Хронікі рэпрэсій за 22 красавіка: турэмны рэжым для брата Паўла Латушкі і суд над рагачоўскай чыноўніцай
У Беларусі працягваюць пераследаваць людзей за грамадзянскую пазіцыю. Сабралі асноўныя навіны пра рэпрэсіі за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1257 дзён, Дзяніс — 1137.
***
Мінскі гарадскі суд прысудзіў мясцовую жыхарку Настассю Мацяш да двух гадоў калоніі, яе абвінавацілі паводле артыкула аб «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.3 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса), піша прэс-служба Вярхоўнага суда.
Як сказана ў паведамленні, Настасся Мацяш з 19 чэрвеня 2021 года да 15 лістапада 2023 года была «моўным кансультантам» тэлеканала «Белсат», які беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкім фарміраваннем».
У віну Настассі Мацяш паставілі пераклад і рэдагаванне тэкстаў. Сваю віну на судовым пасяджэнні яна не прызнала.
Акрамя тэрміну ў калоніі, суд таксама прысудзіў Настассі Мацяш штраф у памеры 20 тысяч рублёў (500 базавых велічынь). Яе камп'ютар і мабільны тэлефон канфіскаваныя. Суд таксама пастанавіў спагнаць з мінчанкі 102 415, 12 рублёў «у якасці даходу, атрыманага злачынным шляхам».
***
Былую журналістку Catholic.by Аксану Ючкавіч будуць судзіць 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Інфармацыя пра працэс размешчаная на сайце Вярхоўнага суда, звярнуў увагу Reform.
Аксане інкрымінуюць арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
34-гадовая Аксана Ючкавіч — хрысціянская актывістка, парафіянка парафіі ў Параф'янаве. Яна вядомая сярод каталікоў Мінска, дзе арганізоўвала мноства мерапрыемстваў, у кафедральным саборы Мінска спявала ў хоры «Глорыя», пасля пераезду ў Заслаўе актыўна ўдзельнічала ў жыцці мясцовай парафіі.
Аксана была звеннявой у арганізацыі каталіцкіх скаўтаў. Яна таксама вучыла семінарыстаў Міждыяцэзіяльнай семінарыі, выкладаючы ім падрыхтоўчы курс польскай мовы.
***
17 красавіка ў судзе Рагачоўскага раёна была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці Ірына Зыкава — галоўная спецыялістка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Рагачоўскага райвыканкама.
Судовы працэс паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядала суддзя Ірына Прадун. Вынік суда высвятляецца.
Інфармацыя пра Ірыну Зыкаву знікла з сайта Рагачоўскага райвыканкама, а на месцы гэтай чыноўніцы ўжо працуе іншая асоба, піша «Гомельская Вясна».
***
28 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў Святлану Кудрыцкую да 2,5 гадоў «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Пра прысуд стала вядома праз месяц пасля суду.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Кудрыцкую судзілі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК) за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Доказам стала відэа, на якія трапіла жанчына.
Паводле версіі абвінавачвання, Кудрыцкая «блакавала» шлях аўтамабілям, тым самым «парушыла працу» грамадскага транспарту. Суму шкоды «Мінсктранс» ацаніў у 5 839 рублёў 65 капеек.
У прысудзе пазначана, што суд пастанавіў знішчыць два бел-чырвона-белыя сцягі, канфіскаваныя ў Кудрыцкай пры ператрусе. Да суду дзяўчына была пад закладам.
***
Суд Быхаўскага раёна прысудзіў Арцёма Антонава, сына пісьменніка Сяргея Антонава, да 1,5 года калоніі, піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM. Яго абвінавацілі па артыкуле аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК).
Арцём Антонаў быў затрыманы ў сярэдзіне снежня мінулага года ў Быхаве. Спачатку яго абвінавачвалі паводле адміністрацыйнага артыкула, затым дома ў яго прайшоў ператрус, сілавікі канфіскавалі тэхніку.
Бацька Арцёма, пісьменнік Сяргей Антонаў, аўтар серыі кніг «Метро 2033», вымушаны быў з'ехаць з Беларусі з-за пагрозы крымінальнай справы за супрацоўніцтва з сайтамі «6TV» і «Магілёў медыя», якія беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
***
Сілавікі затрымалі маладзечанца, які хацеў паехаць ваяваць ва Украіне.
Як паведамляе «Наша ніва», затрыманы — Максім Буракоўскі. Хлопец з Маладзечна, і яму 27 гадоў. Мяркуючы па сацсетках, ён вучыўся ў БДПУ, а потым працаваў па рабочай спецыяльнасці.
Сілавікі паказалі ў відэа шэраг ботаў, у якія пісаў Максім. Сярод іншага, там былі боты, невядомыя шырокай грамадскасці. Хлопец кажа, што «думаў пра тое, каб паехаць ваяваць ва Украіну, а боты шукаў па спасылках, якія людзі кідалі ў нейкі чат».
Прынамсі, частка ботаў, у якія пісаў Максім, былі фэйкавымі.
Хтосьці правяраў тэлефонны нумар Максіма праз бот «Вока бога», якім карыстаюцца губазікаўцы, яшчэ ў лістападзе 2023 года — такім чынам, за Максімам даўно сачылі.
Для затрымання Максіма Буракоўскага сілавікі задзейнічалі робат і некалькі супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў. Яму пагражае крымінальная справа за «намер ваяваць ва Украіне».
***
Сілавікі затрымалі магілёўскага футбольнага фаната за «актыўны ўдзел у палітычным жыцці». Паводле «Медыязоны», гаворка ідзе пра Віталя Лазароўскага.
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што заўзее за маскоўскі «Спартак» і магілёўскі «Дняпро» і што затрыманы за «актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі ў 20-м годзе і за "экстрэмісцкія" матэрыялы».
***
Анатоля Латушку, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі, перавялі на турэмны рэжым, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Суд па замене рэжыму адбыўся ў Шклове 22 сакавіка, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер.
Суд пастанавіў адправіць Анатоля Латушку ў турму на шэсць месяцаў, яго ўжо этапавалі ў Гродна.
Анатоль Латушка ў верасні 2022 года быў асуджаны на 6 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі па артыкулах аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «здзеку з дзяржсімвалаў» (арт.370 КК), «хуліганстве» (ч.2 арт.339 КК), «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці» (арт.203-1).
Турэмны рэжым адрозніваецца ад калоніі тым, што зняволеныя амаль заўсёды знаходзяцца ў камеры. На турэмным рэжыме зняволеныя могуць працаваць, але такая магчымасць ёсць не ва ўсіх. Абмяжоўваецца сума «атаваркі», колькасць бандэроляў і спатканняў.
***
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты: «Бальзам», «Адвокаты прав человека», «Берасце????Бярозаўка разам з Беларусамі цалкам і да конца!!!», «Владислав Живица | ŹYVITSA!»;
- Instagram-старонкі: «usual_morning», «traktorograd1», «mhramadaorg», «aleksandra__dobrova», «stasvolk262», «muzychny_ruh_wawa»;
- TikTok-старонкі: «ямницкий флот», «Чаты 97%», «vladimir.malyavko», «rasstrigaby».
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 445 дзён, Максіма Знака — 438 дзён, Мікалая Статкевіча — 436 дзён, Ігара Лосіка — 428 дзён, Віктара Бабарыкі — 365 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 295 дзён, Уладзіміра Гундара — 262 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1407 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1566 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 2 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.