Андрэй Стрыжак: «Будзем рабіць усё што заўгодна, каб знайсці грошы і дапамагчы людзям»
Фонд BYSOL, што дапамагае рэпрэсаваным беларусам, збірае грошы на лета для дзяцей беларускіх палітвязняў. Паразмаўлялі з кіраўніком фонду Андрэем Стрыжаком пра тое, каму беларусы дапамагаюць найбольш ахвотна, ці хопіць нашай салідарнасці для перамогі і чаму надзвычай істотна дарыць радасць дзеткам, чые бацькі сёння за кратамі.
— Спадар Андрэй, як узнікла ідэя арганізаваць збор для
дзяцей палітвязняў і чаму менавіта гэты збор вы лічыце надзвычай істотным?
— Збіраць грошы на падтрымку дзетак палітвязняў мы пачалі ад самага пачатку працы фонду. Але тады палітвязняў былі сотні, а не тысячы, як сёння, таму наш рэсурс дазваляў спакойна закрываць патрэбы сем’яў, што пацярпелі ад рэжыму. Зараз, канечне, гэтых людзей значна больш.
Першы збор, які мы арганізавалі менавіта для дзяцей, быў калядны — збіралі грошы на падарункі дзецям палітвязняў. Пасля мы зразумелі, што ёсць яшчэ як мінімум два няпростыя перыяды для сем’яў, што апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы пасля рэпрэсій — першага верасня, калі дзеткі ідуць у школу і павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, і ўласна летні перыяд.
Акцыю «Падары дзіцёнку палітвязня лета» мы пачалі праводзіць з мінулага года. Думаю, менавіта ў дзяцінстве людзі атрымліваюць вельмі шмат канцэнтраванай інфармацыіі пра свет, які іх атачае. Таму, калі дзіцёнак згубіў адзін дзень лета — ён згубіў дзень радасці і шчасця, які мог стаць базай у яго развіцці як асобы. Падтрымліваць дзяцей палітвязняў надзвычай істотна. Іх бацькі далёка, але ў нашых сілах паспрабаваць падарыць гэтым дзецям хоць кропельку радасці.
Гэта акцыя вельмі папулярная. Мы атрымалі 265 заявак ад сем’яў палітзняволеных, за кожнай такой заяўкай стаіць дзіцёнак. На сёння мы апрацавалі 99 заявак, гэта значыць, што 99 дзяцей атрымаюць дапамогу гарантавана. Але застаюцца яшчэ 166.
У нашых планах сабраць усю неабходную суму, як мы рабілі гэта ў мінулая гады. Таму, спадзяюся, усе дзеткі атрымаюць дапамогу ад фонду BYSOL.
— На сайце фонду пазначана, што ў мінулым годзе сума, якую атрымаў кожны дзіцёнак на летні адпачынак, склала 200 еўра. Чаму гэтым разам вы вырашылі пазначыць суму ў 100 еўра?
— У мінулым годзе мы атрымалі значна менш заявак — 119, таму мелі магчымасць падрымаць сем'і больш адчувальна. Гэтым разам разумелі, якая дынаміка: і на калядную акцыю адгукнулася значна больш сем’яў, і на вераснёвую. Каб сёння кожны з дзяцей, якія гэтага патрабуюць, атрымалі па 100 еўра, сабраць суму не надта проста, бо гэта 26 500 еўра. На сёння маем 10 800. Таму падобныя змены абумоўлены толькі рэальнымі магчымасцямі поля, у якім мы працуем.
— Гэтыя грошы атрымаюць дзеткі палітвязняў, якія знаходзяцца ў Беларусі ці за мяжой?
— Мы атрымалі заяўкі як ад тых бацькоў, чые дзеці знаходзяцца ў Беларусі, так і ад тых, хто знаходзіцца за мяжой. Больш з гэтай нагоды нічога сказаць не магу.
— 100 еўра на кожнага дзіця будуць вылучаны на канкрэтныя мэты — гурток ці лагер…?
— Як вырашыць сям’я. Грошы могуць быць выдаткаваны на ўсё што заўгодна — альбо дзіцячы цэнтр, альбо квіток да бабулі ці ролікавыя канькі… На што людзі палічаць патрэбным.
— На сёння, за 15 дзён збору, атрымалася сабраць 10 800 еўра. Як вы ацэньваеце гэты тэмп?
— Гэта нармальны тэмп. Нам, калі можна так сказаць, пашчасціла трапіць на 21 траўня — дзень падтрымкі беларускіх палітвязняў. Гэта дастаткова моцна павысіла цікаўнасць да збору дзякуючы нашым інфапартнёрам. Сабраная сума ўжо дастаткова сур’ёзная, мы набліжаемся да паловы. У ідэале спадзяемся скончыць збор да 1 чэрвеня — дня абароны дзяцей, гэта было б прыгожа. Але калі не паспеем, будзем збіраць столькі, колькі трэба.
— Магчыма, была нейкая гісторыя з 265 заявак ад сем’яў палітвязняў, якая вас асабліва эмацыйна закранула?
— Гора кожнай канкрэтнай сям’і палітвязня ўспрымаецца востра. Бывае, што жанчыны нараджаюць дзяцей, а бацька ўжо за кратамі, бо мужа пасадзілі, калі жонка была цяжарнай. Можаце ўявіць сабе, якая гэта нагрузка, якія клопаты. Таксама атрымліваем заяўкі ад шматдзетных сем’яў, дзе і па пяць, і па шэсць дзетак... Таму вылучыць адну гісторыю складана.
На сем’і палітвязняў ускладаецца вельмі сур’ёзная фінансавая нагрузка. Часта за краты трапляе адзіны кармілец. Мы ўсе, вядома, імкнемся да раўнапраў’я, але спраўды шмат беларускіх сем’яў жывуць у такім фармаце, калі працуе толькі муж, а жонка даглядае дзяцей, асабліва ў малых гарадах, у вёсках. І можаце сабе ўявіць становішча жанчыны, муж якой трапляе за краты, а яна застаецца з дзецьмі адна. Калі ёсць сваякі, вядома, крыху лягчэй. Але бывае, што няма абсалютна ніякай падтрымкі. Так што пра палітвязняў трэба памятаць не толькі 21 траўня, але заўсёды. Бо гэта тысячы людзей, якія сядзяць абсалютна ні за што, якіх пакаралі за выказванне думак і меркаванняў, за адстойванне свайго выбару і непрыняцце гвалту.
— Агулам беларусы больш ахвотна данацяць на персанальныя зборы ці на агульныя, шырокія?
— Данат — гэта заўсёды эмоцыя. Калі параўнаць сітуацыю ў 2020-м і 2023-м, за гэтыя тры гады вельмі моцна змяніўся ўзровень успрыняцця людзьмі чужога гора.
Можа, гэта прагучыць цынічна, але звычайна данаты добра ідуць на дапамогу сем’ям тых людзей, якіх ужо няма, альбо на нейкія надзвычай жорсткія, публічныя, ключавыя гісторыі… На агульныя зборы людзі таксама данацяць, але ў гэтых варунках нам даводзіцца прыкладаць значна больш высілкаў, рабіць інфармацыйныя кампаніі. На жаль, сённяшняе інфармацыйнае поле настолькі ўзвысіла планку ўспрыняцца трагедыі, што людзі часта ўжо не адгукаюцца на боль, які перажываюць сем’і палітвязняў. Але гэта не значыць, што ўсё скончылася, што мы нічога не можам сабраць. Дзякуй усім нашым сталым данатарам і новым людзям, якія да нас прыходзяць. Думаю, сама па сабе мадэль беларускай салідарнасці нікуды не падзелася, яна працуе.
— Ці дапускаеце вы, што катастрафічная сітуацыя, якую маем сёння ў Беларусі, зацягнецца, што беларусы стомяцца падтрымліваць чужое гора, бо засяродзяцца на вырашэнні асабістых побытавых праблем?
— Гісторыя паказвае, што мы не першыя ў такой сітуацыі — напрыклад, палякі на чале з Лехам Валенсам чакалі амаль 10 гадоў. Сапраўды, трэба разумець, што гэта марафон, але не на 42 кіламетры — ніхто не ведае, колькі нам яго бегчы.
Істотна тое, што я бачу людзей, якія бягуць побач, якія таксама разумеюць, што гэта доўгі трэк, што трэба няспынна працаваць, дапамагаць. Так, гэта не тая вялізная хваля падтрымкі, якая была ў 2020 годзе, але працуем з тым рэсурсам, які маем. Ёсць дастаткова сур’ёзная падтрымка інстытуцыянальных, міжнародных структур, якія цікавяцца сітуацыяй у Беларусі і ўключаюцца ў яе.
Так што агулам я выказваю асцярожны аптымізм. Нам ёсць з чым працаваць, нічога не спынілася.
— Спадар Андрэй, а што асабіста вам дазваляе не страчваць запалу, працуючы з дабрачыннай дапамогай?
— Атрымліваецца, што я ўжо 23 гады працую ў гэтым сектары, усё сваё свядомае жыццё. Неяк ужо, ведаеце, там, дзе трэба, мазалі нацёрліся. Напрацаваўся досвед таго, як спраўляцца з цяжкімі сітуацыямі, як у нашым рытме не зляцець з катушак, скажам так. Сапраўды, гэты бывае няпроста, але ёсць пэўныя рэчы, якія мне даюць сілы, дакладней, не рэчы, а людзі.
— Ці дагэтуль беларусы больш данацяць на падтрымку Украіны?
— Трагічнасць гэтай сітуацыі ў тым, што наша падтрымка Украіны, якая была вельмі моцнай на пачатку поўнамаштабнай вайны, істотна знізілася. Гледзячы па зборах BYSOL, зараз мы маем толькі недзе 10% ад таго, што было раней. Справа ў тым, што Лукашэнка і імідж, які ён стварае сёння для Беларусі, жудасна ўплывае на імідж незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Таму з боку ўкраінцаў часта гучаць абвінавачанні наконт саўдзелу ў агрэсіі ў адрас усіх беларусаў, хаця гэта зусім не так.
Ёсць і іншая праблема, звязаная з тым, што частка нашых данатараў расчараваліся ў сістэме дапамогі агулам. Людзі любяць дзеянні, якія вядуць да хуткіх перамен, але ў беларускім кейсе хуткіх перамен пакуль чакаць не даводзіцца. Зараз мы можам толькі затыкаць дзіркі, ратаваць сваіх. Зразумела, некаторыя думаюць, маўляў, ну колькі можна гэтым палітвязням дапамагаць, зноў нейкія там прысуды, зноў далі сто гадоў на пецярых… Людзі ўжо прызвычаіліся да гэтага, на жаль. Але далёка не ўсе. Таму ёсць людзі, якія дагэтуль фінансава падтрымліваюць Украіну, ёсць людзі, якія падтрымліваюць беларускія зборы — і ў прынцыпе ўсё гэта разам працуе.
— Наколькі вядома, грошы на дапамогу байцам ва Украіне ад фонду BYSOL вылучаюцца прынцыпова не на ўзбраенне, а на сродкі абароны, транспарт і падобныя рэчы. Чаму вы прытрымліваецеся такой пазіцыі?
— Мы дабрачынны фонд, зарэгістраваны ў Еўразвязе. Таму мы проста не можам займацца ані зброяй, ані танкамі, самалётамі ці гелікоптарамі. Гэта не наш профіль. Ёсць іншыя структуры ў той жа Літве, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі і займаюцца закупкай смяротнай зброі.
Мы вылучаем грошы на падтрымку медыкаў, на сродкі сувязі, сродкі назірання і абароны — як вайсковай, так і медычнай. А наступальная альбо смяротная зброя — не, мы гэтым не займаемся.
— Значыць, на байрактар збіраць не будзем?
— Разумееце, я практык і проста ведаю, што мы на яго не збяром. Лепш ставіць перад сабой дасягальныя мэты і сапраўды дасягаць іх.
— Як вы лічыце, ці развілася агулам у беларускім грамадстве культура данатаў, матэрыяльнай дапамогі, альбо нам усім ёсць куды імкнуцца?
— Узровень падтрымкі і ўзаемнай салідарнасці ніколі не быў такім высокім, як сёння, у найноўшай гісторыі дык дакладна. Унутры Беларусі зарубілі ўсе магчымасці арганізаваных збораў, але людзі ўсё роўна дзейнічаюць на нізавым узроўні — самі знаходзяць сем’і палітвязняў, самі іх падтрымліваюць. Не публічна, малымі групамі, але падтрымліваюць.
І з гэтых людзей, якія сёння складаюць базавую сістэму салідарнасці, у будучыні вырастуць новыя лідары. Так што тут я таксама аптыміст нягледзячы на тое, што мы зараз перажываем адзін з самых чорных часоў нашай гісторыі.
— Ці маглі б вы сказаць некалькі слоў пра тое, наколькі бесперабойна сёння працуе ваша сістэма эвакуацыі людзей з краіны?
— Яна працуе. На сёння ўсе дадатковыя абежаванні, якія ўводзяцца, не ўплываюць значна на гэту працу.
Але вось літаральна днямі адбылася гісторыя: чалавек выехаў з Беларусі, атрымаў гуманітарны статус у іншай краіне і час ад часу вяртаўся ў Беларусь. У выніку даездзіўся. Да нас звярталіся па дапамогу, каб неяк яго вывезці з краіны, але пакуль мы распрацоўвалі план, чалавек апынуўся за кратамі. Гэта не ўнікальная сітуацыя, такіх шмат. Я звяртаюся да чытачоў — калі ласка, думайце галавой, калі вы штосьці робіце. Рэжым будзе шукаць і знаходзіць усіх, хто спрабаваў прымаць хоць нейкі ўдзел у пратэсце, і будзе лупіць гэтыя тэрміны налева і направа, таму што прадстаўнікі рэжыму ведаюць: ад таго, колькі насадзіш людзей, залежыць, наколькі хутка расце зорка на пагонах. Гэта для іх абсалютная матывацыя рабіць сваю «працу» лепш, адлаўліваць як мага больш. Таму не будзьце ў ілюзіях, думаючы, што калі вы з’ехалі ў 2020-м, у 2023-м можаце спакойна вярнуцца, павырашаць пытанні з кватэрай ці пабачыць старых бацькоў. На жаль, мы не можам гэтага зрабіць. Кожны з нас у небяспецы, нават калі чалавек толькі аднойчы выйшаў, дзесьці засвяціўся на камерах — гэта ўжо склад злачынства на сёння, па меркаваннях улады.
Так што не даводзьце да такіх сітуацый, а калі ёсць патрэба ў дапамозе, эвакуацыі — так, наша служба працуе, можна звяртацца.