Фрыдман пра былога суддзю Шміта: Не (супер)агент КДБ, а проста сарвігалава
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман выяўляе парадоксы мінскіх прыгодаў былога польскага суддзі Томаша Шміта.
«Смеласць польскага экс-суддзі Томаша Шміта, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь, мяжуе з вар'яцтвам.
Ягонае жыццё, як падкрэсліў Лукашэнка, у небяспецы; за ім (хутчэй за ўсё) палююць агенты ЦРУ і MI-6, якія, па словах Шміта, кіруюць Польшчай (дзіўна, што з поля зроку экс-суддзі пакуль выслізнула такое папулярнае сярод польскіх канспіролагаў «сусветнае габрэйства»).
А што ж Шміт? Ён за няпоўны тыдзень не толькі дасканала авалодаў наратывамі мясцовай прапаганды, але і гуляе па Мінску і рызыкуе… І ўсё толькі для таго, каб знайсці польскія тавары і прадэманстраваць неэфектыўнасць заходніх санкцый.
І што тут скажаш? Не (супер)агент КДБ, а проста сарвігалава», — іранізуе Аляксандр Фрыдман.
Што вядома пра Томаша Шміта
Томаш Шміт раней займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З'яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальнай радзе суддзяў Польшчы.
Ён быў у цэнтры вялікага палітычнага скандалу. Шміт разам з іншымі суддзямі, лаяльнымі папярэдняй уладзе, арганізаваў групу, што збірала кампрамат на іншых суддзяў, якія крытыкавалі ўладу.
Былая жонка Шміта асабіста хэйціла суддзяў пад ананімным нікам «Mała Emi», выкарыстоўваючы сакрэтныя матэрыялы, атрыманыя ад тагачаснага мужа і іншых суддзяў. Сам Шміт у гэтым прызнаўся і выказваў шкадаванне.
Эмілія Шміт — фігурантка гучнай у Польшчы «хэйтавай аферы», у рамках якой яна прадставіла СМІ прыватную перапіску журналістаў і суддзяў з мэтай іх дыскрэдытацыі.
Паводле звестак Onet, у рамках «хэйтавай аферы» ў WhatsApp павінна была быць створана закрытая група пад назвай «Каста», якая абменьвалася думкамі аб тым, як ачарніць асобных суддзяў. Як паведамлялі СМІ, у яе ўвайшоў сярод іншых і Томаш Шміт.
Шміта ў выніку адхілі ад пасады суддзі. Шэраг суддзяў, якія былі згаданыя ў аферы, у тым ліку Томаш Шміт, заявілі, што будуць падаваць грамадзянскія пазовы і прыватныя абвінаваўчыя акты ў суды, паколькі, на іх думку, недастаткова, каб старшыня Правінцыйнага адміністрацыйнага суду, абапіраючыся выключна на паведамленні СМІ, пастанавіў «неадкладна спыніць выкананне службовых абавязкаў суддзі Шміту». На іх думку, уся справа выглядала як змова з мэтай знішчыць рэпутацыю Шміта.
Праз некаторы час суддзя Шміт быў адноўлены на пасадзе.
Пракуратура ў Свідніцы хацела завесці крымінальную справу супраць Эміліі Шміт. Ёй збіраліся выставіць абвінавачанне 21 сакавіка 2024 году. Гэтага не адбылося, бо матэрыялы справы былі перададзеныя рэгіянальнай пракуратуры ва Уроцлаве, якая ў выніку прыме рашэнні і будзе надалей займацца расследаваннем. Паводле OKO.press, гэты крок мусіць паскорыць расследаванне «хэйтавай аферы».
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы збіралася арыштаваць Томаша Шміта за шпіянаж
Агенцтву ўнутранай бяспекі Польшы ўжо некалькі месяцаў было вядома аб сувязях суддзі Томаша Шміта зь беларускімі службам, піша Onet.pl з спасылкай на крыніцы, як у польскіх службах, так і ва ўрадзе.
Шмітам нават мусіла займацца польская контрвыведка, а дзеянні польскіх службаў былі накіраваныя на тое, каб арыштаваць яго за шпіянаж. Аднак у канцы апэрацыі нешта пайшло не так, піша выданне.
Па дадзеных інфарматараў, судзя Шміт як мінімум некалькі гадоў быў у кантакце з беларускімі службамі, а таксама з расійскімі службамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы.
6 траўня Томаш Шміт, судзя 2-га адзялення ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Мінска. Свае дзеянні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяннямі ўладаў Польшчы.
Цяпер польскія спецслужбы разбіраюцца, якой уразьлівай інфармацыяй з беларускімі спецслужбамі можа падзяліцца збеглы суддзя.