Леанід Судаленка: «Вызваленьне палітвязьняў — галоўны прыярытэт цяпер у маёй дзейнасьці»
Беларускі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка на «Свабодзе» разважае пра маштаб і скіраванасць палітычных рэпрэсій у Беларусі і адказвае на пытанне, што здольныя зрабіць Захад і беларускія дэмакратычныя сілы дзеля вызвалення палітвязняў.
— Мы назіраем, што ўлады пашыраюць рэпрэсіі ўглыбіню: затрымліваюць людзей, якія ўжо адседзелі, выстаўляючы ім новыя абвінавачаньні; кідаюць у турму тых, хто проста сыгналіў у 2020 годзе, назіраючы пратэсты з акна аўтамабіля. Як гэта сьведчыць пра маштаб і характар рэпрэсіяў?
— Калі я выйшаў на волю, то рэпрэсіі да мяне не спыняліся ні на хвіліну. Для мяне як да палітвязьня, які выйшаў, фактычна стварылі ўмовы рэжыму хатняй хіміі. Па некалькі разоў на дзень прыходзілі правяраць. Каб выехаць з Гомля, я павінен быў атрымаць дазвол у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі па месцы жыхарства. Кожную нядзелю аб 11:00 раніцы я мусіў сядзець у актавай залі ў раённым аддзяленьні міліцыі і глядзець кіно пра наркаманаў.
Можна яшчэ дадаць і поўны кантроль за наведваньнем мной старонак у інтэрнэце, поўны кантроль за маімі мабільнымі званкамі, поўны кантроль за маімі фінансавымі апэрацыямі паводле заканадаўства аб экстрэмізьме, бо мае асабістыя зьвесткі былі ўключаныя ў так званы «сьпіс экстрэмістаў», зацьверджаны ўрадам... У такіх умовах я для сябе жыцьця ў Беларусі ня бачыў.
Я вымушаны быў выехаць. Толькі пакінуў Беларусь — супраць мяне пачалі новую крымінальную справу, абвінавачваючы ў экстрэмісцкай дзейнасьці. Відавочна, такім чынам улада спрабуе прымусіць мяне замаўчаць.
Проста на ўласным прыкладзе я паказваю, што рэпрэсіі не спыняюцца. Нават калі б я цалкам схаваўся пад плінтус пасьля вызваленьня, усё роўна на мяне завялі б новую крымінальную справу.
Цяпер, на фоне фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу і падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка ня зробіць ніякіх крокаў, каб пачаць нейкі перамоўны працэс ці вызваляць беларускіх палітвязьняў. Вызваленьне палітвязьняў — гэта галоўны прыярытэт цяпер у маёй дзейнасьці.
Няма ніякага плато рэпрэсіяў у Беларусі, я гэтага ня бачу. Адзін выходзіць — дваіх новых саджаюць.
— Тое, што рэпрэсіі ідуць углыб, мае на мэце найперш пэўны псыхалягічны эфэкт? Каб у грамадзтве запанавала пачуцьцё страху?
— Безумоўна. Калі грамадзтва жыве ў страху, ім можна кіраваць. Інакш Лукашэнка ўжо ня можа ўтрымаць уладу. Таму мы і бачым, што хапаюць за тое, што людзі сыгналілі ў 2020 годзе. Альбо за данат у 5 даляраў саджаюць на 5 гадоў, перасьледуюць за тое, што дапамагаў зьняволеным харчам.
Так што, паўтаруся, не відаць ніякага плато рэпрэсіяў. Я лічу, што пакуль Лукашэнка не перавыберацца ў наступным годзе, рэпрэсіі будуць працягвацца. А там, далей, усё будзе залежаць ад агульнай сытуацыі, ад таго, што будзе адбывацца на расейска-ўкраінскай вайне. Але я ня бачу, што Лукашэнка здольны выпусьціць палітвязьняў. Беларускіх палітвязьняў будзе вызваляць прэзыдэнт зь іншым прозьвішчам.
— Тым палітычным вязьням, якія, адбыўшы свой тэрмін, выходзяць на волю, лепш эвакуавацца зь Беларусі?
— Тут, безумоўна, кожны прымае рашэньне за сябе. Я нікога не заклікаю выяжджаць. Але кажу, што часова выехаць, каб жыць у бясьпецы — гэта не эміграцыя. Як толькі вернуцца ў краіну закон і Канстытуцыя — я вярнуся ў Беларусь. Улада ўсім палітычным проста стварае такія ўмовы, пры якіх заставацца ў краіне фактычна немагчыма.
— Увесь час працягваюцца дыскусіі (часам у форме папрокаў) наконт таго, што могуць зрабіць дэмакратычныя сілы, каб дабіцца вызваленьня палітвязьняў. А што, на вашу думку, яны могуць зрабіць, як прымусіць уладу пайсьці на вызваленьне палітвязьняў?
— Безумоўна, патрэбен ультыматум. У мяне няма дакладнага адказу на пытаньне, у якія дзьверы можна пагрукацца, каб назаўтра Лукашэнка пачаў вызваляць людзей. Мне невядомыя ніякія перамоўныя пляцоўкі, дзе б ішлі нейкія перамовы наконт гэтага.
Зараз я знаходжуся ў Брусэлі ў Эўрапарлямэнце дзеля таго, каб рабіць сваю справу — расказваць, у якіх умовах сёньня знаходзяцца беларускія палітвязьні. Дакумэнтаваць гэтыя падзеі, фіксаваць імёны выканаўцаў. Не Лукашэнка ж вырашае, каго кінуць у адзіночную камэру, каго накіраваць у ШЫЗА. Гэта тая маленькая праца, якую я як праваабаронца спрабую рабіць.
— Нярэдка крытыкуюць і Захад, што ён, маўляў, недастаткова робіць для вызваленьня беларускіх палітвязьняў. А што ён павінен зрабіць, каб усе сказалі: «Вось гэта — максымальна патрэбны крок»?
— Цяжкае пытаньне. У нашым рэгіёне ідзе вайна, і на гэтым фоне беларуская тэматыка выглядае ня самай важнай. Маўляў, што там беларускія палітвязьні? Яны прынамсі жывыя, а ва ўкраінскіх акопах забіваюць. Я чуў і такія выказваньні.
Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі няма палітычных артыкулаў і няма палітвязьняў. Захад ня будзе канфліктаваць зь Беларусьсю, якая цяпер знаходзіцца пад крамлёўскім парасонам. Захад зараз ня здольны падвышаць стаўкі, такая мая думка.