Хронікі рэпрэсій за 15 красавіка: аблава ў Жлобіне, пнеўманія ў бабруйскай калоніі
Галоўныя навіны сённяшняга дня ў адным аглядзе.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1250 дзён, Дзяніс — 1130.
***
Сілавікі правялі аблаву ў Жлобіне, піша «Вясна».
«Пакаяльныя відэа» траіх затрыманых апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Паведамляецца, што яны працуюць у кампаніі «Аграстыль», «А1» і на БМЗ. Усіх іх прымусілі прызнацца ва «ўдзеле ў акцыях пратэсту» ў 2020-м годзе.
Прапагандысты ўдакладнілі, што ўсе затрыманыя сталі «фігурантамі крымінальнай справы».
***
Вядомага гомельскага бізнесмена, заснавальніка і дырэктара прыватнай рэкламнай тэлекампаніі «ФілТВ» Віталя Філінскага ўжо двойчы асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле інфармацыі «Флагштока», першы суд, які адбыўся ў канцы сакавіка, скончыўся для бізнесмэна 15 суткамі арышту, а затым яго асудзілі паўторна, прызначыўшы чарговыя 15 сутак.
Такім чынам, Філінскі працягвае заставацца за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання. Відавочна, падставай для пераследу маглі паслужыць якія-небудзь публікацыі або рэпосты ў сацсетках — пасля арышту старонкі Філінскага ў «Фэйсбуку» і «ВКонтакте» былі выдаленыя.
Што тычыцца «ФілТВ», то гэта адзінае ў Гомельскай вобласці рэкламнае агенцтва поўнага цыклу, якое займаецца распрацоўкай рэкламнай ідэі, яе ўвасабленнем і размяшчэннем атрыманага рэкламнага прадукту на ТБ-каналах.
Кампанія паспяхова працавала з 1996 года, выконвала, у тым ліку, дзяржзаказы. Напрыклад, здымала фільм для Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Аднак у апошнія гады ў прадпрыемства пачаліся праблемы — нягледзячы на гэта, яно працягвала працу, хоць і ва ўрэзаным выглядзе.
Цяпер кампанія аказалася наогул без кіраўніцтва: неўзабаве пасля арышту Філінскага знік без вестак яго намеснік Андрэй Віннікаў. Уначы 1 красавіка мужчына выйшаў з дому ў невядомым кірунку і не вярнуўся. Ужо два тыдні яго шукаюць міліцыя і валанцёры.
***
У Браславе 28 сакавіка старшыню мясцовага АСВОДа Аляксея Бузо асудзілі паводле арт.19.11 КаАП за падпіску на «экстрэмісцкія» суполкі «STOP LUKA» і «Тэлеканал Белсат» у «Аднакласніках», пішуць праваабаронцы. Суд прызнаў Аляксея вінаватым у захоўванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прызначыў 15 сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона.
Вядома, што Бузо ў свой час узначальваў выратавальны пост у аграгарадку Плюсы. У 2013 годзе ён быў прызнаны найлепшым начальнікам паста ў раёне. У 2014 годзе ўзначалены ім пост атрымаў ганаровую грамату райвыканкама.
***
Сілавікі затрымалі 34-гадовую жыхарку Дзяржынска, паведаміў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На відэа, запісаным пад прымусам, жанчына кажа, што ў 2020 годзе пісала каментары пра міліцыянтаў. Аўтары канала пішуць, што паведамленні затрыманая пакідала ў тэлеграме.
У чым канкрэтна абвінавачваюць жанчыну, невядома.
***
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да полацкага бізнесмена Уладзіміра Захарава. Яго збіраюцца судзіць завочна. Уладзіміру інкрымінаваныя ч.3 арт.243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»), ч.2 арт.243-1 КК («Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў»), ч.1 арт.243-3 («Ухіленне ад выплаты страхавых узносаў»), арт.369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Уладзіміра запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва ўпраўленне СК па Віцебскай вобласці.
https://spring96.org/be/news/114979
***
Гродзенскі абласны суд 15 красавіка пачаў разглядаць справу Фёдара Шведава — удзельніка гульні «Што? Дзе? Калі?». Яго абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК), піша «СБ. Беларусь сёння».
Паведамляецца, што Шведаў перавёў 52 рублі 88 капеек «Сумленным людзям», 26 рублёў 7 капеек «Беларускай радзе культуры» і 26 рублёў 20 капеек «BY help». Пракурор на судзе заявіў, што абвінавачаны «дзейнічаў з матываў ідэалагічнай варожасці».
Фёдару Шведаву 48 гадоў, ён жыве з сям'ёй у Ашмянах. У 1998 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фізік». У Шведава як мінімум трое дзяцей: двое дарослых і адно непаўнагадовае.
У «Што? Дзе? Калі?» Шведаў гуляе з 2006 года і ўдзельнічаў амаль ва ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. Яго каманда згуляла восем сезонаў, Апошні — у маі 2020 года. У 2017 годзе мужчына атрымаў «Крыштальную саву» як найлепшы гулец сезона.
***
Пракуратура Брэсцкай вобласці цягам І квартала 2024 года накіравала ў суды 119 заяў наконт прызнання інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такой статыстыкай пахваліліся ў прэс-службе пракуратуры Брэсцкай вобласці, піша «БелТА».
У прыватнасці, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» была прызнаная прадукцыя 63 Telegram-чатаў і каналаў, 11 старонак у «Instagram», 6 інтэрнэт-сайтаў, 9 акаўнтаў у «TikTok», 6 акаўнтаў «ВКонтакте», 15 акаўнтаў у «Facebook», 5 друкаваных выданняў, 2 акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «X» («Twitter»), а таксама 5 YouTube-каналаў, паведамляе «БелТА».
Акрамя таго, тэрытарыяльныя пракуроры накіравалі ў Брэсцкую абласную экспертную камісію хадайніцтвы для ацэньвання інфармацыйнай прадукцыі іншых 12 інфармацыйных крыніц на наяўнасць у іх прыкмет «экстрэмізму». Пасля таго, як будуць атрыманыя экспертныя высновы, пракуратурай будзе прымацца пастанова наконт накіравання ў суд адпаведных заяў.
Як бачна, Брэсцкая пракуратура сур’ёзна нарошчвае тэмпы працы ў выяўленні «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: так, за першыя шэсць месяцаў 2023 года яна накіравала ў суды 74 заявы наконт прызнання інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а за дзевяць месяцаў 2023-га — 104 заявы.
***
Як стала вядома праваабаронцам, на пачатак красавіка медыцынская частка бабруйскай калоніі была запоўненая асуджанымі з запаленнем лёгкіх або віруснай пнеўманіяй, паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM. У некаторых вязняў назіраліся ўскладненні.
«На сёння некаторыя з іх шпіталізаваныя ў адну з бабруйскіх бальніц», — пішуць валанцёры.
Раней праваабаронцы паведамлялі пра пагаршэнне ўмоў утрымання вязняў у бабруйскай калоніі. Так, напярэдадні зімовага сезону ў сваякоў перасталі прымаць цёплае адзенне. Паводле новых правілаў, асуджаныя мусяць насіць толькі тое, што выдаюць у калоніі, і пры гэтым плаціць за гэтае адзенне. Акрамя таго, у калоніі скарацілі колькасць тэлефонных званкоў і забаранілі набіраць некалькі нумароў за адзін раз.
Пагаршэнне ўмоў у бабруйскай калоніі звязваюць са зменамі ў кіраўніцтве, што адбыліся праз самагубства асуджанага, здзейсненае ў ліпені 2023 года. Вязень адбываў тэрмін за незаконны збыт наркотыкаў і мог пайсці на такі крок праз невыносныя ўмовы, што стварала для яго адміністрацыя.
Нагадаем, напрыканцы студзеня праваабаронцы паведамлялі пра магчымую эпідэмію грыпу ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку, дзе адбывае тэрмін Віктар Бабарыка.
***
Сілавікі затрымалі журналіста «Вечернего Бобруйска» Дзяніса Носава, відэа з ім апублікаваў праўладны канал. Як стала вядома «Медыязоне», да Носава прыйшлі ў мінулы панядзелак, 8 красавіка.
Журналіста прымусілі сказаць, што ён затрыманы, таму што з 2020 года адпраўляў у Telegram сваім знаёмым «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне падпісаўся на «экстрэмісцкія» каналы, каб «быць у курсе падзей».
Яго таксама прымусілі сказаць, што ён «будзе адпраўлены ў ІЧУ за свае дзеянні».
Паводле інфармацыі «Медыязоны», журналіста асудзілі на 15 сутак па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП).
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 438 дзён, Максіма Знака — 431 дзень, Мікалая Статкевіча — 429 дзён, Ігара Лосіка — 421 дзень, Віктара Бабарыкі — 358 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 286 дзён, Уладзіміра Гундара — 255 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1385 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1560 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 4 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.