«Рэжым, як пакрыўджанае дзіця, хоча ўвагі Захаду». Чаму ў Беларусі ўзяліся за «нетрадыцыйныя адносіны»

Міністэрства культуры Беларусі пашырыла вызначэнне парнаграфіі. Цяпер пад гэтае вызначэнне трапляюць і «нетрадыцыйныя палавыя адносіны». Такімі ў Мінкульце лічаць гомасэксуальнасць, лесбійскае каханне, бісэксуальныя адносіны.

Ілюстрацыйнае фота з newslocker.com. Гей-парад у Вашынгтоне

Ілюстрацыйнае фота з newslocker.com. Гей-парад у Вашынгтоне

У адзін шэраг з імі таксама паставілі заафілію, некрафілію, садызм, эксгібіцыянізм. У Міністэрстве далі і ўласнае вызначэнне педафіліі: на думку беларускіх чыноўнікаў, гэта «нетрадыцыйныя палавыя адносіны паміж людзьмі, адзін з якіх не дасягнуў узросту 18 гадоў».

Праўкі да інструкцыі аб продажы і выпуску эратычнай прадукцыі апублікаваныя 11 красавіка. DW спытала меркаванні пра дакумент беларускіх ЛГБТ-актывістаў.

«Афіцыйная гамафобія развяжа рукі ўладам»

«Гэта, вядома, трывожныя навіны, якія, напэўна, яшчэ больш негатыўна адаб'юцца на жыцці ЛГБТ і квір-людзей унутры Беларусі. Таксама незразумела, якім чынам будзе расшыфроўвацца гэты закон, якая будзе ў яго практыка прымянення», — кажа беларуская пісьменніца і ЛГБТ-актывістка Віка Біран. Яна мяркуе, што закон ствараўся спехам, каб яшчэ больш абмежаваць «усе магчымасці для якіх-небудзь рэшткаў культурнага і сацыяльнага жыцця, у тым ліку, для квір-людзей», калі «арганізацыі ўжо і так сышлі ў самае глыбокае падполле».

«Цяпер здаецца, нават у гэтым падполлі, нават з гэтымі адзінкавымі актыўнасцямі спакою ўжо не будзе. Я думаю, што найбліжэйшым часам усё будзе толькі пагаршацца», — прагназуе суразмоўца DW.

«Рэжым, як пакрыўджанае дзіця, хоча ўвагі Захаду»

Сацыялінгвіст, укладальнік першай анталогіі беларускай гей-літаратуры Уладзіслаў Гарбацкі кажа, што змены ў беларускім заканадаўстве наўрад ці прывядуць да арыштаў актывістаў ЛГБТ, паколькі яны альбо ўсе з'ехалі, альбо былі арыштаваныя раней. Паводле яго, «афіцыйная гамафобія развяжа рукі ўладам». «Яны змогуць арыштоўваць геяў і лесбіянак, асабліва маладых людзей, якія не навучыліся хавацца, і што яшчэ горш, улады змогуць шантажаваць і запалохваць усіх, каго хочуць. Гэта можа прывесці да аднаўлення савецкага закона, які караў за “мужаложства”», — мяркуе суразмоўца.

Ён таксама адзначае, што чагосьці падобнага варта было чакаць, паколькі беларускія ўлады раней заяўлялі, што неабходна ўзмацніць абарону «традыцыйных сямейных каштоўнасцяў». Да таго ж падобныя законы ўжо прынятыя ў Расіі, а дыктатуры, па выразе Гарбацкага, «часта вучацца адзін у аднаго». Гарбацкі таксама лічыць, што беларускія ўлады робяць падобныя крокі, каб «стварыць уражанне, што яны нешта робяць і клапоцяцца пра беларусаў, асабліва пра іх электарат».

Са слоў пісьменніка, Лукашэнка 30 гадоў «быў гамафобам толькі на словах, цяпер дэманструе гэта на справе», бо ў яго ўсё менш козыраў супраць Захаду і беларускай апазіцыі: «Ён разыгрывае карту ЛГБТ у знак таго, што свет яго адхіляе. Рэжым, як пакрыўджанае дзіця, хоча ўвагі Захаду — менавіта ў гэтым святле варта ўспрымаць тое, што афіцыйна робіцца ў Беларусі па пытанні гомасэксуалізму».

Гарбацкі не выключае, што з-за новай пастановы Мінкульта многія творы мастацтва, літаратуры, кіно могуць падвяргацца цэнзуры і забароне — «ад антычных міфаў да заходніх квір-фільмаў», але ў даным выпадку Беларусь якраз «ідзе па шляху многіх аўтарытарных рэжымаў».

Глядзіце таксама

Улады дыскрэдытуюць прадстаўнікоў ЛГБТ

На думку беларускай незалежнай квір-актывісткі Пашы Джэжора, пастанова Мінкульта можа прывесці не толькі да забароны кніг або фільмаў, у якіх ёсць нейкая «згадка эротыкі», але і фактычна любых матэрыялаў па сэксуальнай і полавай адукацыі. Акрамя таго, дакумент ставіць пад удар людзей, якія займаюцца правядзеннем адукацыйных мерапрыемстваў на гэтыя тэмы.

Актывістка таксама звяртае ўвагу, што ў пастанове выкарыстоўваюць вельмі размытыя і некарэктныя азначэнні ў дачыненні да членаў ЛГБТ-супольнасці, а таксама знарок іх дыскрэдытуюць, «ставячы адзін шэраг з людзьмі, якія ўчынілі сэксуалізаваны гвалт у адносінах да непаўналетніх і некрафілаў».

Джэжора мяркуе, што пасля прыняцця пастановы ў Беларусі ўзмоцніцца пераслед за «нетрадыцыйную» сэксуальную арыентацыю. «Людзей фактычна могуць пачаць пераследаваць за банальныя фота ў сацыяльных сетках з іх партнёрам або партнёркай. Транссэксуальных людзей могуць пачаць пераследваць за тое, што яны проста паказваюць сябе, што яны проста дэманструюць сваю знешнасць, што яны дэманструюць сваё жыццё», — кажа Паша Джэжора.

Глядзіце таксама

Барацьба з ЛГБТ па расійскім узоры

Паводле яе слоў, прымаючы падобныя пастановы, беларускія ўлады паслядоўна набліжаюцца да закона аб забароне так званай «ЛГБТ-прапаганды», аналагічнага таму, які быў прыняты ў Расіі: «Усе гэтыя працэсы, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, гэта проста калька таго, што адбываецца і адбывалася ў Расіі. Там літаральна тыя ж самыя фармулёўкі, тыя ж самыя этапы».

Актывістка мяркуе, што Лукашэнка выкарыстоўвае рэпрэсіі ў дачыненні да ЛГБТ-супольнасці, каб «заслужыць нейкае прызнанне расійскіх уладаў» і атрымаць «падтрымку ад кансерватыўных жыхароў Беларусі», «каб неяк легітымізаваць сябе». Суразмоўніца DW таксама дадае, што расійскаму ўплыву схільная не толькі Беларусь: у Грузіі Кансерватыўная партыя таксама прасоўвае праект аб забароне «ЛГБТ-прапаганды».

Глядзіце таксама

Праваабаронца: прадстаўнікі ЛГБТ хочуць эміграваць

Расійскі ўплыў у новым вітку рэпрэсій супраць беларускай ЛГБТ-супольнасці бачыць і каардынатар ініцыятывы TG House Аліса Сармант. Паводле яе слоў, нягледзячы на тое, што гэтая катэгорыя насельніцтва заўсёды падвяргалася рэпрэсіям, у РБ у людзей, як правіла, не было праблем з атрыманнем дазволу ад камісіі па трансгендарным пераходзе. Пасля ўвядзення забароны на працэдуру карэкцыі полу ў РФ праблемы пачаліся і ў транс-людзей у Беларусі: больш за 80% тых, хто хацеў змяніць сваю полавую прыналежнасць, атрымалі адмовы. Таксама ўпершыню чалавека, які здзейсніў трансгендарны пераход, змяніў імя і пол у пашпарце, улады прымусілі памяняць дакументы назад.

Сармант звяртае ўвагу, што ў новай пастанове Мінкульта, да «нетрадцыйных полавых паводзін» адносяць, у тым ліку «жаданне жыць і ўспрымацца навакольнымі як асоба супрацьлеглага полу, што звычайна суправаджаецца адчуваннем дыскамфорту ад свайго анатамічнага полу або пачуццём недарэчнасці сваёй палавой прыналежнасці». Дакумент, на думку суразмоўніцы, «пагаршае сітуацыю трансгендарных людзей у Беларусі» і можа паўплываць на колькасць адмоваў па працэдуры карэкцыі полу, альбо і зусім прывесці да яе забароны.

«Фактычна гэты дакумент закліканы зрабіць больш жорсткім цэнзуру і кантроль інфармацыі і паставіць ЛГБТ-супольнасць у яшчэ больш слабае становішча», — кажа Сармант. Яна таксама лічыць, што ў РБ узмоцніцца пераслед актывістаў і арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў ЛГБТ. Ініцыятыва TG House, першай сярод ЛГБТ-арганізацыі, прызнаная экстрэмісцкай. «Я ўпэўненая, што гэта зроблена з-за нашай актыўнай дзейнасці па дапамозе транс-персонам», — паказала Сармант.

Па словах суразмоўніцы DW, сёння рэпрэсіі ў Беларусі тычацца не толькі тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года: «З 2022 года людзей спрабуюць прыцягнуць за арыентацыю, альбо за тое, што хочуць змяніць сваю полавую прыналежнасць».

На фоне гэтага ўсё больш прадстаўнікоў ЛГБТ звяртаецца да актывістаў з пытаннямі аб магчымасці эміграцыі з Беларусі.