Прэзідэнтка Грузіі выступіла з экстраным зваротам на фоне самага масавага мітынгу ў гісторыі краіны
«Гэты закон — расійскі, метады нашай улады расійскія, і нават сённяшняя прамова прэм'ер-міністра — расійская», — сказала Саламе Зурабішвілі.
Прэзідэнтка Грузіі на брыфінгу зноў заклікала правячую партыю «Грузінская мара» адклікаць закон аб «замежных агентах».
Акрамя таго, Саламе Зурабішвілі агучыла альтэрнатыўную прапанову: адкласці дату ўступлення закона ў сілу да 1 лістапада. 26 кастрычніка ў Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары, нагадвае «Эха Каўказа».
Таксама Зурабішвілі дала зразумець, што яна не згодная з прапановай уладаў унесці папраўкі ў законапраект у рамках механізму вета.
Прэзідэнтка заклікала парламент Грузіі не спадзявацца на яе ў любым выпадку — яна не ўступіць «у нейкую гульню, каб неяк акультурыць гэты закон».
«Гэты закон — расійскі, метады нашага ўрада — расійскія, і нават сённяшняя прамова прэм'ер-міністра — расійская», — сказала яна.
Прэзідэнтка заявіла, што 11 мая Грузія ў чарговы раз паказала свету і ўсяму грамадству, што не дазволіць ставіць еўрапейскую будучыню Грузіі пад пытанне, што не дапусціць прыняцця «расійскага закона». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліла, што гэтага ўжо нічога не зменіць.
«Ніякі падлік ці пералік. Вельмі пацешна, калі палітыкі з нібыта высокім, сур'ёзным IQ лічаць і не могуць падлічыць, колькі <на мітынгу> было чалавек. У гэтым няма патрэбы. Перад усімі паўстала грамадства, якое рыхтуе заўтрашні дзень».
Нагадаем, учора, 11 мая, у Тбілісі больш за 100 тысяч чалавек выйшлі на марш супраць закону аб «замежных агентах». Лідэр парламенцкай большасці заявіў, што на акцыю «не сабралося і 20 тысяч чалавек».
«Са свайго боку кіраўніцтва краіны паказала разгубленасць, прадэманстравала, што не мае перад такой колькасцю народа ніякай стратэгіі, акрамя той, якая характарызуе такую ўладу, калі ўжо няма ў яе даверу народа, то бок — хлусня, маніпуляцыя, кіданні, каб было створана непаразуменне, але гэтага непаразумення не будзе», — заявіла Саламе Зурабішвілі.
Кіраўніца дзяржавы адзначыла, што «мы звыклі да хлусні» — адзін раз партыя ўлады ўжо паабяцала больш ніколі не вяртаць «расійскі закон» на разгляд у парламент Грузіі, але вось ён — працяг іх дзеянняў.
Зурабішвілі адказала на словы прэм'ера Грузіі аб тым, што плануецца гвалт у дачыненні да парламента Грузіі і супрацоўнікаў паліцыі.
«Вы нікога не зможаце гэтым запалохаць, вы самі не верыце ў падобныя канспірацыі», — заявіла яна.
«Шантаж і неверагодныя абразы... мне сорамна, калі я чую такое ад парламентарыяў. Гэта — праява іх унутранай запалоханасці. Гэта — жахлівая праява іх унутранага стану», — падкрэсліла прэзідэнтка Грузіі.
«Грузінская мара» плануе зацвердзіць закон аб «замежных агентах» у трэцім чытанні на паседжанні сесіі парламента 14 мая.
Прэзідэнтка Зурабішвілі раней паабяцала накласці вета на законапраект. Улады ж заявілі, што могуць улічыць «змястоўныя рэкамендацыі» ад заходніх партнёраў у рамках механізму вета.
Згодна з законапраектам «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», дакумент уступае ў сілу часткова адразу пасля апублікавання, часткова — праз 60 дзён.
Згодна з Канстытуцыяй, у выпадку, калі парламент пераадолее вета прэзідэнта і прэзідэнт усё роўна не падпіша законапраект, яго падпіша і апублікуе спікер парламента Грузіі.
Апазіцыя анансавала новую акцыю сёння, 12 мая. Яна пройдзе ля будынка парламента Грузіі і працягнецца ўсю ноч.