«Галоўнае — заставацца чалавекам паўсюль, нават на сметніку». Беларускі музыка — пра жыццё ў эміграцыі і працу на смеццявозе

Удзельнік гурта «Дзецюкі» Уладзіслаў Бернат вымушаны быў з'ехаць з Беларусі ў 2022 годзе, уладкаваўся ў Польшчы і паціху прыжываецца там. З музыкам пагутарыла «Польскае радыё».

Ілюстрацыйнае фота: most.media

Ілюстрацыйнае фота: most.media

У школе не прыжыўся

Уладзіслаў Бернат скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, пасля чаго працаваў настаўнікам англійскай мовы ў адной з гарадскіх школ. Пазней працаваў у родным горадзе барменам, а таксама спяваў у гурце «Дзецюкі».

Згадваючы сваю педагагічную дзейнасць, кажа, што немагчыма было прызвычаіцца да савецкай сістэмы адукацыі.

— Вельмі складана гэта апісаць. Бо з дзецьмі працаваць весела, цікава, тым больш з маім знешнім выглядам — яны вешаліся на мяне, як на майскі слупок. Але галоўная праблема беларускай адукацыі — сама сістэма. Я не вытрымаў, бо было дастаткова цяжка. І я гляджу на ўсіх маладых спецыялістаў, якія прыйшлі разам са мной — у школе з іх ніхто больш не працуе.

Прываблівае патрыятычнасць «Дзецюкоў»

Што датычыць музыкі, то Уладзіслаў з дзяцінства цягнуўся да музычных інструментаў, граў на гітары, спрабаваў вучыць іншых. З 18 гадоў пачаў граць і спяваць у гуртах. Праўда, з жалем заўважае, што не мае адмысловай музычнай адукацыі.


Глядзіце таксама

Ён яшчэ ў школьным узросце палюбіў беларускую музыку, а ўжо ў старэйшых класах, як сам прызнаецца, быў фанатам «Дзецюкоў».

— І калі мне прыйшла прапанова далучыцца да гурта, то я думаў прыкладна секунд пяць…

Суразмоўца асабліва падкрэслівае патрыятычнасць рэпертуару гурта, надае вялікае значэнне песням пра паўстанне Кастуся Каліноўскага і кажа, што асабіста для яго гэта тэма вельмі блізкая.

— Я думаю, што такі рэпертуар цяпер блізкі кожнаму свядомаму беларусу, бо кожны павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. І не толькі ведаць, але і перадаваць яе для іншых, для наступных пакаленняў. Бо яе ўжо не вучаць у школе, з падручнікаў выкрэсліваюць артыкулы пра паўстанне Каліноўскага. А для мяне найбольш цікавыя фрагменты з апошніх двухсот гадоў нашай гісторыі звязаны менавіта з гэтым паўстаннем.

Яшчэ Уладзіслаў кажа, што, выступаючы на канцэртах у Беларусі, атрымліваў вялікую сатысфакцыю ад таго, што іх песні і музыка набліжала многіх маладых людзей да беларускасці.

— А з другога боку бывае цяжка, бо заўсёды знаходзяцца людзі, якія супраць, якія будуць казаць: «Говорите на нормальном языке». Яны ёсць і цяпер, але іх становіцца менш, бо многія зразумелі, што іх ашукваюць. Людзі пачынаюць думаць. І я маю надзею, што і мы сваёй музыкай спрычыніліся да таго, каб гэты працэс ішоў.

Была вера, але было і страшна

Уладзіслаў згадвае, што іх гурт ніколі не меў у Беларусі дзяржаўнай падтрымкі, а перад 20-м годам іх канцэрты папросту пачалі забараняць, прычым, з фармулёўкай «з-за нізкага мастацкага ўзроўню». Хлопцы з гэтай нагоды нават зрабілі кашулькі з такой цытатай і працягвалі выступаць.

— Але мы надалей працягвалі рабіць сваё. Нейкі час гэта былі андэграўндныя канцэрты з малой колькасцю людзей. І калі ў 2019 годзе нам дазволілі афіцыйна ўпершыню за доўгі час правесці канцэрт – для нас гэта быў шок. Мы паверылі ў нейкую беларусізацыю. Праўда, у 20-м годзе «гайкі» заціснулі канчаткова.


Глядзіце таксама

Дзявятага жніўня ўвечары Уладзіслаў працаваў у бары і згадвае, што гэта была незвычайная ноч.

— Я памятаю, як да нас забягалі людзі, за якімі мы адразу зачынялі дзверы. Бар быў забіты людзьмі, якія сядзелі, баяліся, не было інтэрнэту і немагчыма было куды-небудзь датэлефанавацца.

Пад раніцу, калі «слабавікі», як называе іх Уладзіслаў, раз’ехаліся, хлопцы пайшлі шукаць сяброў, якіх маглі затрымаць. Цяпер яму згадваецца гэта нейкім сном.

— У галаве насамрэч тады была каша: пяцьдзясят на пяцьдзясят. З аднаго боку — зможам, а другія пяцьдзясят адсоткаў — усё, капец. Мы больш не вернемся, нас паб’юць, што будзе з роднымі… Была, канешне, і вера ў людзей, але самае моцнае пачуццё ў чалавека — страх.  І таму, зразумела, мы ўсе баяліся, якімі б героямі ні хацелі здавацца.

У Беластоку пайшоў працаваць на смеццявоз — падабаецца

З’язджаць давялося пасля таго, як арыштавалі гітарыста гурта і пачалі яго дапытваць. Тады, а гэта аж у жніўні 2022 года, згадвае Уладзіслаў, і было прынята такое рашэнне.

— Цяжка, страшна выходзіць на вуліцу было. Больш ездзіў таксоўкамі, бо тралейбусы, аўтобусы — усё тое, што нагадвала пра збіццё, пра АМАП і ўсе гэтыя налепкі кшталту «не дадім разваліць страну»… Кожную раніцу баяўся, што пагрукаюць у дзверы, апошнія паўтара месяца нават жыў у сяброў.

У Беластоку Уладзіславу дапамог сябар, які з’ехаў раней. У яго жыў, той уладкаваў яго на працу грузчыкам на смеццявоз. Суразмоўца кажа, што праца яму падабаецца, паколькі ён наогул любіць працаваць фізічна, а яшчэ і ўвесь час на свежым паветры.


Глядзіце таксама

Што датычыць таго, што чалавек з вышэйшай адукацыяй, артыст — і раптам на смеццявозе, Уладзіслаў папросту ўсміхаецца.

— Наконт адукацыі — мне здаецца, што гэта ўжо нейкі перажытак так думаць. Чалавек з вышэйшай адукацыяй можа працаваць фізічна недзе на заводзе, на сметніку, ды дзе заўгодна. Гэта ўсё ж пра тое, куды чалавека больш цягне. Галоўнае — заставацца чалавекам паўсюль, нават на тым самым сметніку. Гэтая праца мне падабаецца, і я не ведаю, ці буду яе змяняць.

Ці можна Беласток лічыць чыстым горадам?

— З кожным годам людзі ўсё больш прызвычайваюцца да чысціні. Гэта заўважна нават па тым, як больш дакладна сартуецца смецце. Я бачу, як моладзь 18-гадовая выкідвае апалкі ў сметніцы, а не на асфальт. У той час, калі людзі старэйшага веку — сорак і за сорак — могуць сабе дазволіць выкінуць нешта проста на вуліцы. Цешыць тое, што прагрэс тут адбываецца, Беласток з кожным годам становіцца чысцейшым. І мне гэта падабаецца, бо я тут жыву.

Дарэчы, параўноўваючы чысціню ў Беластоку і Гродне, суразмоўца кажа, што параўнанне не на карысць яго роднага гораду, паколькі там яшчэ вялікія праблемы з сартаваннем смецця, але, на яго думку, гэта вырашаецца з часам.

На жыццё хапае і Польшча стала не чужой краінай

Што датычыцца матэрыяльнага стану, Уладзіслаў кажа, што на жыццё зарабляе. Найбольш даводзіцца плаціць за кватэру, але ён жыве разам з дзяўчынай, абое працуюць, таму грошай хапае не толькі каб пражыць, але і адпачыць.


Глядзіце таксама

— Дзеля таго, каб дазволіць тут тое, што ў мяне было там, шмат не трэба. Асноўнае хобі — гэта музыка і праца ў бары. Я працаваў у бары ў Гродне і працую тут. Я займаўся музыкай там і займаюся тут. Шкада, канешне, што там засталіся некаторыя людзі, па якіх я сумую.

Горад яму стаў блізкім, хаця пра дом згадвае часта і, канешне, не ведае, калі давядзецца туды вяртацца. За гэты час і Польшча стала для яго нечужой краінай.

— Як казала некалі мая цётка, будзьце як дома, але не забывайцеся, што вы ў гасцях. Тут я адчуваю сябе як дома, бо тут мае сябры, мая праца, музыка. Аднак я ўсё ж разумею, што гэта не мой дом. Але тут творчая свабода, магчымасць рабіць тое, што ніколі не дазволіў бы там. Тут можна, як мінімум, выказваць свае думкі, і нічога страшнага табе за гэта не будзе.