«Чорны дзень грузінскай дэмакратыі»
Шэраг асуджальных заяў са сталіц заходняга свету не спыняецца з моманту прыняцця 14 траўня «Грузінскай марай» закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», піша «Эхо Кавказа».
15 траўня ў Тбілісі прыбылі міністры замежных спраў чатырох еўрапейскіх краін — Латвіі, Эстоніі, Літвы і Ісландыі, – каб асабіста перасцерагчы лідараў кіруючай партыі ад наступстваў прыняцця закона. У «Грузінскай мары» ўсё зразумелі не так.
Чаму міністры замежных спраў Байба Бражэ, Маргус Цахкна, Габрыэлюс Ландсбергіс і Таурдзіс Кольбрун Рэйкф'ёрд Гільфадаўцір вырашылі не цягнуць з прыездам у Грузію адразу пасля прыняцця закона аб «замежных агентах», тэзісна патлумачыў літоўскі міністр.
«У першую чаргу [мы тут], каб выказаць нашу падтрымку і салідарнасць усім тым, хто змагаецца за дэмакратычны і еўрапейскі выбар Грузіі, за еўрапейскую будучыню Грузіі. Грузія належыць грузінскаму народу і не павінна быць нікім захоплена. Наша другая мэта — даслаць вельмі выразны сігнал прадстаўнікам кіруючай партыі, як у парламенце, так і ва ўрадзе: Грузія сутыкнецца з рызыкамі і сур'ёзнымі наступствамі, калі яны працягнуць прытрымлівацца гэтага вельмі небяспечнага курсу», – сказаў Габрыэлюс Ландсбергіс.
Яму давялося на хаду папраўляць спікера парламента Шалву Папуашвілі, які пасля сустрэчы з еўрапейскімі міністрамі запэўніваў грузінскіх журналістаў, нібыта еўрапейскія партнёры падзялілі, а дакладней, пагадзіліся з довадамі кіруючай сілы аб тым, што фінансаванне НДА сапраўды не з'яўляецца празрыстым. Больш за тое, са слоў Папуашвілі, міністры замежных спраў «пагадзіліся з грузінскімі ўладамі ў правільнасці пастаноў», калі яны «не паслухалі еўрапейскіх калегаў, не ўвялі санкцыі супраць Расіі, і не вызвалілі [з-за кратаў экс-прэзідэнта Міхаіла] Саакашвілі».
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, яшчэ пакуль знаходзіўся ў Тбілісі, паправіў спікера Папуашвілі праз сацсеткі Х:
«У адказ на непаразуменне па выніках сустрэчы са старшынёй парламента Грузіі Шалвай Папуашвілі. Я адчуваю неабходнасць удакладніць, што мы не згодныя з тым, што Грузія мела рацыю, ігнаруючы еўрапейскія парады і каштоўнасці, і мы выказалі надзвычай цвёрдыя погляды, а не «некаторыя асцярогі».
Спікер парламента Шалва Папуашвілі па-свойму інтэрпрэтаваў словы не толькі міністраў замежных спраў чатырох краін, але і дэпутатаў з іншых краін ЕС: кіраўнікоў камітэтаў па замежных справах Германіі, Польшчы, Чэхіі, Літвы і Фінляндыі.
Асабліва дасталася германскаму парламентарыю Міхаэлю Роту. Напярэдадні разам з іншымі калегамі ён прыйшоў на мітынг супраць закона аб «замежных агентах», выказаў падтрымку грузінскаму грамадству і назваў «Грузінскую мару» «Грузінскім кашмарам», што асабліва закранула лідараў «Грузінскай мары». А сёння Міхаэль Рот на сваёй старонцы ў сацсетцы Х у доказ таго, як «Грузінская мара» «кашмарыць» нязгодных, апублікаваў плакат, на якім арганізатараў акцый пратэсту супраць закона аб «замежных агентах» і ЛГБТ-актывістаў назвалі «здраднікамі і прадажнымі»:
«Менавіта так кіроўная партыя «Грузінскі кашмар» абвінавачвае, стыгматызуе і прыніжае прадстаўнікоў апазіцыі ў Грузіі. Вясёлкавы сцяг і ЛГБТ-супольнасць таксама падвяргаюцца нападкам. Выглядае і гучыць вельмі па-руску. Ганьба!»
Крытыкуюць некаторыя еўрапейскія дэпутаты і кіраўніцтва ЕС з-за запозненай і невыразнай рэакцыі. Да ліку незадаволеных належыць і еўрапарламентар з Нідэрландаў Тайс Ройтэн.
«Народ Грузіі застаецца на вуліцах, але Еўрапейская камісія і дзяржавы-сябры маўчаць, будучы закладнікамі вельмі правых папулістаў Венгрыі і Славакіі. Адсутнасць [рэ]акцыі з боку ЕС з'яўляецца выдатным аргументам у доўгай серыі [аргументаў] на карысць скасавання аднагалоснасці ў замежнай палітыцы», — піша Ройтэн у сацсетцы Х, абураны тым, што пытанне Грузіі было заблакаванае Венгрыяй і Славакіяй. А венгерскім паходжаннем Олівера Вархелі, еўракамісара ў пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння, тлумачыцца і той факт, што супольная з еўракамісарам Жазепам Барэлем заява, якая асуджае прыняцце закона аб «замежных агентах», пазней была змененая і апублікаваная ад імя Барэля і ўсёй Еўракамісіі.
«Прыняцце гэтага закона негатыўна паўплывае на прагрэс Грузіі на шляху да ЕС. Выбар далейшага шляху знаходзіцца ў руках Грузіі. Мы заклікаем улады Грузіі адмяніць закон, падтрымаць сваю прыхільнасць еўрапейскаму шляху і прасоўваць неабходныя рэформы, падрабязна апісаныя ў [рэкамендацыях аб] дзевяці кроках. Еўрасаюз гатовы і далей падтрымліваць насельніцтва Грузіі, якое імкнецца да еўрапейскай будучыні», – сказана ў заяве.
Генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч выказвае занепакоенасць з нагоды таго, што кіроўная сіла Грузіі не дачакалася рэкамендацый Венецыянскай камісіі наконт закона.
«На жаль, занепакоенасць міжнародных партнёраў з нагоды несумяшчальнасці законапраекта з еўрапейскімі стандартамі дэмакратыі і правоў чалавека была праігнараваная, а адсутнасць сапраўдных парламенцкіх абмеркаванняў не адпавядае інклюзіўнаму дэмакратычнаму працэсу. Венецыянская камісія неўзабаве вынесе сваё бачанне, а яе юрыдычныя рэкамендацыі павінны забяспечыць аснову для значнага дыялогу і дазволіць рухацца наперад у адпаведнасці з нормамі і каштоўнасцямі Савета Еўропы», – гаворыцца ў заяве Марыі Пейчыновіч-Бурыч.
Акрамя таго, генеральны сакратар Рады Еўропы заклікае ўлады прыняць неадкладныя захады для прадухілення правапарушэнняў на адрас актывістаў, журналістаў і апазіцыянераў і прапануе сваю дапамогу: «Рада Еўропы гатовая дапамагчы Грузіі цалкам адпавядаць міжнародным стандартам, спрыяць умацаванню дэмакратычнага развіцця і далейшаму прасоўванню да ўступлення ў Еўрасаюз».
Што сказалі ў ЗША
Вашынгтон можа «фундаментальна перагледзець» стасункі з Грузіяй у выпадку канчатковага прыняцця закона аб «замежных агентах». Пра гэта заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер.
Пра тое, што грузіна-амерыканскія адносіны знаходзяцца ў зоне рызыкі, заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі, каардынатар ЗША па пытаннях санкцыйнай палітыкі Джэймс О'браэн 14 мая па завяршэнні свайго візіту ў Тбілісі.
Ён не хаваў, што знаходзіцца ў шоку ад пазіцыі ганаровага старшыні «Грузінскай мары» Бідзіны Іванішвілі. Той адмовіўся сустракацца з О'браэнам, глыбока перакананы ў тым, што ўжо знаходзіцца пад санкцыям з боку нікому не вядомай «партыі глабальнай вайны» і што менавіта гэтая партыя замарозіла ў швейцарскім банку грошы Іванішвілі – 2 мільярды долараў ЗША.
«Той факт, што такі ўплывовы чалавек так дрэнна і няправільна інфармаваны, выклікае расчараванне і шок. Прэм'ер-міністр [Іраклій Кабахідзэ] заявіў, што гэта і ёсць прычына адмовы ад сустрэчы з партнёрам дзяржавы, і гэта ў пэўнай ступені азначае, што асабістыя інтарэсы ставяцца вышэй за абавязацельствы дзяржавы, прапісаныя ў Канстытуцыі. Таму я кажу, што закон — гэта толькі адзін кірунак. Аднак, натуральна, мы павінны паспрабаваць не нанесці шкоду таму супрацоўніцтву, якое ёсць у нас цяпер», — заявіў О'браэн.
Прыняты ў трэцім чытанні закон аб «замежных агентах» уяўляе пагрозу для стасункаў ЗША з Грузіяй, сказаў дыпламат:
«Калі закон не будзе зменены і не будзе адпавядацьь стандартам і нормам Еўрасаюза, а антызаходняя рыторыка ўладаў працягнецца, гэта будзе вельмі небяспечна і рызыкоўна для двухбаковых стасункаў».
У гэтым выпадку, магчыма, фінансавыя і візавыя санкцыі супраць Іванішвілі, а таксама лідараў і дэпутатаў «Грузінскай мары» стануць рэальнымі. І хоць учора ж прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ заявіў, што «санкцыі наносяць шкоду таму, хто іх уводзіць» і заклікаў амерыканскіх партнёраў да «прагматычнасці», многія апаненты грузінскіх уладаў упэўненыя, што санкцыі ЕС і ЗША – гэта тое, што сапраўды можа спыніць «Грузінскую мару» і яе заснавальніка Іванішвілі.
«Чорным днём грузінскай дэмакратыі» назвалі прыняцце закона аб «замежных агентах» у сумеснай заяве старшыня Камітэта сената ЗША ў замежных справах рэспубліканец Джым Рыш і дэмакрат Джын Шахін. Да іх далучыліся яшчэ 9 сенатараў:
«Як мы і папярэджвалі ў нашым лісце прэм'ер-міністру Кабахідзэ, прыняцце гэтага законапраекта запатрабуе ад Кангрэса разгледзець магчымасць змены палітыкі ЗША ў дачыненні да Грузіі, каб адлюстраваць новы палітычны ландшафт у краіне. Як мы раней папярэджвалі, гэтыя меры могуць уключаць санкцыі ў дачыненні да тых, хто нясе адказнасць за падрыў дэмакратыі, забарону на атрыманне віз і перагляд наўпроставай дапамогі ЗША. Як чальцы Кангрэса, якія глыбока прывязаныя да грузінскага народа і адстойваюць моцныя двухпартыйныя і двухбаковыя сувязі, мы працягнем падтрымліваць і ўзмацняць голас народа, 79% якога паслядоўна падтрымліваюць сяброўства ў ЕС. І хоць сёння змрочны дзень, мы працягваем верыць у грузінскі народ, які змагаецца за светлую будучыню сваёй краіны», – гаворыцца ў заяве сенатараў. Тэкст нагадвае, што сенатары Джын Шахін і Джым Рыш многія гады курыруюць пытанне Грузіі і грузіна-амерыканскія адносіны ў заканадаўчым органе ЗША.