заўважыла, што сітуацыя Пачобута асаблівая:
«Гэта яго асабістая пазіцыя. Гэта вельмі моцная пазіцыя.
Такіх людзей у турме, па маім досведзе, адзінкі. Большасць людзей хоча дахаты, да блізкіх, дзяцей. А не сядзець шэсць гадоў за каментар.
Анджэй — круты прыклад, але мы не можам раўняць іншых на яго. У любым выпадку рабіць захады мы абавязаны незалежна ад таго, пагодзіцца чалавек ці не. З турмы цябе не выкінуць без тваёй згоды. Таму што ім таксама патрэбны паперкі, што ты пагадзіўся».
Нагадаем, паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння ў Беларусі прынамсі 1364 чалавекі несправядліва знаходзяцца ў турме.
З іх больш за 250 чалавек знаходзяцца ў асаблівай рызыцы за кратамі.
Сярод іх — 16 чалавек з інваліднасцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 сталыя чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (многія з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладзёны былі затрыманыя непаўнагадовымі, сярод палітзняволеных — 40 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.