Рэжым «адціскае» жыллё. Знайшліся жадаючыя набыць кватэру палітвязня Уладзіміра Лабковіча
Улады працягваюць «адціскаць» нерухомасць у палітвязняў. І зноў знайшліся жадаючыя купіць такое жыллё (прама зараз ідзе аўкцыён).
Як нагадвае «Люстэрка», на 23 красавіка быў прызначаны аўкцыён па продажы нерухомасці праваабаронцаў «Вясны» Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. На таргі выставілі 1/7 частку офіснага памяшкання і двухпакаёвую кватэру.
На офіс пакупнікоў не знайшлося, а за «двушку» — так.
Прама зараз удзельнікі аўкцыёну робяць стаўкі. Нагадаем, раней гэтых мужчын, як і старшыню праваабарончага цэнтра, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, прысудзілі да доўгіх тэрмінаў зняволення. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.
Раніцай 23 красавіка пачаўся аўкцыён, на якім прадаюць двухпакаёвую кватэру, размешчаную ў доме № 43 па вуліцы Тухачэўскага ў Мінску (гэта Заводскі раён). Кватэра агульнай плошчай 43,9 м2. Жыллё было арыштавана па рашэнні следства.
Таргі пачаліся з 134 000 рублёў, у іх бяруць удзел тры чалавекі.
Гэта маёмасць належыць юрысту праваабарончага цэнтра «Вясна» і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу.
Уладзімір Лабковіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Яму выставілі абвінавачванні паводле арт. 228 КК Беларусі (кантрабанда) і ч.2 арт. 342 КК Беларусі (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пазней мужчыну прысудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У снежні мінулага года МУС дадало Уладзіміра ў «спіс экстрэмістаў».
Нагадаем, 23 жніўня 2023 года стала вядома, што МУС прызнала праваабарончы цэнтр «Вясна» «экстрэмісцкім фарміраваннем». У міністэрстве лічаць, што арганізацыя займалася дзейнасцю «па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь», а таксама дыскрэдытавала службовыя асобы.
У ліпені 2023 года беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека.
У 2022 годзе старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Нагадаем, у ліпені 2023 года на аўкцыёне прадалі
Мінскую трохпакаёвую кватэру палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Потым была прададзеная кватэра сям’і Валерыя і
Веранікі Цапкалаў.