Хронікі рэпрэсій за 16 красавіка: у Мінску за ўдзел у пратэстах судзяць адразу дзве сям’і
«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаныя «Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці» і чат «Волонтеры. Гомель», паведамляюць праваабаронцы. Да Паліны Шарэнда-Панасюк зноў не здолеў трапіць адвакат, а ў беларускую кватэру праваабаронцы ўначы прыйшлі сілавікі.
- Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк зноў не пусцілі адваката
Муж Паліны Андрэй Шарэнда ў сваім Фэйсбуку паведаміў, што 15 красавіка адвакат у чарговы раз спрабаваў трапіць да палітзняволенай, але яму было адмоўлена. Ужо чатыры месяцы адвакату не даюць сустрэцца з Палінай, хаця яна ўжо даўно напісала адпаведную заяву для гэтага.
Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Жанчыну спачатку асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пазней яе двойчы асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» яшчэ агулам да 2 гадоў зняволення.
- «Экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны чат «Волонтеры. Гомель»
Адпаведнае рашэнне КДБ было прынятае 8 красавіка.
У дакуменце ведамства пазначана прозвішча чалавека, які нібыта мае дачыненне да чату — гэта палітзняволеная Алена Тоцкая. Яе затрымалі па абвінавачванні ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» 23 студзеня 2024 года.
Жанчына раней працавала на дзяржаўнай службе, аднак у 2020 годзе стала актывісткай і валанцёркай.
- «Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем»
КДБ у сваім рашэнні пра гэта ад 8 красавіка пазначыла, што ў пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў» таксама ўнесена, як напісана, «польскае структурнае падраздзяленне “Белыя халаты”».
Паводле КДБ, дачыненне да Фонду маюць Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў.
- Анжаліка Борыс сустрэлася ў калоніі з журналістам Андрэем Пачобутам — спатканне дазволіў Лукашэнка
Пра гэта Борыс распавяла на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
«Анжаліка Борыс паведаміла пра сустрэчу з Андрэем Пачобутам, які знаходзіцца ў зняволенні ў Наваполацкай калоніі, якая адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў паведамленні канцылярыі кіраўніка Польшчы.
Аднак калі Борыс пабывала ў калоніі і бачыла асуджанага на 8 гадоў Пачобута, у паведамленні не ўдакладняецца.
З журналістам і актывістамі польскай меншасці ў Беларусі Андрэем Пачобутам, сустракаліся таксама дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм'ер-міністра Анджэй Дэра і старшыня праўлення Фонду «Дапамога палякам на Усходзе» Мікалай Фалькоўскі.
Нагадаем, Андрэй Пачобут быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года, а 8 лютага 2023 года яму прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі.
- У Мінску за ўдзел у пратэстах судзяць адразу дзве сям’і
Сёння, 16 красавіка, у судзе Цэнтральнага раёну Мінска пачынаецца суд паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Паводле яго людзей судзяць за ўдзел у мірных сходах.
Гэтым разам абвінавачаныя — адразу пяцёра чалавек. Сярод іх, мяркуючы па імёнах па бацьку, — два браты: Яўген і Аляксандр Юрэвічы. Таксама судзяць Аляксандру Юрэвіч. Разам з імі паводле гэтага ж артыкулу абвінавачваюць Анжаліку і Дзяніса Лагуноў.
Падрабязнасці справы невядомыя. Яе разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк, які вядомы ўдзелам у палітычна матываваных крымінальных справах. Так, з 2020 года ён разглядзеў ужо як мінімум 42 справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Часцей за ўсё ён прызначае абвінавачаным «хатнюю хімію», але, напрыклад, асудзіў палітвязняў Ягора Вяршыніна, Данілу Ганчарова, Яўгена Папакуля да пазбаўлення волі ў калоніі.
- Механіка з Бярозы асудзілі на 3 гады «хіміі» за каментар пра Лукашэнку
У судзе Бярозаўскага раёна 26 сакавіка асудзілі 58-гадовага Сяргея Буваку паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Наталля Мінчанка прызначыла Сяргею тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандр Круцько.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у тэлеграм-чаце на 341 чалавека паведамленне ў бок Лукашэнкі, якое суд палічыў абразлівым. Да суда Сяргей знаходзіўся пад хатнім арыштам.
- Жыхара Жлобіна асудзілі да 2 гадоў калоніі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
29-гадовага Арцёма Насановіча асудзілі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-м годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу супраць жыхара Жлобіна разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Як адзначаюць гомельскія праваабаронцы, з чым звязана такое суровае пакаранне, як і абставіны ўзбуджэння крымінальнай справы, дагэтуль невядома.
- У Берліне адкрылася экспазіцыя пра палітзняволеных беларусак
На экспазіцыі ёсць асабісты дзённік і фатаграфіі, якія жанчыны атрымлівалі ў турмах, ёсць паштоўкі ад маленькага сына палітзняволенай, ёсць абутак са шнуркамі з пакетаў. Рукавіцы з калоніі, якія сагравалі рукі палітзняволенай, пакуль яна чысціла снег. Майка з вышытымі на ёй абдымашкамі і далонькамі сяброў, якую даслалі ў СІЗА да Дня народзінаў жанчыны.
Адна з палітзняволеных перадала сваю белую сукенку, у ёй яна брала шлюб у касцёле, а потым у ёй пайшла на суд. Ёй вынеслі абвінаваўчы прысуд.
- Палітвязню Вадзіму Гусеву дадалі яшчэ адзін год зняволення
У Ваўкавыску 22 студзеня разглядзелі крымінальную справу супраць палітзняволенага, асуджанага раней за «абразу прадстаўніка ўлады». Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Суддзя Мікалай Сяргейка асудзіў палітвязня яшчэ да аднаго года калоніі, а з улікам неадбытага раней пакарання канчаткова прызначыў яму пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год і 3 месяцы.
Вядома, што за парушэнне «правілаў унутранага распарадку» яму выпісалі 9 спагнанняў, у тым ліку змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. Таксама Вадзіма адразу па прыбыцці прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».
- Гродзенец выказаўся пра Лукашэнку пры міліцыянтах: яго асудзілі на год калоніі
27 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі мясцовага жыхара Юрыя Ваўчкевіча. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і асудзілі на год пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, яго будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.
Яго прызналі вінаватым у тым, што нібыта з мэтай «прычынення шкоды аўтарытэту» Лукашэнкі ён выказаўся нецэнзурна ў яго бок у прысутнасці чатырох міліцыянтаў. Выказванне Ваўчкевіча запісалі рэгістратары. Чатыры міліцыянты групы затрымання прыехалі ў інтэрнат, пасля таго як жонка мужчыны, з якой ён незадоўга да гэтага выпіваў, выклікала хуткую дапамогу і паведаміла пра нібыта нажавое раненне.
- Мужчыну асудзілі да «хіміі» за некалькі рэпостаў пра Лукашэнку ў «Аднакласніках»
Стала вядома, што 21 сакавіка ў судзе Гродненскага раёну вынеслі прысуд Уладзіміру Мікулічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ («хіміі»).
Паводле версіі абвінавачання, ён перапосціў у «Аднакласніках» некалькі публікацый, якія нібыта зневажалі Лукашэнку. Гэта былі ролікі пабліку «Беларусь политическая», а таксама тэкст і фота пабліка «STOP LUKA».