15 гадоў трагедыі на Нямізе: «Нашае жыццё змянілася кардынальна»
30 траўня спаўняецца 15 гадоў трагедыі, якая здарылася ў падземным пераходзе мінскай станцыі метро «Няміга». 30 траўня 1999 года падчас піўнога фэсту ў цісканіне загінулі 53 чалавекі і 250 — у пераважнай бальшыні моладзь — былі траўмаваныя.
Родныя загіблых і па сёньня ходзяць па кабінэтах чыноўнікаў у спробе вырашыць праблемы і цяжкасьці, створаныя
ў іх жыцьці ў выніку трагедыі.
Бойкае месца
Месца трагедыі ў пераходзе на станцыі мэтро «Няміга» застаецца шумным, бойкім. Тут заўсёды шмат руху, гэта вядомае ў горадзе месца сустрэч моладзі. Асабліва было тут шматлюдна, калі побач, ля Палацу спорту, была арганізаваная зона гасьціннасьці пад час чэмпіянату сьвету па хакеі, і дзе, як і 15 гадоў таму, масава пілі піва.
Пра масавую гібель людзей на Нямізе сёньня нагадвае мэмарыяльны знак, усталяваны на месцы трагедыі: мармуровы помнічак у выглядзе капліцы зь імёнамі загіблых
і бронзавыя ружы на гранітных прыступках. Каля знаку ляжаць жывыя кветкі, але прачытаць надпісы прыпыняюцца хіба што толькі замежнікі. Тым не менш, пра трагедыю Нямігі многія
не забыліся:
Карэспандэнтка: «Мы зараз стаім пры ўваходзе на станцыю мэтро „Няміга“. Ці памятаеце што тут адбылося 15 гадоў таму?»
Спадар: «У траўні — ня памятаю якога года — тут было нейкае сьвята. І раптам — гром,
па-беларуску — навальніца. І моладзь рушыла сюды. А народу было гэтулькі, наштурхалася гэтулькі, што адзін другога падушылі. Ну і вось помнік стаіць
тым, хто загінуў».
Карэспандэнтка: «Што пра гэтую трагедыю можаце сказаць — ці можна было яе пазьбегнуць — як думаеце?»
Спадар: «Магчыма, што і можна было. Гэта ж трэба было арганізаваць, а не прадугледзелі ўсё. Ну падмачыліся бы — такой
бяды — не цукровыя, не расталі б. Але — як заўсёды — нашая непрадбачлівасьць».
Карэспандэнтка: «Калі вашыя дзеці-ўнукі ідуць на масавыя сьвяты, ці спакойныя вы за іх бясьпеку?»
Спадар: «Канечне, трэба перажываць. Бо хоць і час у нас адносна спакойны, але ўсялякае можа здарыцца».
Юнак: «Так, памятаю — сьвята піва тут было. Пачаўся град і людзі падушыліся».
Карэспандэнтка: «Ці вы зараз ходзіце на сьвяты і ці не баіцеся?»
Юнак: «Я ўвогуле падобных сьвятаў не люблю».
Юначка: У натоўп дакладна ня лезем — страшна».
Спадарыня: «Ня дай Бога нікому — вось усё, што я магу сказаць. Ня дай Божа гэтае зьведаць ніводнай маці».
Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, ці дастаткова ўшанавана памяць пра загіблых, ці патрэбна нагадваць пра гэтую трагедыю і ці ўсё зроблена, каб
ня здарылася падобнай?»
Спадарыня: «Я памятаю пра гэтую трагедыю, памятаю пра гэты дзень. Тут ёсьць мэмарыяльная дошка, думаю, што ў нас усё добра».
Пытаньні застаюцца да сёньняшняга дня
Мэмарыяльны знак на месцы трагедыі паўстаў у выніку намаганьняў бацькоў і сваякоў загіблых. Каб разам пераадольваць бюракратычнае супрацьстаяньне ўладаў і асобных чыноўнікаў, бацькі аб’ядналіся ў грамадзкую арганізацыю «Няміга-99». Але памяшканьне, якое тады бацькам выдзеліў Менгарвыканкам, неўзабаве было перададзенае Камітэту дзяржаўнага кантролю, а юрыдычна грамадзкую арганізацыю ліквідавалі з прычыны адсутнасьці юрыдычнага адрасу.
«Тым не менш, мы нікуды ня дзеліся, мы ёсьць, застанемся і надалей будзем ставіць перад уладамі пытаньні, якія яна мусіць вырашаць. А пытаньні
застаюцца і да сёньняшняга дня»,— кажа былая старшыня арганізацыі Натальля Навакоўская:
«Нас вельмі хутка ўсе забылі. І вось напярэдадні 10-годдзя трагедыі мы неяк ўзмацніліся духам: мы сустрэліся з Ціцянковым і ён быў вельмі
зьдзіўлены, што нас усюды ў штыкі сустракалі. А ў Ціцянкова там была дачка, але яна выратавалася — сышла раней, гэтаксама
як і ў судовага работніка Камароўскага, які з намі працаваў,— ягоны сын, таксама за 10 хвілін сышоў. Таму Ціцянкоў нас вельмі добра прыняў,
з разуменьнем да нашых праблем. Мы прасілі, каб нам помнікі парамантавалі, бо калі нам іх ставілі, то казалі: ой, гэта на вякі.
А выявілася, што яны маюць тэндэнцыю і ламацца, і разбурацца. А так жа, прыходзіш на прыём, а табе... Пайшлі нашы дзьве
жанчыны — у іх загінулі два дарослыя сыны, а ім гэтак наўпрост і кажуць, маўляў, няма чаго было хадзіць. Але ведаеце, як яны
рашаюць — вырашылі, а пасьля і забыліся. Праўда, нас абсьледавалі, і гэта вельмі непрыемная працэдура была. Да нас прыходзілі дадому
і перапытвалі: адкуль у вас тое ці гэта, а ці ёсьць у вас лецішча, а ці ёсьць у вас машына? Але ж гэта
ня вашая, а мая заслуга. Ну і пасьля гэтага абсьледаваньня вырашалі, ці мы ў стане аплаціць рамонт помніка ці нам трэба нешта
выдзяляць. Ну і вось у такім духу. Пасьля гэтага прайшло пяць гадоў і мы ізноў хацелі бы давырашаць нашыя пытаньні. Мы хацелі б, каб
бацькоў не забывалі і дапамагалі нам. Калі нам патрэбна парамантаваць помнік, які за пяць гадоў так і не парамантавалі, каб нам дапамаглі,
і мы не хадзілі і не выпрошвалі. Калі, да прыкладу, неабходна Рабаконь парамантаваць кватэру, каб ёй дапамаглі. Вось такія пытаньні
ў нас. Хачу таксама сказаць, што ў крыпце храма Ўсіх сьвятых ёсьць нашая памятная шыльда. Да прыкладу, магу сказаць, што калі здарыўся тэракт, то ўсе гэтыя службы,
кшталту ўправаў культуры і іншыя чыноўнікі, зьвярталіся да нас і перапытвалі, як і што мы рабілі, а пасьля зрабілі ўсё дакладна, як мы.
І калі мы гадамі хадзілі і ўсё гэта „прабівалі“, то ім зрабілі самі і нават хутчэй, чым нам».
Натальля Навакоўская кажа, што хоць зрэдку, але па-ранейшаму кантактуе з іншымі бацькамі і сваякамі загіблай моладзі. Жыцьцё кожнай сям’і пасьля трагедыі
зьмянілася назаўсёды:
«Кардынальна жыцьцё зьмянілася. Гора — яно паўсюль гора. Вось, да прыкладу, бачу здымак і думаю — а вось зараз яна была б
ужо іншай, прыйшоў дзень народзінаў — думаю — было б гэтулькі. Бачу сябровак ці аднакласьніц — тое самае. Зараз слухаеш гэтыя
заклікі і дзівуесься — нараджайце, нараджайце... А тых, хто нарадзіліся,— не берагуць. Людзей трэба шанаваць і берагчы. А так, гэткае
стаўленьне... Як жа мы памятны знак рабілі? Праз нашую хадзьбу, ды якую — паседжаньні, рашэньні, ой.... Казалі, маўляў, усюды будзем ставіць, дзе
гінуць людзі? Але ж гэта масавая гібель людзей. Таксама ёсьць такая думка, каб горад даглядаў крыху помнікі на могілках, бо бацькі старэюць, паміраюць. Да прыкладу,
на Нямізе мы дамагліся, каб прыбіралі, бо не маглі вырашыць ці то мэтрапалітэн, ці гарадзкія службы мусяць прыбіраць. Бо людзі
не зьвяртаюць увагі, бацькі мне тэлефануюць: ізноў там ногі задзіраюць шнуркі завязваюць, „бычкі“ кідаюць. Ну што ты зробіш? Такая культура ў нас.
Таксама, каб крыху бацькам дапамагалі, бо людзі паміраюць і некаторыя застануцца адны. Каб чалавек адчуваў, што ён не адзін, што яго падтрымліваюць, памятаюць пра тое,
якая ў ягоным жыцьці была трагедыя».
Рэха трагедыі на Нямізе. Фоты розных гадоў
Вінаватых не знайшлі, высноваў не зрабілі
Па факце гібелі людзей была распачатая крымінальная справа, аднак вінаватых улады не знайшлі. Галоўным вінаватым у трагедыі быў фактычна быў прызнаны «зьбег абставінаў». Было таксама канстатавана, што начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзела масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін нядбайна выконвалі свае службовыя абавязкі, але асуджаныя міліцэйскія чыноўнікі не былі. Родныя ахвяраў таксама неаднаразова зьвярталіся ў суды з пазовамі да гарадзкіх уладаў, міліцыі, піўзаводу «Аліварыя» радыёстанцыі «Мір» і кампаніі «Клас-клуб ДК», аднак гэтыя пазовы не былі задаволеныя.
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву»Алег Воўчак мяркуе, што ўлады ня толькі не панесьлі адказнасьці за трагедыю, але
і не зрабілі зь яе належных высноваў:
«Тады Менгарвыканкам прымаў нейкія рэзалюцыі па бясьпецы, але мы бачым, што папойкі ў цэнтры горада працягваюцца. У прыватнасьці чэмпіянат сьвету па хакеі — і на ўзбочынах і ўсюды — чаго толькі не было. Ізноў жа — побач праежджая частка, рака, сталы — і гэткае зборышча людзей! Па эўрапейскіх мерках, калі праводзяцца такія буйныя імпрэзы, яны па-першае ў цэнтры горада не дазваляюцца. Альбо цалкам перакрываюцца аўтадарогі і ствараюць адмысловыя ўмовы. Я дакладна ведаю, што ніколі не вітаецца расьпіцьцё сьпіртовых напояў людзьмі ў масавай колькасьці. Таксама паводле нашай арганізацыі, павінен быць адмысловы статус тых людзей, якія пацярпелі. І па выніках гэтай трагедыі, і па выніках трагедыі ў мэтро людзі павінныя быць прыроўненыя да ахвяраў тэрарызму і ім павінна выплачвацца адпаведная кампэнсацыя. Бо дзяржава абавязаная забясьпечваць бясьпеку грамадзян».
Штогод у гадавіну масавай гібелі людзей на Нямізе ў менскім Свята-Духавым катэдральным саборы праводзіцца памінальная служба, а таксама адбываецца хросны ход
на месца трагедыі: сьвятароў, сваякоў загіблых і ўсіх неабыякавых людзей.