Раманы Сашы Філіпенкі выходзяць па-беларуску
Выдавецтва Gutenberg Publisher гэтай вясной выдае па-беларуску раманы Сашы Філіпенкі «Былы сын» і «Крэмулятар». На працягу красавіка кніжкі з‘явяцца ў продажы на сайце выдавецтва gutenbergpublisher.eu (з дастаўкай па ўсім свеце, апроч Расіі), а таксама ў афлайн-крамах Варшавы, Гданьска, Вільні і Беластока.
Самы першы раман пісьменніка — «Былы сын» — расказвае пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і 10 гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму распавесці, калі той ачуняе. Яна расказвае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць. І наступствы гэтага ляжання даганяюць, нават калі ажываеш і з’яўляецца надзея.
«Крэмулятар» — самы знакаміты раман Сашы Філіпенкі. Твор атрымаў прэстыжную французскую прэмію Trasnfuge як найлепшы еўрапейскі раман 2023 года.
Раман распачынаецца падзеямі 23 чэрвеня 1941 года, калі наступ нямецкай арміі запускае ў СССР чарговую хвалю барацьбы са шпіёнамі. Твор паглыбляе чытача ў атмасферу 1930-х гадоў і грунтуецца на матэрыялах следчай справы першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя Пятра Ільіча Несцярэнкі, праз паказанні і дзённікі якога можна прасачыць лёс чалавека на фоне знакавых падзей першай паловы ХХ стагоддзя: войнаў і рэвалюцыі, эміграцыі і вяртання ў СССР часоў тэрору. Аўтар даследуе ўнутраны свет чалавека, пастаўленага перад немагчымым выбарам.
Кнігі выходзяць у папяровым фармаце, а таксама будуць даступныя ў фармаце e-book.
Саша Філіпенка (нар. у 1984) — беларус з каласальным журналісцкім досведам. Ён публікуецца ў прэсе сусветнага ўзроўню і актыўна бароніць здаровы сэнс і чалавечнасць.
Раманы Сашы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы (і ў найбліжэйшых планах – карэйская). Яны напісаны па-руску, аднак сёлета былі пераствораныя па-беларуску.
*Перш чым везці гэтыя кнігі ў Беларусь, пераканайцеся, што гэта бяспечна.