Парламент Грузіі ў трэцім чытанні прыняў законапраект аб «замежных агентах»
14 траўня парламент Грузіі прыняў скандальны законапраект аб «празрыстасці замежнага ўплыву». У грузінскім грамадстве яго называюць законам аб «замежных агентах» або «рускім законам» — за падабенства да аналагічнага закона, які існуе ў РФ і з дапамогай якога Крэмль пераследуе сваіх апанентаў і недзяржаўныя СМІ.
Як паведамляюць грузінскія медыя і тэлеграм-каналы, за прыняцце законапраекта прагаласавалі 84 дэпутаты, супраць выступілі 30 парламентарыяў.
Галасаванне праходзіла на фоне пратэстаў каля будынка парламента ў цэнтры Тбілісі. На пасяджэнні паміж членамі парламенцкай большасці — дэпутатамі кіруючай партыі «Грузінская мара» — і апазіцыяй неаднаразова адбываліся сутычкі.
Законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» — аналаг расійскага закона аб замежных агентах, які выкарыстоўваецца для падаўлення крытыкаў Крамля.
Згодна з ініцыятывай «Грузінскай мары», арганізацыямі, якія нібыта «праводзяць інтарэсы замежнай сілы», абвесцяць усе НДА і СМІ, больш за 20% даходу якіх паступаюць з-за мяжы. Яны будуць абавязаныя рэгістравацца ў спецыяльным рэестры. У адваротным выпадку ім пагражаюць буйныя штрафы.
Улады Грузіі запэўніваюць, што ініцыятыва служыць выключна мэтам празрыстасці, дапаможа ўмацаваць дзяржаўны суверэнітэт і наблізіць краіну да ЕС.
Але ў Еўрасаюзе і ЗША ініцыятыву рэзка крытыкуюць. Заходнія партнёры абяцаюць ураду Грузіі адказ з-за таго, што краіна «коціцца да аўтарытарызму».
Мітынгі супраць прыняцця закона аб замежных агентах працягваюцца ў Тбілісі з 15 красавіка. Дзясяткі тысяч чалавек сталі выходзіць на вуліцы пад лозунгам «Не рускаму закону». Сёння яго змяніў лозунг «Не рускаму ўраду».
На мінулым тыдні прэм'ер Грузіі Іраклій Кабахідзэ дапусціў, што пры садзейнічанні міжнародных партнёраў улады ўнясуць змены ў законапраект у рамках працэдуры прэзідэнцкага вета.
Апазіцыйныя партыі і НДА выступілі супраць «касметычных правак». Агучаныя прапановы назвалі выкрутам «Грузінскай мары» і спробай увесці ў зман міжнародных партнёраў.
Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі раней неаднаразова заяўляла, што накладзе на закон вета, але ў кіруючай «Грузінскай мары» дастаткова галасоў у парламенце, каб з дапамогай дадатковага галасавання пераадолець прэзідэнцкую забарону. Такое ўжо неаднаразова было раней.
На фоне масавых пратэстаў некаторыя грузінскія прафсаюзныя арганізацыі заклікалі да нацыянальнай забастоўкі, але на сёння да страйку далучыліся ў асноўным толькі студэнты.
Расійскі бок неаднаразова падтрымліваў ініцыятыву прыняцця гэтага законапраекта. 14 траўня такое стаўленне пацвердзіў Дзмітрый Пяскоў — прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Сёння ў Тбілісі над асвятленнем падзей вакол законапраекта працавалі крамлёўскія прапагандысты.