«Кіберпартызаны» мяняюць даныя «Гродна Азот» на палітвязняў
«Кіберпартызаны» паведамілі пра маштабную кібератаку на «Гродна Азот» і агучылі ўмову для аднаўлення даных прадпрыемства.

Сайт «Гродна Азота» пад кантролем «Кіберпартызан». Скрыншот azot.by
Беларускія «Кіберпартызаны» абвясцілі пра маштабную кібератаку на «Гродна Азот»: паведамляецца пра ўзлом сістэм аховы і камер назірання, парушэнне працы аднаго з цэхаў і знішчэнне бэкапаў базаў даных, піша «Люстэрка».
Сайт прадпрыемства «Гродна Азот» таксама знаходзіцца пад кантролем групоўкі. Для аднаўлення даных яе ўдзельнікі патрабуюць вызвалення палітвязняў.
Глядзіце таксама

Паводле «Кіберпартызанаў», у выніку атакі зашыфраваныя ўнутраная пошта, дакументазварот і сотні рабочых ПК, знішчаныя бэкапы базаў даных, сервераў, пошты, дакументазвароту, узламаныя сістэмы аховы і камеры назірання і парушаная праца кацельнага цэха. Сайт прадпрыемства таксама знаходзіцца пад кантролем групоўкі.
У якасці доказу «Кіберпартызаны» апублікавалі скрыншоты ўзламаных камер назірання і ліст старшыні «Белнафтахіма», дзе гаворыцца, што праз узлом адгрузка азотных угнаенняў не будзе забяспечаная ў поўным аб’ёме.

Кадры запісу з камер відэаназірання «Гродна Азота», як паведамляецца, узламаных «Кіберпартызанамі». Фота: тэлеграм-канал «Киберпартизаны новости»
«Стаўкі павышаюцца. Каб аднавіць даныя, давядзецца дыктатару вызваліць усіх палітвязняў „Гродна Азота“ + 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на нашую думку)», — заявілі «Кіберпартызаны».
Яны пагражаюць прадпрыемству новай атакай з яшчэ сур’ёзнейшымі наступствамі, калі іх умову не выканаюць і калі рэпрэсіі не будуць спыненыя.
Глядзіце таксама

Нагадаем, улетку 2023 года «Кіберпартызаны» заявілі, што ўзламалі БДУ. Вярнуць даныя яны былі гатовыя за выпуск 50 палітвязняў