Над безданню аўтарытарызму. Супраць чаго змагаюцца пратэстоўцы ў Грузіі
Хутка месяц, як у Грузіі не спыняюцца масавыя пратэсты. Сённяшнія падзеі называюць вырашальнымі для будучыні гэтай каўказскай краіны. Паспрабуем разабрацца, ці так гэта, і якія рызыкі паўсталі перад гасцінным грузінскім народам.
Што адбываецца?
15 красавіка ў грузінскім парламенце пачаўся разгляд законапраекта аб так званай «празрыстасці замежнага ўплыву». Гэты дакумент, ініцыяваны кіруючай партыяй «Грузінская мара», у грамадстве называюць па-іншаму — «закон аб замежных агентах». Алюзія навідавоку і вядзе ў бок Расіі. Там ужо колькі гадоў дзейнічае такі закон, што дазваляе ўладам пераследаваць любое іншадумства і любую нязгоду.
Атрымліваеш грошы за мяжой? Чытаеш лекцыі ў заходнім універсітэце? Манетызуеш ютуб? Рэкламуеш у сваім блогу еўрапейскую прадукцыю? На табе плашку «замежнага агента», з якой жыцця на радзіме не будзе. Рана ці позна па цябе, ворага, прыйдуць кампетэнтныя органы.
Так гэта працуе ў Расіі, дзе палітычныя рэпрэсіі няўхільна пашыраюцца. Грузіны перасцерагаюцца, што аналагічна будзе і ў іх.
Урад Грузіі адмаўляе паралель з РФ, кажучы, што закон бяскрыўдны, ён, маўляў, толькі забяспечыць празрыстасць фінансавання розных арганізацый, зменшыць для краіны знешнія пагрозы. І ўвогуле: у ЗША такі закон дзейнічае з 1938 года, і нічога дрэннага з дэмакратыяй там не здарылася.
Пераконваць грамадства ў «Грузінскай мары» атрымліваецца дрэнна. Многія бачаць крывадушша ў такіх заявах, бо побач ідуць зусім іншыя. Менавіта антызаходняй рыторыкай адрозніваецца кіруючая партыя апошнім часам. Яна не хавае, што яе найбольш цікавіць фінансаванне недзяржаўных арганізацый з еўрапейскіх і амерыканскіх фондаў. І якраз трэці сектар партыя і ўрад абвінавачваюць ледзь не ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.
Напрыклад, 5 траўня прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ зрабіў цалкам тыповую для сябе і сваіх паплечнікаў заяву — сказаў, што ў 2020-2023 гадах у Грузіі былі дзве спробы «каляровай рэвалюцыі» на замежныя грошы.
20% тэрыторыі Грузіі з 2008 года дэ-факта акупаваныя Расіяй, але ў бок Крамля сённяшняе кіраўніцтва краіны крытычна не выказваецца наогул. Адказнасць за страту земляў яно ўскладае на папярэдняга прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, якога з верасня 2021 года трымае ў няволі. Паплечнікаў былога лідара з партыі «Адзіны нацыянальны рух», як і іншую парламенцкую апазіцыю, функцыянеры «Грузінскай мары» ўжо адкрыта называюць ворагамі. І абяцаюць неўзабаве з імі разабрацца, фактычна анансуючы палітычныя рэпрэсіі.
Адметна, што закон «аб замежных агентах» грузінскае кіраўніцтва спрабавала прыняць яшчэ год таму. Тады не атрымалася: дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцу, адбыліся сутыкненні з паліцыяй, і дакумент быў адкліканы. Пры гэтым парламенцкая большасць абвясціла сваю заканадаўчую ініцыятыву недарэчнай і ўрачыста паабяцала больш да гэтай тэмы не вяртацца. Але абяцанне было парушанае.
Сёлета кіраўніцтва краіны робіць другую спробу ўхваліць закон, і ўжо бачна, што цяпер саступаць яно не збіраецца. Нягледзячы на зацятыя пратэсты.
Сённяшняя Грузія — дэмакратычная краіна?
Адказ на гэтае пытанне залежыць ад пункту адліку. Калі параўноваць з лукашэнкаўскай Беларуссю ці пуцінскай Расіяй, то Грузія — проста квітнеючая дэмакратыя. Тут можна адкрыта выказвацца супраць улады. Можна праводзіць пратэсныя мітынгі. Ёсць апазіцыя ў парламенце. Пры абмеркаванні законапраектаў здараюцца эмацыйныя дэбаты, якія часам пераходзяць у бойкі.
Існуе незалежная прэса, у тым ліку тэлеканалы. Дзейнічаюць шматлікія грамадскія арганізацыі. Вельмі вольна пачувае сябе студэнцтва.
Што казаць, калі нават прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі — апазіцыянерка. Грузія — парламенцкая рэспубліка, палітыку тут вызначае ўрад, якія фарміруецца парламентам. Але гэта таксама паказальна: галоўную прадстаўнічую пасаду ў краіне займае апанентка дзеючай улады.
На выбарах у Грузіі лічаць галасы ў прысутнасці незалежных назіральнікаў. Афіцыйны Тбілісі істотна інтэграваны ў заходнія інстытуты і арганізацыі. І што асабліва важна: у снежні краіна атрымала статус кандыдата ў Еўрасаюз. Дыктатурам такое нават не сніцца.
Іншая карціна атрымліваецца, калі паглядзець на Грузію праз умоўна нямецкую ці фінскую оптыку. Тут ацэнкі слушна даваць у дынаміцы, і становіцца бачна, што над картвэльскай дэмакратыяй збіраюцца хмары.
Так, галасы на выбарах лічаць, але скаргаў на махінацыі ўсё болей. У заканадаўства ўносяцца папраўкі, якія пашыраюць магчымасці фальсіфікацый. Так, мітынгаваць можна, але паліцыя павозіць сябе ўсё больш жорстка і збіццё затрыманых ужо не сенсацыя. Так, апазіцыя ёсць, але яе ўплыў на палітычныя працэсы невялікі.
Дзяржаўнай прапагандзе дазваляецца больш, чым незалежным медыя. Прэзідэнтку Зурабішвілі яна дэманізуе. У публічнай прасторы пануе мова варожасці, пашыраецца палярызацыя — і гэта тое, што ў дэмакратычным свеце, мякка кажучы, не вітаецца.
Але галоўнае нават не ў гэтым. А ў тым, што дэ-факта Грузіяй ужо шмат гадоў кіруе адзін чалавек. І кожны школьнік ведае, што гэтага чалавека завуць Бідзіна Іванішвілі.
«Грузінская мара» знаходзіцца ва ўладзе з 2012 года. Яна была заснаваная Іванішвілі — алігархам, мільярдэрам, чыя бізнес-імперыя сыходзіць каранямі ў Расію. Гэта цалкам кішэнная партыя, праз якую прадпрымальнік, не займаючы аніякіх афіцыйных пасадаў, наўпрост валадарыць у цэлай краіне.
29 красавіка ўлады правялі ў Тбілісі свой мітынг — як вулічную антытэзу акцыям пратэсту. Сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, але нюанс у тым, што іх арганізавана звозілі з усёй краіны на аўтобусах і маршрутках з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. У выніку ўжо апоўдні сталіца была паралізаваная вялізнымі заторамі на дарогах.
Увечары з вялікай сцэны высокапасадоўцы з «Грузінскай мары» зладзілі перад звезенымі бюджэтнікамі фестываль хейт-спічаў у бок Захаду. Казалі пра традыцыйныя каштоўнасці, суверэнітэт Грузіі, праваслаўную веру і еўраінтэграцыю «на сваіх умовах». І ў той жа час — пра «чорныя грошы», якія Захад улівае праз НКА, пра навязванне ЛГБТ-прапаганды і трансгендараў, пра падрыхтоўку каляровай рэвалюцыі марыянеткамі з апазіцыі.
Апошнім выступіў Іванішвілі, і яго прамова шакавала еўрапейскіх палітыкаў. Сярод іншага ён абвінаваціў Захад у стварэнні ў Грузіі агентуры, спробах усталяваць у краіне знешняе кіраванне, вядучую апазіцыйную партыю «Адзіны нацыянальны рух» назваў «злачыннай і здрадніцкай групоўкай» і паабяцаў пасля выбараў наўпрост расправіцца з палітычнымі апанентамі.
Некаторыя эксперты пасля адзначылі, што прамова фактычнага правіцеля Грузія — гэта абвяшчэнне вайны Захаду.
Дык вось — да пытання пра дэмакратыю ў Грузіі. Існуе ўстойлівае меркаванне, што яна ў краіне згортваецца высілкамі ўлады. «Грузінская мара», якую ў грамадстве ўжо адкрыта называюць «Рускай марай», бярэ курс на пабудову аўтакратыі. «Закон аб замежных агентах» у гэтым кірунку — чырвоная рыса. Калі яна будзе пройдзеная, здушэнне свабодаў стане проста справай тэхнікі. Апошняя рыторыка ўлады не пакідае ў гэтым сумневаў.
Чаго хоча кіруючая партыя?
У Грузіі вельмі стракатае грамадства. Лічыцца, што ў буйных гарадах яно прагрэсіўнае, у вёсцы — кансерватыўнае. Людзі сталага веку больш памяркоўныя, у палітычных сімпатыях схіляюцца да дзейнай улады. Моладзі наадварот партыя Іванішвілі надакучыла за 12 гадоў, маладыя грузіны хочуць перамен.
Тбілісі не далучыўся да санкцый супраць Расіі і мае праз гандаль дывідэнды. Эканоміка штогод устойліва расце. Электарат «Грузінскай мары» лічыць гэта дасягненнем улады. Апаненты кажуць, што рост ВУП на кішэню звычайных людзей амаль не ўплывае, затое ў вярхах квітнее карупцыя.
На гэтым фоне ў краіне трывае вайна сацапытанняў. Летась увосень, напрыклад, былі праведзеныя два даследаванні, якія прадэманстравалі дыяметральныя вынікі.
Кампанія Gorbi, якая правяла апытанне па замове праўладнага тэлеканала Imedi, агучыла лічбы на карысць «Мары». Паводле іх, «калі б выбары праводзілся заўтра», то кіруючую партыю падтрымалі б 55% выбаршчыкаў, тады як апазіцыйную кааліцыю — толькі 20%.
У той жа час настроі ў грамадстве вывучыў Міжнародны рэспубліканскі інстытут (ЗША). Згодна з атрыманымі данымі, за «Мару» выступае толькі 25% насельніцтва краіны, за «Адзіны нацыянальны рух» — 13%. Пры гэтым калі ўлічыць паказчыкі іншых апазіцыйных партый, то ў сукупнасці за змену ўлады галасоў атрымаецца больш за 30%.
І што характэрна: 40% у гэтым апытанні заявілі, што альбо пакуль не вызначыліся, за каго галасаваць, альбо ўвогуле не пойдуць на выбары. Гэтыя 40% — патэнцыял, якім паспрабуюць скарыстацца як улада, так і апазіцыя.
Так ці інакш, але нават 55% ад лаялісцкага даследавання — не тыя лічбы, пры якіх каманда Іванішвілі можа спаць спакойна. Парламенцкія выбары пройдуць у Грузіі ў кастрычніку. Невядома, якая будзе сітуацыя на той момант, непрадказальнасць празмерная — тут можна і ўладу страціць.i
А страчваць уладу «Грузінская мара» не плануе. Ужо па той прычыне, што ў такім выпадку проста сысці ў апазіцыю ў яе лідараў не атрымаецца. З вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што калі стырно атрымаюць новыя сілы, да цяперашніх кіраўнікоў з’явіцца занадца шмат пытанняў ад праваахоўных органаў. І замест далейшай палітычнай дзейнасці яны будуць вымушаныя прысесці за краты.
У гэтым вялікі драматызм сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Грузіі. Пры такой перспектыве сыходзіць «Грузінская мара», канешне, вельмі не хоча і не збіраецца. Шэраг палітолагаў мяркуе, што дзеля захавання ўлады партыя гатовая на ўсё — у тым ліку на скасаванне еўраінтэграцыі, выбодоўванне дыктатуры і геапалітычны саюз з Расіяй.
Чым усё скончыцца?
Нягледзячы на розныя палітычныя перакананні, у грузінскім грамадстве ўсё ж існуе адзін вельмі трывалы кансенсус. Ён тычыцца пытання еўраатлантычнай інтэграцыі. Снежаньскае апытанне, праведзенае Нацыянальным дэмакратычным інстытутам ЗША (NDI) паказала, што ўступлення краіны ў Еўрасаюз хоча 79% насельніцтва, 67% пазітыўна ацанілі сяброўства ў НАТО.
Такое стаўленне, з нязначнымі ваганнямі, дэманструюць сацыялагічныя даследаванні на працягу апошніх гадоў, то бок меркаванне гэтае цалкам усвядомленае.
«Грузінская мара» не можа гэта не ўлічваць. Тым больш, што паводле снежаньскага апытання амаль палова (46%) яе электарата таксама бачыць будучыню ў складзе ЕС. Менавіта з гэтый прычыны ўлада з аднаго боку пляжыць «заходнія каштоўнасці» і абвінавачвае Брусэль у «смяротных грахах», з іншага — заяўляе, што працягне курс на далучэнне да ЕС. Іванішвілі падчас праўладнага мітынгу запэўніў, што гэта адбудзецца ў 2030 годзе.
Дрэнная навіна для «Мары» ў тым, што людзі не могуць не бачыць гэтую дваістаць вядучай палітычнай сілы. Не могуць не адчуваць фарысейства. Наадварот, вялікая частка грамадства ўсведамляе, што ўлада дзеля самазахавання гатовая ахвяраваць заходнім курсам, і гэта толькі стымулюе пратэсную актыўнасць.
Можна ўпэўнена меркаваць, што спроба прыняць «закон аб замежных агентах» зменшыла электаральны рэйтынг партыі ўлады, але, відаць, у сённяшніх умовах гэта яе не надта турбуе.
Усё бачаць і на Захадзе. ЕС і ЗША ледзь не штодзень выказваюць «глыбокую занепакоенасць» і намякаюць, што з прарасійскім законам Грузію цяжка ўявіць у складзе міжнароднай дэмакратычнай супольнасці. Асобныя галасы заклікаюць выключыць Тбілісі з ліку атрымання фінансавай дапамогі ў межах розных наднацыянальных праграм. Некаторыя кажуць увогуле страшнае — што варта адмяніць шэнгенскі бязвіз для грузін. Усё гэта толькі дадае жарсцяў.
Апошнімі днямі вулічная актыўнасць у Грузіі крыху сцішылася. Прычына — доўгія травеньскія выходныя, на час якіх мітынгоўцы ўзялі паўзу. Але на вечар 11 траўня анансаваная маштабная акцыя ў цэнтры сталіцы.
Сілавікі скарысталі перапынак для пераследу актывістаў. Шэраг апазіцыянераў былі збітыя невядомымі каля ўласных дамоў. Праведзеныя даволі жорсткія затрыманні некаторых пратэстоўцаў. Аднаго з блогераў кінулі за краты ў межах крымінальнага абвінавачвання ў захоўванні агнястрэльнай зброі. Высокапасадоўцы ў пагонах выступілі на прэс-канферэнцыях з пагрозамі на адрас удзельнікаў маніфестацый.
Такую дзейнасць апазіцыя адкрыта называе «тэрорам». Эксперты мяркуюць, што гэта спроба запужаць пратэсную частку грамадства, але ці спрацуе яна — пытанне. Калі на мінулых акцыях паліцыянты пускалі слезацечны газ і кідалі светлашумавыя гранаты, гэта людзей не спыніла.
Прыняцце закона ў Грузіі — доўгая працэдура. У выпадку з «замежнымі агентамі» яна асабліва расцягнутая ў часе. 13 траўня чакаецца разгляд дакумента ў трэцім парламенцкім чытанні. Потым прэзідэнтка Зурабішвілі накладзе на яго вета. Яшчэ пазней дэпутаты «Мары» змогуць гэтае вета пераадолець адмысловым галасаваннем.
Наперадзе яшчэ шмат падзей. Зрабіўшы высновы з леташніх памылак, улада поўніцца рашучасцю зацвердзіць закон, чаго б гэта не каштавала. Пратэстоўцы, разумеючы кошт такой законатворчасці, таксама здавацца не збіраюцца.
Грузія выйшла на цывілізацыйную ростань, якая вызначыць будучыню цэлых пакаленняў.