Хронікі рэпрэсій за 17 красавіка: Ніне Багінскай за значак выпісалі аграмадны штраф

Новыя палітвязні, КПЧ ААН заявіў уладам Беларусі, што смяротнае пакаранне ў 2018 годзе парушыла права на жыццё Беражнога і Гершанкова ды прапанаваў выплаціць сваякам адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo.webp

У Беларусі яшчэ 11 новых палітвязняў

Гэта Уладзімір Марозаў, Сяргей Чыжэўскі, Уладзімір Варашня, Віктар Новік, Уладзімір Журомскі, Віктар Баркет, Ігар Федарэнка, Аляксандр Вітухноўскі, Сяргей Буната, Вольга Лоцманава, Андрэй Зайкоў.

ААН — уладам Беларусі Парушана права на жыццё

КПЧ ААН адказаў уладам Беларусі па пакараных смерцю ў 2018 годзе Беражным і Гершанковым

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імя Сямёна Беражнога ды Ігара Гершанкова, асуджаных да смяротнага пакарання і пакараных уладамі Беларусі ў 2018 годзе.

КПЧ ААН вырашыў, што Беларусь павінна выплаціць аўтарам звароту адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, а таксама, калі гэта дастасавальна, пакрыццё панесеных судовых выдаткаў.

«Дзяржава таксама абавязана прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні і, з улікам сваіх абавязацельстваў па Факультатыўным пратаколе, добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам, у прыватнасці шляхам выканання яго просьбаў аб прыняцці часовых мер».

Камітэт таксама жадае атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых для ажыццяўлення меркавання камітэта. Уладам таксама прапануецца апублікаваць яго і забяспечыць іх шырокае распаўсюджванне.

Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў 


_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo_1.jpg

Суд Савецкага раёну Мінску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Як стала вядома «Белсату», падставай для пераследу стаў значак з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай. За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).

Суддзя Аляксадр Супічэнка ў сваёй пастанове напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню, і пакараў Багінскую штрафам памерам 50 базавых велічыняў (2 000 рублёў).

Сярэдні памер штрафу — каля 250 еўра. Як у Беларусі пераследуюць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»?

З 1 сакавіка 2023 года па 1 сакавіка 2024 года стала вядома пра больш за З 320 выпадкаў прыцягнення да адказнасці паводле розных частак арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а таксама пра вынікі больш як 1 170 з іх: суддзямі прызначаны 552 штрафы 327 грамадзянам і 622 адміністрацыйныя арышты 365 грамадзянам.

Сярэдні памер штрафу склаў амаль 22 базавыя велічыні (каля 250 еўра), арышту — 11,5 сутак на кожны выпадак прыцягнення, або амаль 37 базавых велічыняў (каля 400 еўра) ці 196 сутак арышту на кожнага асуджанага чалавека.

У Гомелі асудзілі работніка, які ў адзіночку спыніў цэх свайго завода


ivan_pamesjaczny.jpg

У судзе Савецкага раёна Гомеля 12 красавіка да 3 гадоў калоніі асудзілі супрацоўніка ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» Івана Памесячнага. Яго абвінавацілі «блакаванні або мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, што пацягнула цяжкія наступствы» паводле ч. 3 арт. 350 Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Мохараў.  

Паводле версіі абвінавачвання, 16 лістапада 2022 года Іван «з помсты за нібыта не выплачаную ў поўным аб'ёме заработную плату» выдаліў доступ да сістэмных файлаў, прывёўшы ў няспраўны стан праграмнае забеспячэнне.

Яго дзеянні заблакавалі «кампутарную сістэму» і пацягнулі «цяжкія наступствы ў выглядзе матэрыяльных выдаткаў, накіраваных на прыцягненне падраднай арганізацыі для выканання работ па распрацоўцы новых праграм, дакументацыі і работ, у суме 99 000 рублёў».

Глядзіце таксама

Па спецвытворчасці збіраюцца завочна судзіць Віктара Калаура

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Віктара Калаура — яго збіраюцца судзіць завочна

46-гадоваму Віктару інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне варожасці), арт. 188 КК (Паклёп), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Мужчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў пінскае Упраўленне СК.

У будынку Свіслацкага райвыканкама публічна асудзілі мужчыну за «абразу» Лукашэнкі

Стала вядома, што 38-гадовага Дзяніса Нікіту 2 красавіка асудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК.

Прысуд агучыў старшыня Свіслацкага раённага суду Дзмітрый Цівунчык. Вядома, што менавіта суддзя Цівунчык асудзіў палітвязня Яўгена Буйніцкага да 4,5 гадоў калоніі за дапамогу беларусам эвакуявацца ад пераследу ў Літву, а палітвязня Вадзіма Ермашука (блогера Vadimati) — да 3 гадоў калоніі за ягоныя выказванні. 


Мужчыну судзілі публічна ў будынку райвыканкама. Яго вінаватасць пацвярджалася паказаннямі сведак, а таксама запісамі персанальных відэарэгістратараў супрацоўнікаў Свіслацкага аддзела аховы, якія яго затрымлівалі.