«Падляшскі вянок». Як беларускія танцоры прадстаўляюць Польшчу на міжнародных пляцоўках
У Польшчы ёсць дзіцяча-моладзевы калектыў, які выконвае беларускія народныя танцы. Ансамбль «Падляшскі вянок» амаль дзевяць гадоў працуе ў Беластоку. MOST паразмаўляў з яго кіраўніцай, харэографам з Гродна Аксанай Прус, пра тое, ці можа нацыянальная меншасць прадстаўляць краіну, дзе жыве, і як традыцыйны танец змяняецца пад уплывам сучаснасці.
Падляшша для Аксаны не чужое: адсюль паходзіць яе бацька. Сама ж жанчына нарадзілася ў Гродне, там жа скончыла каледж мастацтваў, дзе і працавала да 2013 года. Пераехаць у Беласток беларуска вырашыла пасля шлюбу з палякам, да таго ж дачка Аксаны паступіла ў Беластоцкую палітэхніку.
Пасаду намесніцы дырэктара прыйшлося змяніць на працу прыбіральшчыцай
Пасля пераезду пасаду намесніцы дырэктара гродзенскага каледжа мастацтваў прыйшлося змяніць на працу прыбіральшчыцай у прыватнай клініцы Беластока. Так доўжылася восем месяцаў, пакуль Аксана не знайшла падпрацоўку па спецыяльнасці ў адной балетнай школе.
— Потым я праз сваю знаёмую трапіла на сход бацькоў аб’яднання «АБ-БА» (займаецца прасоўваннем беларускай мовы і культуры сярод дзяцей і моладзі Падляшша) і сказала, што хацела б арганізаваць беларускія танцавальныя заняткі. Мне сказалі: вельмі добра. Аказваецца, яны даўно шукалі харэографа і не маглі знайсці. Так і пачалося, — успамінае беларуска.
Ансамбль «Падляшскі вянок» з’явіўся ў верасні 2015 года на базе беластоцкай пачатковай школы № 4 з дадатковым вывучэннем беларускай мовы. Пачыналася ўсё з адной групы, цяпер жа калектыў налічвае прыкладна 55 удзельнікаў і складаецца з трох узроставых груп: малодшай (9-12 гадоў), старэйшай (13-15 гадоў) і моладзевай (ад 16 гадоў). Таксама ёсць вакальная група.
За няпоўныя дзевяць гадоў ансамбль заваяваў мноства ўзнагарод, як на польскіх фестывалях, так і на міжнародных: у Балгарыі, Іспаніі, Італіі, Бразіліі, Партугаліі, ЗША, Фінляндыі, Германіі, Грузіі, Чэхіі і нават у Беларусі.
Сама Аксана лічыць, што найвышэйшай узнагародай і прызнаннем для «Падляшскага вянка» стаў удзел у канцэрце Mazowsze i Przyjaciele — гэта магчымасць станцаваць на адной сцэне з галоўным польскім народным харэаграфічным калектывам Mazowsze, які існуе з 1948 года. Беларусы паказалі праграму «Родам з Падляшша».
— Сярод іншых польскіх калектываў мы выдзяляемся сваёй школай, — запэўнівае харэограф. — Мы базуем сваю навуку так, як базуюць беларусы. Аснова гэтай школы — класічны танец. Таму мы «дзёўбаемся» з тым класічным танцам, з элементамі гімнастыкі, стрэтчынга. У нас дзеці расцягваюцца, маюць фізічна моцныя заняткі, займаюцца пластыкай ля станка. І Mazowsze нас выбрала менавіта за тое, што ў нас была добрая тэхніка, добрыя спіны, прафесійныя рухі.
Як у ансамбль сталі прыходзіць польскія дзеці
Восем гадоў заняткі «Падляшскага вянка» раз на тыдзень праходзілі ў гімнастычнай зале школы № 4. Для другога на тыдні занятку арандаваліся больш прасторныя і зручныя памяшканні ў розных прыватных танцавальных школах. Але з верасня 2023 года ўсё змянілася.
— У жніўні дырэктар школы адмовіла нам у гэтых занятках, — кажа Аксана. — Яна казала, што спачатку трэба задаволіць сваіх. А мы нібыта не свае, атрымліваецца? Нам прапаноўвалі вельмі познія гадзіны, якія для нас зусім не падыходзяць. І вось мы, цэлы калектыў, былі вымушаныя шукаць, куды нам дзецца. Трэба пачынаць заняткі, а мы на вуліцы. І мы знайшлі сабе школу святых Кірыла і Мяфодзія (прыватную навучальную ўстанову ў Беластоку, дзе выкладаецца беларуская мова). І зараз займаемся там два разы на тыдзень.
Аксана абураецца, што зараз танцавальныя ўзнагароды ансамбля школа нават не ўпісвае дзецям у пасведчанні, якія выдаюцца пад канец года.
Непрыемная сітуацыя з новым кіраўніцтвам школы падштурхнула «Падляшскі вянок» набіраць вучняў не толькі з гэтай установы. Так у ансамбль сталі прыходзіць не толькі беларускія дзеці, але і польскія. Зараз у калектыве займаюцца пяць палякаў. Нягледзячы на тое, што ўсе заняткі праходзяць па-беларуску, яны з цікавасцю іх наведваюць і вывучаюць беларускую мову.
— Але ў асноўным у нас этнічныя беларусы, — расказвае Аксана. — Яны ўсе пачыналі навуку ў школе № 4. Потым гэтыя дзеці працягваюць вучыцца ў ліцэях. І мы думалі, што яны перастануць танцаваць пасля пачатковай школы. Але ў нас калектыў развіўся да дарослай моладзі, у гэтым годзе з’явіцца першае пакаленне, якое будзе паступаць ва ўніверсітэты. Частка з маладых людзей плануе застацца ў Беластоку, і я думаю, яны працягнуць танцаваць у калектыве.
Сярод вучняў ёсць і дзеці з беларускай дыяспары, чые сем’і прыехалі ў Беласток пасля падзей 2020 года. Пакуль такіх танцораў толькі шэсць, але Аксана лічыць, што іх стане больш.
«Каб паехаць на фестываль у Італію, на дзіця трэба выдаткаваць 3 тыс. злотых»
Адной з магчымых прычын, якія замінаюць некаторым беларусам з дыяспары аддаваць дзяцей у «Падляшскі вянок», Аксана называе грашовае пытанне. Хоць заняткі ў ансамблі бясплатныя, бацькам усё ж прыходзіцца спансараваць яго дзейнасць.
Частка бюджэту калектыву складаецца з фінансавання ад Міністэрства ўнутраных спраў — у асноўным гэтыя сродкі ідуць на зарплаты. Строі для выступаў часткова аплачваюцца ў рамках праектаў, са сродкаў бюджэту Падляшскага ваяводства ці Нацыянальнага цэнтра культуры. Напрыклад, апошнія строі каштавалі 42 тыс. злотых, з іх 32 тыс. кампенсавалі грошы праекта.
— Але ў асноўным нас спансуюць бацькі, — прызнаецца беларуска. — Зараз мы бяром з бацькоў кожны месяц 60 злотых за арэнду памяшкання. Цяпер мы плануем паехаць на фестываль у Італію, і на дзіця трэба выдаткаваць 3 тыс. злотых. Гэта выдаткі на гатэль, транспарт, экскурсіі. І вось бацькі цэлы год збіраюць гэтыя грошы. Мы, канешне, шукаем спонсара, але бацькоўская квота ёсць.
За ўдзел у польскіх конкурсах, якія праводзяцца амаль штомесяц, бацькі плацяць ад 45 да 100 злотых за чалавека, танцавальныя боты на хлопца каштуюць 85-90 долараў, на дзяўчынку — 40 долараў. У гэтым годзе бацькі дадавалі на шыццё строяў па 250 злотых, таксама трэба плаціць і за іх перашыванне, бо дзеці растуць.
— Гэта такія звыклыя выдаткі проста на тое, каб выйсці на сцэну, — тлумачыць беларуска.
«Падляшскі вянок» ужо дарос да таго ўзроўню, калі яго запрашаюць на аплачваемыя канцэрты, хоць і не так часта, як хацелася б. Часам калектыў прывозіць грашовыя прэміі з фестываляў.
— Гэта вельмі важна, бо дзеці адчуваюць, што гэтыя грошы яны самі зарабілі, — падкрэслівае Аксана.
Матывуюць дзяцей і неграшовыя ўзнагароды на конкурсах. На іх падставе польскія ўлады штогод выпісваюць вучням прэміі. Напрыклад, у гэтым годзе 11 танцораў былі адзначаныя стыпендыяй маршалка Падляшскага ваяводства, а стыпендыю прэзідэнта Беластока за 2023 год атрымала ўся моладзевая група і вакалістка.
«Стараемся пачынаць з чагосьці польскага, а ўжо потым моцна б’ём па-беларуску»
У верасні плануецца ўрачыстае адкрыццё дзясятага юбілейнага сезона. Запланаваны сапраўды вялікі канцэрт.
Аксана падкрэслівае, што танцы «Падляшскага вянка» хоць і абапіраюцца на беларускую традыцыю і народную харэаграфію, але выконваюцца ў класічным сцэнічным варыянце.
Кожны год у ансамблі з’яўляюцца новыя нумары, і хоць асновай заўсёды былі і будуць беларускія танцы, у рэпертуары пачынаюць з’яўляцца прыклады сусветнай харэаграфіі. Напрыклад, пасля паездкі ў Грузію з’явіўся грузінскі рэпертуар, пасля Чэхіі — чэшская полька. Цяпер плануецца асвоіць венгерскі чардаш.
Таксама ў сваіх танцах «Падляшскі вянок» прэзентуе Польшчу. Асабліва гэта важна на міжнародных фестывалях і конкурсах. Беларуска адзначае, што сітуацыі, калі краіну прадстаўляюць танцоры з меншасці, зараз здараюцца даволі часта.
— Напрыклад, калі мы былі ў Грузіі, там быў турэцкі калектыў, які прадстаўляў грузінскую меншасць, — тлумачыць харэограф. — Але і яны, і мы абавязаныя прэзентаваць і краіну, адкуль прыехалі. Таму ў нас ёсць, напрыклад, польска-беларускі паланэз, мы таксама зрабілі ў беларускім стылі кракавяк. На конкурсах мы стараемся пачынаць з чагосьці польскага, каб падкрэсліць краіну, а ўжо потым моцна б’ём па-беларуску.
«Людзі, да якіх чапляецца танцавальная бацыла, заўсёды хочуць танцаваць»
Паводле слоў Аксаны, дзецям падабаецца займацца народнымі танцамі, хаця, каб зацікавіць імі сучасных дзяцей, трэба пастарацца. Адным з метадаў матывацыі харэограф называе сумесныя варштаты, калі вучні выязджаюць некуды на некалькі дзён, «закрываюцца ад усіх і працуюць ад рана да вечара». Так ствараецца асаблівая атмасфера еднасці.
— Я думала, што зараз моладзь не вельмі любіць усю гэтую беларускую традыцыю і фальклор, — працягвае Аксана. — Але не. Я бачыла, як мае хлопцы, якія часам непаслухмяныя, сядзяць сабе ў кутку і беларускія песні спяваюць. Так што тое, што мы ім даем, не праходзіць дарам. Наогул, людзі, да якіх чапляецца танцавальная бацыла, потым заўсёды хочуць танцаваць.
Беларуска кажа, што фальклор сёння становіцца модным. І трэба не баяцца яго спалучаць з нечым сучасным. Напрыклад, у некаторых карагодах «Падляшскага вянка» ёсць элементы культуры джазу, а ў будучым Аксана плануе паспрабаваць фолк-рок-спалучэнне.
— Некаторыя дзеячы мяне асуджаюць, маўляў, вашыя танцы
не традыцыйныя. Я кажу: і што? Яны маюць права быць. Гэта сцэнічная версія
традыцыйнага фальклору.