Расійскі палітолаг: Ураду Грузіі можа спатрэбіцца «вайсковая дапамога Расіі» для змагання з пратэстамі
Пратэсты ў Грузіі трываюць два тыдні. Дэманстранты выступаюць супраць так званага «закона аб замежных агентах», які ўчора быў прыняты парламентам у другім чытанні. Маніфестанты асцерагаюцца, што гэты закон можа быць выкарыстаны для падаўлення свабоды СМІ і перашкодзіць краіне рэалізаваць перспектыву ўступлення ў ЕС.
Прэзідэнтка Грузіі заклікала грамадзян зрабіць выбар паміж Еўропай ці Расіяй
«Праблема значна больш сур'ёзная, чым законапраект «аб празрыстасці замежнага ўплыву», галоўнае — тое, што адбудзецца на выбарах», — заявіла прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў інтэрв'ю брытанскаму навінаваму каналу Sky News, калі каментавала рашэнне «Грузінскай мары» прадоўжыць прасоўваць спрэчны закон, а таксама разгоны ўдзельнікаў акцый, якія выступаюць супраць ініцыятывы кіроўнай партыі.
«Яшчэ раз, праблема значна больш сур'ёзна, чым гэты законапраект, які будзе прыняты прыкладна праз паўтара месяца. Я накладу вета, і ён будзе адкладзены. Галоўнае пытанне — што адбудзецца на выбарах, якія пройдуць у кастрычніку наступнага года. Прынята мноства законапраектаў, якія паказваюць, што кіруючая партыя спрабуе наблізіць Грузію да Расіі. Гэта тое, чаго насельніцтва Грузіі, пераважная большасць якога — 80% — ужо 30 гадоў кажа, што не хоча», – перадае словы Зурабішвілі www.ekhokavkaza.com.
Каментуючы апошні выступ заснавальніка кіроўнай партыі Бідзіна Іванішвілі, які запэўніў грамадства, што «Грузінская мара» працягне прасоўваць закон, нягледзячы на крытыку ўнутры краіны і за яе межамі, прэзідэнтка Грузіі заявіла, што такім чынам Бідзіна Іванішвілі «абвясціў партнёраў Грузіі – Захад і Еўрасаюз, ворагамі і агентамі, якія спрабуюць арганізаваць рэвалюцыю ў Грузіі». Таму грамадзянам на маючых адбыцца выбарах давядзецца галасаваць за Еўропу ці Расію.
«Гэты закон — сімвал, але напраўду ёсць выбар — рашэнне, экзістэнцыяльны выбар, які Грузія павінна зрабіць на выбарах: Еўропа ці Расія», — заявіла Зурабішвілі.
Расійскі палітолаг: «Трэба прыбіраць Зурабішвілі»
Былы супрацоўнік МУС РФ, а цяпер палітолаг і вядучы канала «Салаўёў live» Сяргей Карнавухаў не выключыў, што ўраду Грузіі можа спатрэбіцца «вайсковая дапамога Расіі». Ён упэўнены, што мітынгі ў Тбілісі арганізавалі здраднікі Грузіі пры падтрымцы ЗША.
«Канчатковая іх мэта — выцягнуць Саакашвілі, зрабіць 152-і грузінскі Майдан, падняць дэструктыўныя сілы, развязаць ваенную агрэсію супраць Асеціі і Абхазіі. Ім гэта трэба, таму што без гэтага вельмі складана адцягнуць нашы сілы з тэатра ваенных дзеянняў на Украіне», — сказаў Карнавухаў.
З ягоных слоў, расійскія сілавікі могуць лёгка дапамагчы грузінскім уладам «звярнуць галаву тэрарыстычнаму адрэб'ю», якое мітынгуе супраць закона аб «замежных агентах».
Карнавухаў прапанаваў прыбраць прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая крытыкуе ўрад «Грузінскай мары».
«Вядома, трэба прыбіраць Зурабішвілі. Навошта яна там патрэбна? Трэба пазбаўляцца ад праамерыканскіх сіл у Грузіі. Вычышчаць Грузію цалкам», — заявіў Карнавухаў.
Скандальны законапраект аб празрыстасці замежнага ўплыву
Нагадаем, што расійскія ўлады падтрымліваюць ініцыятыву «Грузінскай мары» і заяўляюць, што законапраект аб празрыстасці замежнага ўплыву» — не расійскі. Акрамя таго, яны часта крытыкуюць прэзідэнта краіны Саламэ Зурабішвілі.
У самой жа Грузіі крытыкі так званага законапраекта “аб замежных агентах” асцерагаюцца, што ён можа быць выкарыстаны для падаўлення свабоды прэсы і перашкодзіць краіне рэалізаваць перспектыву ўступлення ў ЕС. Кіроўная партыя «Грузінская мара» ж сцвярджае, што закон «аб празрыстасці замежнага ўплыву» неабходны для захавання нацыянальнага суверэнітэту і ідэнтычнасці, дапаможа Грузіі ў інтэграцыі ў ЕС і абавязкова будзе прыняты.
Элене Хаштарыя, лідар партыі «Дроа», тлумачыць: «Мы хочам быць часткай ЕС. Вось чаму яны вельмі аўтарытарныя, таталітарныя і жорсткія ў адносінах да народа. Але ўсё мае свае межы. Вы не можаце кіраваць краінай, якая ўвесь час супраць вас».
Фон дэр Ляен асудзіла гвалт супраць дэманстрантаў у Грузіі
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен сказала, што сочыць за сітуацыяй у Грузіі з вялікай занепакоенасцю, піша euronews.com.
«Грузінскі народ жадае для сваёй краіны еўрапейскай будучыні. Грузія знаходзіцца на ростанях. Яна павінна застацца на шляху, які вядзе ў Еўропу», — напісала яна ў сацсетцы Х
У Грузіі паліцыя і ў ноч з 1 на 2 траўня разагнала акцыю пратэсту слёзатачывым газам і вадамётамі. У Еўрапейскім саюзе асудзілі гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў пратэсту ў Грузіі, якія выступаюць супраць так званага «закона аб замежных агентах». У Тбілісі для разгону дэманстрантаў паліцыя зноў ужыла слёзатачывы газ і вадамёты.
Нагадаем, у сераду, 1 траўня, парламент краіны прагаласаваў за законапраект «аб празрыстасці замежнага ўплыву» ў другім чытанні. Большая частка апазіцыі зноў не брала ўдзелу ў галасаванні. Наперадзе фінальнае трэцяе чытанне.
Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі абяцае накласці вета на закон. Тады ён зноў вернецца ў парламент, дзе ва ўладаў ёсць дастаткова дэпутатаў, каб гэта вета пераадолець.