"Шукаюць нават ноччу": У кватэру праваабаронцы Леаніда Судаленкі прыходзілі сілавікі
Леаніда Судаленку ў лістападзе 2021 года асудзілі да трох гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Праваабаронца вызваліўся ў ліпені 2023 года і пакінуў краіну.

Леанід Судаленка. Фота з сацсетак
Супрацоўнікі МУС у ноч на 16 красавіка прыходзілі ў беларускую кватэру праваабаронцы Леаніда Судаленкі, пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
Правабаронца апублікаваў фота з Еўрапейскага парламенту і напісаў, што “каля гадзіны ночы” ў кватэру яго сям’і “грукаўся маёр міліцыі”.
Глядзіце таксама

“Шукаюць нават ноччу, непакояцца… Гэтым здымкам падказваю маёру і астатнім выканаўцам рэпрэсій, дзе мяне шукаць. Я тут, каб дакументаваць катаванні, каб расказваць, у якіх умовах вы трымаеце беларускіх палітвязняў-закладнікаў. Як нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі выжывае ў адзіночнай камеры ШІЗА. Не губляйце марна час, вярнуся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю. А пакуль — мы памятаем!” — напісаў былы палітвязень.
Праваабаронца быў затрыманы 18 студзеня 2021 года і абвінавачаны ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні” (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).
3 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў праваабаронцу да трох гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вызваліўся пасля адбыцця пакарання ў ліпені 2023 года і пакінуў краіну. "Калі я выходзіў, то спадзяваўся, што выходжу на волю, — прыгадваў Леанід Судаленка. — А трапіў з турмы ў турму. Зрэшты, па-іншаму наўрад ці магло быць... У Беларусі няма працэдуры выключэння з экстрэмісцкага спісу. Няма куды пісаць заявы, немагчыма аспрэчыць у судзе. Ты трапіў у спіс — і ўсё. Жыві з гэтым, толькі на волі нядоўга працягнеш".
Глядзіце таксама

4 сакавіка Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Судаленкі. Заяўлялася, што спецвытворчасць распачатая паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
8 красавіка СК паведаміў аб заканчэнні расследавання справы гомельскага праваабаронцы.
Глядзіце таксама

Паводле «Позірка»