«Хто прыехаў з Беларусі, сталі маімі сябрамі». Гісторыя беларускі, якая ўцякла ад пераследу ў Польшчу
Дзясяткі тысяч людзей эмігравалі з Беларусі пасля 2020 года, і ў кожнага і кожнай з іх свая гісторыя. У чымсьці яны падобныя, але аднолькавых няма.
За бчб-сцягамі стаялі чэргі
Вольга Верамеенка разам са сваім мужам Сяргеем трымалі ў Гродне вядомую краму беларускіх сувеніраў. Абодва былі актывістамі Беларускай хрысціянскай партыі, якую ў краіне так і не зарэгістравалі.
Вольга згадвае, што да 2020-га года яны яшчэ маглі спакойна працаваць, да іх у краму прыходзілі турысты, набывалі беларускія сувеніры, піша «Польскае радыё». Сапраўдны пакупніцкі бум пачаўся менавіта ў 2020-м годзе.
— А ўжо самы бум пачаўся на пачатку выбарчай кампаніі, недзе з траўня 2020-га года. А калі ўжо пачаліся сустрэчы з Ціханоўскай, то гандаль яшчэ больш ажывіўся: набывалі ўсю прадукцыю з «Пагоняй» і бчб – вышыванкі, цішоткі, кубкі… А самы бум прыпаў на жнівень, калі ўсе патрабавалі бел-чырвона-белыя сцягі. Было такое, што мы прыходзілі да адкрыцця крамы, а там ўжо стаяла чарга і ўсе хацелі набыць сцягі, сцягі, сцягі…
Не хацела з’язджаць, але…
Калі пратэсты пачалі слабець, у краму зачасцілі праверкі, прычым з міліцыянтамі. Правяраючыя падчас самі не ведалі, што яны хацелі спраўдзіць, але аказаць ціск на ўласнікаў і пакупнікоў спрабавалі. Сяргею давялося з’ехаць з Беларусі, а Вольга працягвала працаваць у краме, але гэта ўжо станавілася небяспечным.
— Ну і было зразумела, што працаваць нам не дадуць, бо столькі было «наездаў», мэта якіх — адназначна закрыць краму. Карацей, да гэтага ўсё ішло. А пасля таго, як я адбыла суткі ў гродзенскай турме, вырашыла, што няма чаго гуляцца з лёсам і трэба закрываць краму. Больш за тое, пакупнікоў значна паменшала, людзі баяліся прыходзіць да нас.
У выніку Вольга прыняла рашэнне закрываць прадпрымальніцкую дзейнасць. А яшчэ з таго часу ёй згадваецца, як да яе ў дом ўрываўся АМАП, узброены аўтаматамі і з крыкамі: «Жэншчыну бером». А яна папросту была адна ў той хаце, яе ўваходныя дзверы можна было адчыніць, трохі мацней пацягнуўшы за клямку.
— І пабеглі па хаце, нібыта там нейкія злачынцы. Напалохалі маіх двух катоў. «Кто с вамі? Где?» Палезлі ў піўніцу… Карацей, як у дурным кіно, было смешна глядзець, як яны выстаўлялі сябе, нібыта захапілі тут злачынцаў. Нейкая брыдота, і думалася: «Што за дэбілы…»
Адчуваецца, як непрыемна спадарыні ўсё гэта згадваецца. Яна робіць паўзу, а потым кажа:
— Насамрэч, я вельмі не хацела з’язджаць з Гродна, і гэты ад’езд зацягнуўся на чатыры месяцы. Думалася: «А вось, можа, буду тут нешта іншае рабіць». Я адцягвала гэта яшчэ чатыры месяцы, але ў лістападзе 2021 года ўсё ж з’ехала.
Без натхнення цяжка нешта рабіць
У Польшчы Вольга ў нейкім сэнсе адрадзіла свой бізнес і пачала з таго, што зноў прадае беларускія сувеніры. Прадукцыя запатрабаваная, але пражыць з гэтага не атрымліваецца, даводзіцца падпрацоўваць.
— Плюс я ўмею рабіць нешта рукамі, займаюся валяннем з воўны. Але ўвесь час не было натхнення – 2020, 2021, 2022 год… Я толькі сёлета пачала рабіць нешта рукамі. Можа, нехта можа рабіць на аўтамаце, а я не магу. Мне трэба, каб быў настрой, натхненне. І гэта толькі зараз пачало да мяне вяртацца, я ўжо магу нешта рабіць. Ну і зразумела, што ўсё ж узрост трохі ўздзейнічае, хаця 50 гадоў — гэта не старасць, але ўжо такой прыткасці няма, як 10 гадоў таму. Праўда, галава яшчэ варыць, а таму пайшла ў паліцыяльную школу і атрымала прафесію тэхніка адміністрацыі.
Мне важна, каб са мной былі беларускія рэчы
Што датычыць інтэграцыі ў польскае грамадства, пераважную большасць часу яна так ці інакш бавіць сярод беларусаў, бо працуе з беларусамі, надалей грамадска актыўная, хаця з гонарам падкрэслівае, што і па-польску можа паўсюль паразумецца.
— І вось нядаўна ў мяне было такое цудоўнае адкрыццё. Я ездзіла ў Італію, была там 10 дзён, а калі вярнулася ў Варшаву і раптам: о, я ўсё разумею, я вярнулася амаль што дахаты.
Апроч гэтага, і здымная кватэра для яе ўжо таксама стала амаль роднай.
— Я шмат рэчаў перавезла, якія звязаны з Гродна, з мінулым, з бацькамі. Фотаздымкі, альбомы — тое, што дорага, духоўна блізка. Для некага гэта нецікава, некаторыя мне казалі, маўляў, навошта гэта ўсё цягнеш. Але мне важна, што цяпер са мной і кніжкі мае беларускія, і кубачкі, якія я збірала, фотаздымкі — усё гэта робіць наша жыллё ўтульным, сваім. Таму я вяртаюся сюды як дахаты.
Пражыць у Польшчы лягчэй, чым у Беларусі
А яшчэ суразмоўца «Польскага радыё» дадае, што жыць у Польшчы лягчэй, чым у Беларусі.
— У параўнанні з Беларуссю, мы можам са сваім мінімальным даходам дазволіць сабе якаснае харчаванне. Круглы год набываем свежую садавіну і гародніну: трускалкі, яблыкі… Калі іду ў краму, я асабліва не задумваюся, хаця звяртаю ўвагу на зніжкі, бо яны тут часта і вельмі зручна купляць танней — шмат такіх магчымасцей. Можаш спакойна набываць і бія- і экахарчы, што заўгодна. І з адзеннем тут ніякіх праблем, бо ўсё даступна па коштах. Карацей, ні галодным, ні голым дакладна не застанешся.
Што яшчэ яе падкупляе ў Беластоку — жыве сярод сваіх сяброў, якія ў большасці пасля 2020-га года таксама туды перабраліся.
— Сяброў тут хапае, ды і пазнаёміліся з многімі, хто прыехаў сюды з розных мясцін Беларусі. Яны таксама сталі маімі сябрамі. Зрэшты, у мяне ніколі не было праблемы з сябрамі, і цяпер я маю з кім бавіць час, проста размаўляць. Тут цудоўнае кола беларусаў, і ў гэтым плане наогул камфортна.
Няхай ведаюць…
Што датычыць таго, каб пры сітуацыі, калі яна зменіцца, вярнуцца ў Беларусь, Вольга задумваецца. Кажа, што на многія рэчы зараз глядзіць па-іншаму. У іх у Беларусі канфіскоўваюць маёмасць, і пакуль нічога не зразумела, што будзе з іх домам.
— Мне чамусьці бачыцца, што мы будзем жыць на два гарады: Гродна і Беласток. Зразумела, што будзем жыць там, дзе ў нас будзе сваё жыллё. Пакуль яго няма тут і там, мы не маем магчымасці яго мець. І яшчэ, магчыма, так няправільна казаць, але я звычайны чалавек і хачу папярэдзіць, што буду судзіць іх такімі законамі, якімі яны судзілі мяне. Няхай ведаюць…